Гомельскія лабутэны, альбо шкодная міфатворчасць

by ZB

У апошні час актыўна абмяркоўваецца ідэя стварэння гарадской легенды. Адзін з прапанаваных варыянтаў гомельскага брэнда – чабатар. Маўляў, жыў некалі ў Гомелі майстар, які шыў боты, марыў пра ўласную вытворчасць, дзякуючы ягоным намаганням узнікла адпаведная артэль, ад яе нібыта і пачалася гісторыя фабрыкі “Труд”.

У тым, што такой легенды ніколі не існавала ў гомельскім фальклоры, мо і няма нічога дрэннага. Адзін з самых вядомых еўрапейскіх гарадскіх брэндаў – гномы ва Уроцлаве – таксама быў з нуля створаны напрыканцы ХХ ст. Але там, дзе спрацавалі гномы, хутчэй за ўсё, чабатар не спрацуе. Патлумачым чаму.

Фота: pl.wikipedia.org

  • Гномы – зборная назва. Можна бясконца ствараць новыя выявы ці скульптуры гномаў у розных выглядах. Чабатар – гэта канкрэтны персанаж. Можна намаляваць яго седзячы-стоячы, фас-профіль – і ўсё. Немагчыма растыражаваць аднаго і таго ж героя па ўсім горадзе, гэта хутка надакучыць.
  • Гномы выклікаюць прыемныя ўспаміны аб дзяцінстве, калі на ўвесь свет мы глядзелі, як на казку. Якія эмоцыі выклікае чабатар? Ніякіх. Бо большасць гомельцаў (і турыстаў таксама) ніколі не набывалі боты індывідуальнага пашыву. Адзіная асацыяцыя – няўклюдыя савецкія кіёскі “рамонт абутку”, ды і яны ўжо амаль зніклі з гомельскіх вуліц.

Карціна украінскага мастака Яўгена Лунёва “Чабатар”
Крыніца: violity.com

  • Усе разумеюць, што гномы – фантазія. Але навошта змешваць прыдуманага чабатара з гісторыяй рэальнага прадпрыемства? Гісторыю трэба вывучаць, даследваць, а не прыдумляць.
  • Гномаў можна памясціць на любы тавар: кубкі, пакеты, харчаванне і г.д. І турысты ахвотна гэта купяць, бо гномаў усе любяць. Ці шмат асоб пажадае насіць цішотку з чабатаром?

Хтосьці можа паспрачацца: маўляў, брэнд горада ў асобе нейкай прафесіі не трэба ўвасабляць у малюнках ці статуэтках. Патрэбна наняць актора, які будзе выконваць ролю чабатара, як гэта робіць, напрыклад, ліхтаршчык у Брэсце. Сапраўды, у горадзе над Бугам прыдумалі цікавую легенду: штодня “гарадскі брэнд” запальвае і гасіць ліхатры на пешаходнай вуліцы. Зразумела, што ліхтары даўно ўжо электрычныя і не патрабуюць фізічнай працы, але ўсе з задавальненнем глядзяць гэтае шоу. Але чым можа займацца чабатар? Рабіць выгляд, што шые боты? Бо сапраўды майстраваць абутак ён не будзе – той, хто здольны выконваць такую рамесную працу, не пойдзе ў акторы, а калі б і пайшоў, куды потым гэты абутак падзець?

Калі б ужо выбіраць у якасці брэнду прафесіянала, то чаму не самы вядомы “гомельскі кравец” Лазік Ройтшванец? Не трэба нічога прыдумляць. Пашыў вопраткі на замову дагэтуль існуе, можна было б адчыніць атэлье, якое і рэальную вопратку стварала б, і ладзіла шоў. Дарэчы, у 2029 г. персанаж Іллі Эрэнбурга адзначыць 100-годдзе. Можна было б прымеркаваць да гэтай даты адкрыццё помніку і папулярызацыю вобраза.

Не ўлічвае легенда пра чабатара і білінгвізм краіны. Па-руску словы “сапог” і “сапожнік” аднакарэнныя, можна брэндзіраваць нейкія боцікі. У беларускай мове абутак завецца “бот”, а прафесія майстра – “чабатар” (значная частка слоўнікаў падае гэты выраз выключна як рэгіянальны) ці “шавец” (большасць пераблытае гэтую прафесію з “краўцом” і не зразумее, чаму рэкламуецца бот, а не вопратка). Гульні слоў “сапог-сапожнік” не атрымоўваецца. Ды й як менаваць фабрыку – “Труд” ці “Праца”? Звычайна назву гэтага прадпрыемства не перекладаюць.

