HomelDays_Logo_Main-mobil

Генерал, якога баяліся бальшавікі. Як Булак-Балаховіч спрабаваў здабыць Беларусь са зброяй у руках

У лістападзе 1920 года войска Станіслава Булак-Балаховіча прарвала бальшавіцкі фронт на Палессі, заняло Мазыр і Калінкавічы ды рушыла ў кірунку Рэчыцы. На вызваленай тэрыторыі ваяры ўздымалі беларускія сцягі, стваралі нацыянальныя вайсковыя часткі і абвяшчалі беларускую ўладу. Гэта была адна з найбольш маштабных узброеных спробаў вырваць Беларусь з-пад улады Масквы. Аднак у масавай памяці ад яе часта застаюцца толькі словы, падабраныя акупантамі-пераможцамі: “бандыт”, “авантурыст”, “пагромшчык”.

Конная выведка групы Станіслава Булак-Балаховіча. Берасце, 1920

Станіслаў Булак-Балаховіч — адна з найбольш абалганых асобаў беларускай гісторыі XX стагоддзя. Ягоная біяграфія поўная супярэчнасцяў, а палітычныя павароты дазваляюць знаходзіць аргументы і прыхільнікам, і праціўнікам генерала. Але за гэтымі спрэчкамі губляецца істотнае: ён меў войска, умеў перамагаць і паспрабаваў выкарыстаць сваю вайсковую сілу дзеля беларускай дзяржаўнасці.

Палескі паход дазваляе ўбачыць Беларусь 1920 года краінай, за якую змагаліся і самі беларусы. Іхныя магчымасці былі абмежаваныя, саюзнікі — ненадзейныя, а параза ўрэшце стала рэальнасцю. Аднак, прынамсі, спроба была. З канкрэтнымі гарадамі, вайсковымі часткамі, палітычнымі рашэннямі і людзьмі, якія за яе заплацілі жыццём. Важнае сведчанне пра падзею пакінуў Станіслаў Ліс-Блоньскі — польскі афіцэр сувязі пры войску генерала, аўтар кнігі “Балахоўцы”.


Генерал, які меў рэальныя перамогі

У гісторыі беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя хапае дэкларацыяў, зваротаў і спробаў атрымаць міжнародную падтрымку. Значна менш выпадкаў, калі палітычнае патрабаванне незалежнасці падмацоўвалася ўласнай баяздольнай сілай.

Беларускія партызаны ў 1920-м. Фота: Вікіпедыя

 

Слуцкі збройны чын стаў адным з такіх выпадкаў. Сфармаваная пад уладай абранай Рады Случчыны беларуская брыгада каля месяца змагалася з бальшавікамі. Пры гэтым гаворка ішла пераважна пра баі ў ваколіцах Слуцка і ў памежнай паласе, а не пра шматмесячнае ўтрыманне самога горада. Балаховіч дзейнічаў у іншым маштабе. За ім стаяў досвед вялікай вайны і камандавання злучэннямі, здольнымі наносіць адчувальныя ўдары па Чырвонай арміі.

Яшчэ 26 верасня 1920 года ягоныя аддзелы ўзялі Пінск. Паводле польскага гісторыка Казімежа Краеўскага, у палон трапілі каля 2400 чырвонаармейцаў, сярод трафеяў былі сотні вагонаў вайсковай маёмасці і забеспячэння. Гэта быў канкрэтны вынік ваеннай аперацыі, які сведчыў пра здольнасці камандзіра і ягонага войска. Таму, калі пасля польска-савецкага перамір’я генерал вырашыў працягваць барацьбу, гэта быў крок чалавека, які ведаў смак перамогі. Ён меў падставы разлічваць, што яшчэ адзін прарыў можа змяніць становішча.

Праз Палессе — як нож праз масла

У пачатку лістапада 1920 года войска Балаховіча рушыла на ўсход. Асноўны наступ разгортваўся ўздоўж Прыпяці. Петрыкаў, Калінкавічы, Мазыр сталі пунктамі ягонага імклівага прасоўвання.

