“Няхай у вашай хаце заўжды будзе, што даці!” Як на Гомельшчыне святкуюць Каляды

by ZB

“Штодзень” сабраў для вас сведчанні фалькларыстаў, сябраў ліквідаванай уладамі краязнаўчай арганізацыі “Талака” і культурных дзеячаў пра тое, якія маюцца асаблівасці святкавання Калядаў у нашым рэгіёне.

Каб у гэтай хаце елася, пілася і яшчэ хацелася

Шчодры, калі мы звычайна чакаем, што да нас у дзверы пагрукацца калядоўшчыкі, — гэта толькі адзін з элементаў Калядаў. Гэта рытуалы і абрады, якія ў нашым рэгіёне адбываюцца з 13 на 14 студзеня.

Каляды – гэта дні, калі трэба было чымсьці падзяліцца, бо ты падзелішся нечым добрым і добрае да цябе і вернецца

Можна вызначыць тры асноўныя этапы на Каляды – тры куцці. З першай, галоднай куццёй звязанае Раство. Спевы пра Хрыста і хаджэнне з зоркай адбываліся на Раство, калі людзі ўслаўялі нараджэнне Хрыста. Другі этап – Васілле. Звязаны з архаічнай традыцыяй калядавання і шчодраў, калі людзі пераапраналіся ў нейкіх персанажаў ці жывёл. Рэпертуар песень на Каляды – самы розны. Аднак амаль паўсюдна былі зычанні, калі людзям жадалі дарабыту ў полі, сям’і і ў хаце. Напрыклад, жадалі падобнае: “каб у гэтай хаце елася, пілося і яшчэ хацелася.

Сябры гомельскай “Талакі” выпраўляюцца шчадраваць. Архіўнае фота. Аўтар: Яўген Меркіс

Трэці этап на Каляды – гэта Вадохрышча, сумесь хрысцінскага і язычніцкага: купанне як ачышчэнне ад грахоў і умыванне як ачышчэнне ад чагосьці старога. І, канешне, самая таямнічая ноч — на Вадохрышча, калі дзячаты пачыналі варажыць.

Хто такія калядоўшчыкі?

Калядоўшчыкі – не проста людзі, а пасланцы Бога. Тыя, хто прыносяць радасць, дабрабыт. Ёсць нават легенды, што сам Бог прыходзіць на Каляды, але ніхто не ведае ў вобразе каго ён прыйдзе: дзяцей, бабулькі ці яшчэ каго. Небяспечна было не пусціць любога чалавека, бо гэта мог быць сам Бог.

Лічылася, калі калядоўчышкі ў нейкі дом не зайшлі, то нічога добрага ў гэтым доме не будзе. Людзі хацелі, каб калядоўшчыкі прыйшлі. Нашыя продкі верылі, што пажаданні калядоўшчыкаў здзейсняцца. Нездарма калядоўшчыкі, калі прыходзілі ў хату, то гаварылі: “Ідзём з далёкага краю, з-пад самага раю.” Каляды – гэта дні, калі трэба было чымсьці падзяліцца, бо ты падзелішся нечым добрым і добрае да цябе і вернецца.

Калядаванне “Талакі” на Цэнтральным рынку ў Гомелі. Гандляры звычайна дзеляцца з калядоўшчыкамі пачастункамі і грашыма, каб наступны год прайшоў пад знакам поспеху і дабрабыту.

Каза – гомельскі Фенікс

У народнай традыцыі Каляды святкавалі з казой, якая з’яўляецца вельмі архаічнай традыцыяй. Каза – сімвал ураджаю, дабрабыту, новага году. Каза перыядычна памірае, як стары год і ўсё аджылае, а потым адраджаецца ў новым жыцці. Калядоўшчыкі звычайна гаварылі, калі каза памірала: “Каб каза ўстала, трэба даць ёй кусок сала. А яшчэ піражэчкі казе на ражэчкі.” А ў калядных спевах маюцца радкі: “Дзе каза топ-топ, там жыта сем коп.”

Штодзень 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png