HomelDays_Logo_Main-mobil

У Варшаве ўшануюць памяць гомельскага пісьменніка Уладзіслава Ахроменкі

14 лістапада ў Варшаве адбудзецца акцыя памяці беларускага пісьменніка, сцэнарыста і журналіста Уладзіслава Ахроменкі. Сёлета споўнілася восем гадоў з дня яго смерці.

Пра сустрэчу паведамляе Bellit.info. Яна пройдзе ў суботу, 14 лістапада, а 13:00, у дабрачыннай фундацыі “Дар лёсу”, якая месціцца ў будынку касцёла Святога Аляксандра на plac Trzech Krzyży ў Варшаве.

Уладзіслаў Ахроменка

Уладзіслаў Ахроменка нарадзіўся 29 студзеня 1965 года ў Гомелі. Працаваў у жанрах дэтэктыву, трылера і альтэрнатыўнай гісторыі. Разам з Максімам Клімковічам быў адным з пачынальнікаў беларускага кінарамана.

Літаратурны дэбют Ахроменкі адбыўся ў 1988 годзе: яго апавяданне надрукаваў часопіс “Бярозка”. Сярод кніг пісьменніка — “Тэорыя змовы” і “Музы і свінні”. У суаўтарстве з Клімковічам выйшлі “Здані і пачвары Беларусі”, “Янкі, альбо Астатні наезд на Літве”, “Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша”. Разам яны напісалі і п’есу “Русалка Камсамольскага возера”.

Асобным кірункам працы Ахроменкі стала даследаванне сталінскіх рэпрэсій. У апошнія гады жыцця ён вывучаў дакументы савецкіх карных органаў у Чарнігаве і Кіеве. Доступ да ўкраінскіх архіваў спецслужбаў дазваляў аднаўляць гісторыі людзей, якіх пераследавалі, катавалі і знішчалі.

Вынікам гэтай працы стаў цыкл перадач “На ўліку КДБ” на Радыё Рацыя. Праз канкрэтныя справы і чалавечыя лёсы аўтар распавядаў шырокай аўдыторыі пра механізмы савецкага тэрору.

Праца з гэтымі дакументамі давалася яму цяжка. У адным з інтэрв’ю Ахроменка згадваў сваё першае наведванне архіва былога КДБ і справу беларускага вайскоўца Коршыца, якога катавалі пасля даносу:

У мяне было ўражанне такое, прабачце, што сядзеў у трупярні з нейкімі муміямі чэкісцкімі. Чытаў з імі даносы.

Пра гэты бок дзейнасці пісьменніка Штодзень распавядаў у матэрыяле да гадавіны яго смерці ў 2022 годзе.

Уладзіслаў Ахроменка памёр 9 лістапада 2018 года, пасля цяжкага інфаркту падчас працоўнай камандзіроўкі. Яму было 53 гады.

Штодзень

Слайдар пастоў