На першым этапе балахоўцы сапраўды ішлі як нож праз масла: ламалі абарону, бралі палонных, захоплівалі важныя населеныя пункты. 10 лістапада быў заняты Мазыр. Далей адкрываўся рэчыцкі накірунак, а за ім — Дняпро. Ліс-Блоньскі пісаў, што войска Балаховіча сваімі перадавымі часткамі дайшло да Дняпра, а на паўночным кірунку пры дапамозе партызанска-дыверсійных аддзелаў дасягала Бабруйска. Гэта сведчанне ўдзельніка дазваляе адчуць размах падзеяў.

З Рэчыцай сітуацыя таксама патрабуе дакладнасці. Ліс-Блоньскі паведамляе пра яе здабыццё. Іншыя крыніцы гавораць пра наступ на горад і падыход да яго. Асобныя даследчыкі выкарыстоўваюць больш стрыманую фармулёўку “армія падышла да Рэчыцы”. Для гісторыі Гомельшчыны гэта істотна. Узброеная спроба стварэння незалежнай Беларусі разгортвалася на тэрыторыі сучаснага Гомельскага Палесся і набліжалася да Дняпра. Мазыр, Калінкавічы і рэчыцкі накірунак былі часткай гэтага змагання. Гомель можна разглядаць у кантэксце далейшай перспектывы прасоўвання на ўсход. Аднак нават дасягнутага маштабу дастаткова, каб гаварыць пра сур’ёзную ваенную аперацыю.

Чаму гэта частка беларускай вайсковай гісторыі

Войска Балаховіча было шматнацыянальным. У ім служылі беларусы, расейцы, украінцы, палякі, грузіны, армяне і прадстаўнікі іншых народаў. Частка жаўнераў прыйшла з іншых арміяў, у тым ліку з Чырвонай. Людзі мелі розныя палітычныя перакананні і розныя ўяўленні пра будучыню. Але гэта не адмяняе прысутнасці ў ім беларускіх нацыянальных фармаванняў і беларускай палітычнай мэты.

Ліс-Блоньскі называе адну з двізіяў фактычна беларускай. У кнізе ён піша: “Другую пяхотную дывізію можна было б назваць Беларускай дывізіяй”.

Далей ён згадвае 1-шы Мінскі пяхотны полк пад камандаваннем палкоўніка Мікошы і асобны беларускі батальён колькасцю каля 700 штыкоў. Таксама аўтар паведамляе пра дзве беларускія партызанскія групоўкі — са Слуцка і ваколіцаў ды з Мінска і ваколіцаў. Разам яны, паводле ягоных звестак, налічвалі каля тысячы чалавек. Асабліва выразнае ўражанне на яго зрабіў беларускі аддзел капітана Хведашчэні, які ў пачатку лістапада прыйшоў у Кажан-Гарадок:

“З пункту гледжання баявога духу і дысцыпліны аддзел выглядаў уражальна. Мелі свой сцяг, свой невялікі духавы аркестр”.

Ліс-Блоньскі дадаваў, што гэты батальён нічым не адрозніваўся ад рэгулярных частак і пакінуў у яго найбольш пазітыўнае ўражанне ў параўнанні з іншымі падобнымі фармаваннямі. Беларусы тут выступаюць арганізаванай вайсковай сілай: са сваімі камандзірамі, сцягам і дысцыплінай.

Беларускі афіцэр Цімох Хведашчэня. Фота: Вікіпедыя


Тураў: беларуская прысяга


Тураў стаў адным з сімвалічных цэнтраў паходу. Паводле апісанняў падзеяў, 7 лістапада 1920 года тут адбылася ўрачыстасць пад бел-чырвона-белым сцягам, падчас якой Балаховіч абяцаў працягваць змаганне за вызваленне Беларусі. Сімволіка ў такой сітуацыі мела практычнае значэнне. Яна адказвала на пытанне, якую ўладу павінна было прынесці войска на занятую тэрыторыю. Беларускі сцяг над аддзеламі і абвяшчэнне беларускай палітычнай мэты азначалі, што краіна магла стаць самастойным суб’ектам. Яе будучыню спрабавалі вызначаць людзі, якія называлі яе сваёй радзімай і мелі сілу бараніць гэтае права. Сам Балаховіч прыходзіў да беларускай дзяржаўнай ідэі складаным шляхам. Ягоная ранейшая служба і саюзы не дазваляюць апісаць усю біяграфію як паслядоўнае ажыццяўленне адной нацыянальнай праграмы. Аднак у лістападзе 1920 года беларускі праект стаў часткай ягоных публічных дзеянняў і загадаў.

