HomelDays_Logo_Main-mobil

Гамяльчане скардзяцца на заляпаныя машыны. Гэта так пафарбавалі тэлевышку

Гаспадары машынаў, якія паркаваліся ў цэнтры Гомеля, прачнуліся з галаўным болем: іх машыны былі заляпаныя. Кароткае раследванне паказала, што праблема ў абнаўленні тэлевышкі, фарбу разнесла на паўкіламетры.

Ілюстрацыйнае фота

“Гомель, цэнтр — што адбывалася ўначы, што ўсе машыны ў белую кропку, нібыта іх цалкам пафарбавалі з фарбапульта. Усе машыны ў двары — ці то ў фарбе, ці то ў будаўнічай вапне”, – паскардзілася ў сацсетках Г.П.

У каментарах згаджаюцца: суседзі таксама скардзяцца. У сваю чаргу ініцыятарка апытання нават выклікала міліцыю і даведалася пра вінаватых.

“Фарбуюць вышку. У нас так фарбавалі цэх: пры вышыні 6–8 метраў на 250 м вакол запэцкалі машыны. Шкло можна пачысціць лязом… з кузава гэта або змыецца за 10–15 мыек, або спатрэбіцца дэтэйлінг — але толькі пасля таго, як дафарбуюць”, – выказаў версію А. Паводле яго, карыстацца пры такім пашкоджаннях шкла дворнікамі нармальна не атрымаецца.

З ім згадзілася аўтарка допісу: “Я звязалася з падрадчыкамі, будзем пісаць заяву ў міліцыю, каб вырашыць гэтае пытанне. Машыны ў жахлівым выглядзе, на мыйцы гэта не адмываецца. Чысціць лязом нятанную машыну — такое сабе задавальненне”.

“Вось адразу зразумела без тлумачэнняў, што здарылася. У нас гадоў 10–15 таму, ужо не памятаю калі, так машыну пафарбавалі, бо абнаўлялі вышку”, – дадала А.

Паводле жыхароў Гомеля, у раёне цырка, сквера і лялечнага тэатра вісяць аб’явы з просьбай не паркавацца, бо на тэлевышцы будуць весціся малярныя работы.

Але ёсць нюанс: машына аўтаркі стаяла ў двары яе дома на Карла Маркса: “Цяпер гэта іх (падрадчыкаў) вялікая праблема і мой галаўны боль”.

Штодзень

Слайдар пастоў