Паэтка Наста Кудасава напісала пра свае невясёлыя думкі пра радзіму. На сваёй старонцы ў фэйсбуку яна разважае пра тое, ці магчымая пабудова здаровага грамадства ў Беларусі.
Час ад часу праз усе муры далятаюць паўнамёкамі навіны з радзімы. І зноў робіцца вусцішна. Самае балючае, канечне, гэта ўсведамленне, як жа многа тых, хто гатовы радавацца чужому гору, даносіць на суседзяў і выслужвацца, каб з радасцю найхутчэй заняць месца, вызваленае ад “ворагаў народу”. Не ведаю, ці магчыма будзе ўвогуле ў бліжэйшыя гады пабудаваць здаровае грамадства на нашай тэрыторыі, нават пасля вызвалення. Бо часам такое адчуванне, што вызваляць нікога і не трэба, ім і так добра, яны так жывуць і будуць жыць далей, а мы – проста нейкі нешматлікі неканкурэнтаздольны падвід чалавека, які мусіць вымерці, бо не маем зубоў і яду.
Канечне, гэта часовыя думкі, яны потым пройдуць, але, мабыць, не беззваротна, штосьці светлае затухае ў душы пакрысе…
Гэты верш я напісала на развітанне, едучы ў маршрутцы з Рагачова ў Гдыню, яшчэ ў жніўні 2022 г., і публікаваць нідзе не збіралася. Мне не падабаецца ягоны настрой і інтанацыі. А цяпер падумала, усё ж хай будзе, для гісторыі, не хочацца хлусіць сабе ні ў чым.
На гэтым вусцішным маршруце
для шчасця больш няма прычын.
А вы – працягвайце, шчыруйце,
прадаўцы, здрайцы, стукачы,
рупліўцы подласці, паяцы…
Ідзіце па маёй зямлі!
Люляйце ў вашых ліпкіх пальцах
мае лясы, мае палі.
Ужо і слёзы мне абрыдлі –
душа ваўком глядзіць з прарэх.
Я здань бяздомная.
Я прывід.
Я цень ля вавілонскіх рэк.