Палітычную праграму генерал умеў выкласці простымі, амаль салдацкімі словамі. Ліс-Блоньскі прыводзіць ягоную адозву да насельніцтва Беларусі, якую распаўсюджвалі і сярод чырвонаармейцаў:

“Памятайце, што я народны правадыр, таму народу няма чаго баяцца! Я змагаюся не за царскую ці панскую Расею, а за зямлю і хлеб для ўсяго народа, за новую ўстаноўчую асамблею! Я не дапускаю гвалту і рабункаў! Я змагаюся за сапраўдную свабоду для ўсяго народа. Я хачу спыніць братазабойчую барацьбу, а для гэтага трэба разбіць Чырвоную армію і адпусціць яе па дамах”.

У гэтай адозве Балаховіч гаварыў з людзьмі пра найбольш зразумелае: зямлю, хлеб, свабоду і магчымасць вярнуцца дадому. Так ён спрабаваў перацягнуць на свой бок і тых, хто стаяў насупраць яго са зброяй.

Мазыр: спроба ператварыць перамогу ў дзяржаву

У Мазыры ваенны поспех паспрабавалі ператварыць у палітычны вынік. Ад 12 лістапада Балаховіч выдаваў акты, накіраваныя на стварэнне беларускай дзяржаўнасці, абвясціў сябе “начальнікам Беларускай дзяржавы”. 14 лістапада з’явіўся загад пра фармаванне беларускай нацыянальнай арміі з беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Паралель з Юзафам Пілсудскім, які быў начальнікам Польскай дзяржавы, тут напрошваецца сама па сабе. Балаховіч спрабаваў спалучыць вайсковае кіраўніцтва з роляй заснавальніка новай дзяржаўнай улады.

Ліс-Блоньскі паведамляе, што 16 лістапада ў Мазыры быў створаны ўрад Беларускай Рэспублікі. Ён называе кіраўніка ўрада і міністраў: Мечыслава Адамовіча, Паўла Аляксюка, Радаслава Астроўскага, палкоўніка Бяляева, Юзафа Сянкевіча. На наступны дзень быў распаўсюджаны маніфест да беларускага народа. Такім чынам, гаворка ішла пра спробу стварыць інстытуты: урад, войска, сістэму палітычных рашэнняў і адносінаў з насельніцтвам. Гэта яшчэ не азначала паўнавартаснай, прызнанай дзяржавы. Мазырскі праект таксама нельга аўтаматычна атаясамліваць з усімі структурамі БНР: беларускі палітычны рух быў расколаты, а паўнамоцтвы генерала выклікалі спрэчкі. Аднак сама дзяржаўная задума была рэальнай.

Характэрна, што Ліс-Блоньскі тлумачыў паводзіны камандзіра і ягоным беларускім паходжаннем:

“Паколькі правадыр арміі, генерал Булак-Балаховіч, быў родам з Беларусі, большасць жаўнераў і афіцэраў ягонай арміі змагалася, маючы глыбокую веру ў правадыра і слушнасць ягоных дзеянняў”.

Гэта словы прыхільнага сведкі, але яны выразна паказваюць, што беларускую сувязь генерала бачылі ўжо сучаснікі.


Беларуская незалежнасць і расейскія планы

Слабасць войска Балаховіча хавалася ўнутры яго самога. Адны ягоныя ўдзельнікі хацелі незалежнай Беларусі. Іншыя бачылі ў Палессі плацдарм для паходу на Маскву і аднаўлення Расеі. Пакуль трэба было біць бальшавікоў, гэтыя мэты маглі суіснаваць. Калі паўставала пытанне беларускай дзяржаўнасці, супярэчнасці выходзілі на паверхню. Расеец Барыс Савінкаў быў важным палітычным партнёрам генерала. Але для беларускага нацыянальнага руху ягоная расейская перспектыва стварала праблему. Незалежная Беларусь не абавязкова ўпісвалася ў планы людзей, якія змагаліся за будучую Расею. Пра канфлікт гаварылі самі ўдзельнікі беларускага руху. На Пражскай нацыянальна-палітычнай нарадзе 1921 года гучалі сцвярджэнні, што Савінкаў арыентаваўся на Маскву і не даў неабходнай падтрымкі беларускай справе. Адначасова іншыя прамоўцы рэзка крытыкавалі і самога Балаховіча.

