У Гомелі затрымана 200 непаўналетніх. Гэта афіцыйныя звесткі, якія агучыў ТГ-канал “МВД Беларусі”. Нібыта затрыманыя належаць да субкультуры “ПВК Р’ёдан”. “Штодзень” паспрабаваў разабрацца, што гэта было.
Дадзена: паўмільённы Гомель, дзе з 2020-га года не спыняюцца рэпрэсіі. Горад у плане любой актыўнасці – выпаленая зямля. Усе падлеткавыя флешмобы ў гэты перыяд арганізоўваюцца праўладнымі БРСМ ці школьнымі настаўнікамі і прысвечаныя патрыятызму і Вялікай Айчыннай вайне. І тут раптам аднекуль за адзін дзень у гандлёвым цэнтры “Сакрэт” з’яўляюцца падлеткі 13-18 год, якія нібыта збіраюцца адпомсціць нейкім офнікам. Прычым, хто такія офнікі ды і самі “ЧКВ Р’ёдан”, уяўляюць мала і самі ўдзельнікі тэматычных тг-каналаў. Бо часам сярод плыні вельмі брудных каментароў пад пастамі ў каналах ПВК “Р’ёдан” некаторыя і задаюцца пытаннем, а хто яны такія?
Самае цікавае, падлеткі ў Гомелі збіраюцца ў адной кропцы за адзін дзень. Заклікі прыйсці ў гандлёвы цэнтр з’яўляюцца толькі 27 лютага. Да гэтага аднамомантна ствараюцца тэматычныя паблікі ў тэлеграме і ЦікТоку, прысвечаныя ПВК “Р’ёдан”, якія з’яўляюцца аматарамі анімэ. То бок да гэтага за любы няправільны лайк сілавікі ўрываліся ў кватэры і затрымлівалі арганізатараў. А тут ствараюцца аднамомантна паблікі субкультуры, якая ўжо негатыўна сябе выявіла спачатку ў Расеі, а потым ва Украіне. Менавіта там ужо адбыліся масавыя бойкі з удзелам прыхільнікаў “ПВК Р’ёдан”. І на гэта сілавыя структуры Гомеля аніяк не рэагуюць. Ці яны занятыя паляваннем апанентаў улады, што не заўважылі небяспечную субкультуру? Ці не хацелі заўважаць?
Дарэчы, калі ва Украіне каналы, якія раскручвалі субкультуру “Р’ёдан”, ужо заблакаваныя. То ў Гомелі іх стала толькі болей. Калі 27 лютага было 4 каналы, то 28-га ўжо 8!
Па-другое, пытанне, а каго затрымлівалі сілавікі 28 лютага ў гомельскім гандлёвым цэнтры? Раней на месцы падзей прысутнічалі і маглі разабрацца ў тым, што адбываецца, незалежныя журналісты. Аднак цяпер рэдакцыі разагнаныя, журналісты – у эміграцыі ці ў турме. Інфармацыя пра затрыманых паступіла з дзвюх крыніц. Першая – гэта непасрэдна самі паблікі, створаныя да гэтага вельмі падазрона ў адзін момант і адразу з вялікай колькасцю праглядаў і каментароў (пры 500 падпісчыках было ўжо больш за 11 тысяч каментароў пад адным з пастоў з пагрозамі). Другая – гэта афіцыйны паблік МУС Беларусі. І да першых, і да другіх даверу малавата. Каго менавіта затрымалі 28 лютага ў гандлёвым цэнтры? Можа, гэта проста наведнікі ці проста цікаўныя былі. Улічваючы размах рэпрэсій, наўрад ці бацькі затрыманых будуць скардзіцца на сілавікоў.
Пры спробе адказаць на пытанне “Навошта ўсё гэта трэба”, прыходзіць пакуль што тры варыянты. Першы: кантроль. Чамусьці ўзгадваецца, як у 1970-х гадах у Савецкім саюзе першыя рок-клубы стваралі непасрэдна самі супрацоўнікі КДБ. Другая – традыцыйна спрабуюць адвесці ўвагу ад чагосьці больш важнага. Трэці – спроба нівеляваць здабыткі 2020-га года.
Дарэчы, сваю версію наконт “ПВК Р’ёдан” агучылі і ўкраінскія праваахоўнікі. На старонцы Паліцыі Кіеўскай вобласці адзначаецца, што “штучны распаўсюд дадзенай субкультуры з’яўляецца інфармацыйна-псіхалагічнай аперацыяй РФ. Мэта – выкарыстоўваць дзяцей для дэстабілізацыі ўнутранай сітуацыі”.