Прыцягненне ў гарадскі брэнд вышэйузгаданага прадпрыемства – спрэчнае пытанне. У гарадскую легенду абутак можна ўплятаць у Лідзе – кеды мясцовай вытворчасці маюць шмат прыхільнікаў па ўсёй Беларусі і за мяжой. Далучаць да гарадскога брэнда прадпрыемства, тавары ягога большасць гараджан ніколі не набывала, як мінімум, дзіўна. Бо вырабы ад “Труд” – гэта не лабутэны ці пікалінас. Гэта працоўны абутак.

Магчыма, у такім абутку камфортна працаваць. Але на гарадскі брэнд гэта зусім не падобна. Крыніца: oaotrud.by

Нават само прадпрыемства не рызыкнула размясціць абутак на ўласным лагатыпе. Тут можна пабачыць нешта сярэдняе паміж пеўнем і лісой. А што вы бачыце на гэтым малюнку? Пішыце ў каментарыях.

Лагатып ААТ “Труд”. Крыніца: belarusinfo.by

Такім чынам, стварэнне гарадской легенды з асобы – задача складаная. Таму часцей за ўсё брэндам горада становяцца жывёлы (бобр у Бабруйску, казёл у Познані, мядзведзь у Берліне і г.д.). У Гомелі была спроба ставрыць брэнд горада з рысі, але сапраўднай папулярнасці гэты сімвал не займеў. Яно і не дзіўна. Большасць гомельцаў ніколі ў жыцці не бачыла сапраўдную рысь. Гэта не коцікі ці сабачкі, на якіх мы глядзім з пяшчотай і замілаваннем. Гэта суворы драпежнік. Адзіная гістарычная прывязка – наданне герба Беліцы расейскімі ўладамі падчас прымусовага знаходжання беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі – не ідзе вобразу рысі ў плюс.

Калі казаць пра жывелу, то сапраўдным сімвалам Гомеля з’яўляюцца вавёркі (якія сустракаюцца не толькі ў цэнтральным парку, але і ў іншых раёнах). Пакарміць вавёрак – слынны гомельскі атракцыён, добра вядомы як тутэйшым, так і турыстам. Але чамусьці легенды, звязанай з вавёркамі, у нас пакуль не ўзнікла.

“Усе могуць крытыкаваць, а самі што вартае прапанаваць можаце?..” Мы пачулі цябе, бурклівы чытач, і прапануем свой варыянт таго, што магло б легчы ў аснову гарадскога брэнда.

Рэзьбяны дэкор дома па вул. Пралятарскай. Крыніца: nashkraj.info

Сапраўды, што можа быць больш адметнага і выразнага ў Гомелі, чым драўляная архітэктура? Найбольш дэкараваную яе частку – аздабленне вокнаў – можна з лёгкасцю зрабіць гарадскім брэндам. А легенду можна прыдумаць хоць для кожнай вуліцы ў прыватным сектары.

Ліштвы могуць мець бясконцую колькасць варыянтаў дэкору і колераў. Іх можна размяшчаць на любых рэчах (папяровы кубачак з кавай, адбітак на перніку, пакет для падарункаў) ці тыражаваць у графіці на сценах па ўсім горадзе. Магніты з дрэва, якія змяшчаюць міні-фотарамку, а звонку замыкаюцца, як гомельскія вокны – цудоўны падарунак, які можна прывезці з падарожжа. Маленькія крамы ці кавярні могуць прыгожа аздобіць свае вокны рэзьбяным дэкорам і быць ў трэндзе. Нават само слова “ліштва” можна выкарыстоўваць як брэнд – адметнае, гучнае.

Стварэнне гарадскога брэнда, заснаванага на нейкай легендзе, – добрая ідэя. Спадзяемся, яна будзе ўсё ж рэалізавана належным чынам і стане сапраўднай цікавосткай для турыстаў і крыніцай натхнення для гомельцаў.

Штодзень 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png