Чаму прарыў скончыўся паразай

Польская дзяржава ўжо выбрала перамір’е. Паўднёвы антыбальшавіцкі фронт разбураўся. На тэрыторыі Беларусі маштабнага паўстання, здольнага падмацаваць наступ, не адбылося. Чырвоная армія сцягвала сілы, а стракатаму войску генерала ўсё цяжэй было захоўваць адзінства і забеспячэнне.

Ліс-Блоньскі бачыў у некаторых аддзелах манархічныя і камуністычныя ўплывы. Ён пісаў, што частка злучэнняў хацела далучыцца да барона Урангеля, а частка людзей падчас адступлення не вярнулася разам з асноўнымі сіламі. Ягоная заўвага пра савецкую тактыку асабліва істотная: праціўнік скарыстаўся момантам, калі генерал адарваўся ад значнай часткі свайго войска, і не дазволіў падзеленым сілам своечасова злучыцца. Такім чынам, хуткасць, якая спачатку забяспечвала поспех, пры змене становішча стала небяспекай. Перадавыя часткі ішлі наперад, але ўтрымаць заняты абшар было значна цяжэй. Наступ вычарпаўся. Пачалося адступленне, а затым — пераход на польскі бок і раззбраенне.

За вонкавай сілай хавалася небяспечная адзінота. Ліс-Блоньскі апісаў яе амаль фізічна:

“У шэрагах ягонай арміі, як я ўжо казаў, было нявесела. Армія, хоць і няблага экіпіраваная, адчувала сябе самотнай, ідучы наперад”.

Гэтае адчуванне кантраставала з імклівым пачаткам паходу. Наступ працягваўся, але за плячыма ўжо не было вялікага фронту саюзнікаў. Сам аўтар успамінаў тлумачыў, што Балаховіч разлічваў на працяг барацьбы Урангеля на поўдні Расеі. Калі гэты разлік разбурыўся, палескае войска засталося сам-насам з праціўнікам, які мог сцягваць супраць яго ўсё большыя сілы.

Пагромы: цяжкая частка гісторыі


Балаховічу закідалі бандытызм і антысемітызм. Савецкая прапаганда выкарыстоўвала гэтыя абвінавачанні, каб дыскрэдытаваць яго і саму ідэю незалежнага ад Масквы ўзброенага змагання. Паводле краязнаўцы Уладзіміра Лякіна, пагромы сапраўды адбыліся ў Тураве, Петрыкаве і Мазыры, асабліва пацярпела габрэйскае насельніцтва Мазырскага і Рэчыцкага паветаў. Спасылаючыся на звесткі “Евобщесткома”, ён паведамляе пра больш як 300 забітых толькі ў Мазырскім павеце. Пры гэтым войска Балаховіча было надзвычай разнастайным паводле складу і матывацыі: побач з беларускімі нацыянальнымі аддзеламі служылі былыя белагвардзейцы, палонныя чырвонаармейцы і людзі, якіх аб’ядноўвала перадусім вайна. Лякін асобна вылучае 3-ю Волжскую дывізію генерала Яраслаўцава як фармаванне, што вызначылася пагромамі і рабаваннямі. Такая стракатасць і слабая дысцыпліна абмяжоўвалі кантроль камандуючага над асобнымі часткамі. Таму прыпісваць кожнае злачынства асабістаму загаду Балаховіча няма падставаў, хоць пытанне ягонай адказнасці за дзеянні падначаленых застаецца. Тым больш выразны кантраст з абвешчанай палітыкай: паводле таго ж Лякіна, Балаховіч і Беларускі палітычны камітэт гарантавалі габрэям роўныя правы, а іхныя прадстаўнікі атрымалі большасць пасадаў у гарадскіх органах улады Мазыра.


Вораг, пра якога Масква не забывала

Параза не зрабіла генерала бяспечным для савецкай улады. Паводле гісторыка Казімежа Краеўскага, яшчэ падчас вайны бальшавікі прызначылі ўзнагароду за яго галаву, а пасля 1920 года патрабавалі ад Польшчы выдаць Балаховіча. Калі атрымаць генерала ў свае рукі не ўдалося, у ход пайшлі дыверсанты. 11 чэрвеня 1923 года ў засадзе на дарозе Гайнаўка — Белавежа загінуў ягоны брат і паплечнік Юзаф. Краеўскі звязвае забойства са спробай савецкіх дыверсантаў здзейсніць замах на самога Станіслава.

