Нечакана: хлебазавод пячэ хлеб, торты і …шые пледы

by ZB

У iнтэрнеце мы выпадкова знайшлі такую абвестку: “Брагінскі філіял Хойніцкага хлебазавода вырабляе швейныя вырабы ў асартыменце. Пасцельная бялізна, пледы, ручнікі”. Спачатку мы падумалі, што гэта нейкая памылка, але не. Элементарны запыт у iнтэрнэце адразу выдаў свежую публікацыю з “Хойніцкіх навінаў” за сакавік гэтага года пад назвай: “Мясцовая вытворчасць: што робяць на хлебазаводзе – торты, пірожныя і нават пледы”.


У чым падвох і якім чынам так атрымалася – зразумець складана. Усё ў тым жа матэрыяле загадчыца вытворчасці Валянціна Раманенка без усялякага здзіўлення і тлумачэнняў паведамляе, што “плюшавыя пледы на хлебазаводзе шыюць мясцовыя майстрыхі”.

Мы паспрабавалі знайсці ўсяму гэтаму нейкае лагічнае тлумачэнне. Падумалі: жыццё зараз нялёгкае, эканоміка ў дрэнным стане, а выжываць неяк трэба. Мажліва, на хлебазаводзе скарацілі частку людзей, а памяшканне, якое вызвалілася, здаюць у арэнду пад швейны цэх? Але далей у тым самым матэрыяле гаворыцца: “На прылаўку фірмовай крамы «Каравай» убачыла (маецца на ўвазе карэспандэнтка мясцовай газеты – Рэд.) выкладзеныя пірожныя, торты, свежы хлеб, упакоўкі наразнога багета. А паблізу роўным радком выстраіліся рулецікі плюшавых пледаў, покрывак, наборы пасцельнай бялізны і кухонных ручнікоў”.
І гэта значыць, што, паводле версіі кіраўніцтва Хлебакамбіната, тэкстыль – такая ж фірмовая прадукцыя хлебазавода, як і хлеб з пірожнымі.

Канец матэрыялу шыкоўны і наводзіць на яшчэ больш думак:
“У хуткім часе ў швейным цэху пачнуць адшываць і коўдры. Будзем трымаць вас у курсе. Жадаеце набыць свежую і духмяную прадукцыю? Прыходзьце ў “Каравай”. Здаецца, пледы і пасцельная бялізна вытворчасці Хойніцкага хлебазавода (напэўна ж там і на этыкетцы пазначаны вытворца) рызыкуюць стаць аднымі з самых арыгінальных палескіх сувеніраў. Дорыце вы чалавеку плед. Ён вам: “Які цудоўны, дзе такія шыюць”. А вы: “Плюшавыя рулецікі пледа – гонар нашага мясцовага хлебазавода”!

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png