Трагедыя закранула і іншых сваякоў. Гісторык Яанна Гяроўская-Калаўр, абапіраючыся на матэрыялы Цэнтральнага вайсковага архіва Польшчы, паведамляе пра чатырнаццаць ахвяраў у найбліжэйшай сям’і Балаховіча. Сярод названых ёю — муж сястры Юзаф Эйсмант, забіты ў Свянцянах, Ян Аршаляк, расстраляны ў Маскве, і яшчэ адзін сваяк расстраляны ў Тыфлісе. Сястра Людвіка з сынамі знікла без вестак; паводле прыведзеных даследчыцай звестак, прынамсі адно дзіця загінула.

Змаганне працягвалася і ў сферы памяці. Савецкая прапаганда замацоўвала за Балаховічам вобраз бандыта і крывавага атамана, выціскаючы з аповеду беларускую дзяржаўніцкую мэту ягонага паходу. У 1929 годзе “Белдзяржкіно” выпусціла стужку “У агні народжаная”, дзе генерала сыграў Барыс Феадосьеў. У “Вугле падзення” 1970 года яго ўвасобіў Юрый Дзядовіч. Вобраз ваеннага праціўніка працягваў жыць на экране праз дзесяцігоддзі пасля саміх падзеяў.

Да гэтай тэмы звярнулася і Рыжская кінастудыя: у фільме “Дотык” (Pieskāriens, 1973), прысвечаным Яну Фабрыцыусу, Балаховіча сыграў Канстанцін Піліпенка. А ў тэлефільме “Мірнае лета 21-га года…” з цыкла “Дзяржаўная мяжа”, знятым у 1980 годзе, пасляваеннае антысавецкае ўзброенае падполле паказвалі праз звыклую схему барацьбы чэкістаў з польскай выведкай і белаэмігранцкімі фармаваннямі.

Гэтая настойлівасць паказальная. Генерала ўжо даўно не было сярод жывых, але савецкая сістэма працягвала ваяваць з ягоным вобразам. Чалавек, які спрабаваў вырваць Беларусь з-пад улады бальшавікоў, павінен быў застацца ў памяці выключна злачынцам. Для ягонай беларускай дзяржаўнай задумы ў гэтым сцэнары месца не пакідалі.


Шанец, якім Беларусь не здолела скарыстацца

Ці магла перамога Балаховіча даць беларусам міжваенную дзяржаву?  Хоць утрыманне Мазыра і далейшыя поспехі не гарантавалі міжнароднага прызнання, стабільнага ўрада ці адзінства беларускіх палітычных сілаў, але яны маглі стварыць тое, чаго нацыянальнаму руху востра бракавала: тэрыторыю пад уласным кантролем і войска, з якім мусілі б лічыцца. Менавіта таму Палескі паход варты значна большага месца ў беларускай памяці. Тут беларуская дзяржаўнасць на кароткі час атрымала ўзброеную апору. Тураў стаў месцам нацыянальнай прысягі, Мазыр — спробай стварыць дзяржаўную ўладу, а беларускія палкі і батальёны — яе магчымым войскам. Балаховіч не быў бездакорным героем. Але адмаўляць яму ў месцы сярод беларускіх нацыянальных вайсковых дзеячаў азначала б прымаць чужое права вызначаць, каго нам памятаць. Палескі паход — частка славы беларускай зброі і адначасова гісторыя страчанага дзяржаўнага шанцу. Ён скончыўся паразай. Аднак гэта была параза людзей, якія паспрабавалі змяніць лёс краіны. У будучай незалежнай Беларусі Станіслаў Булак-Балаховіч заслугоўвае належнай ацэнкі — за рашучасць, вайсковы талент і спробу здабыць ёй месца на палітычнай мапе. Са сваімі супярэчнасцямі і цяжкімі пытаннямі, але і з той заслугай, якую не перакрэсліць ні савецкім фільмам, ні словам “авантурыст”. Ён спрабаваў зрабіць Беларусь дзяржавай. Са зброяй у руках.

Штодзень
Фота: Вікіпедыя

Слайдар пастоў