Пра змены ў маршруце 25 і 25а паведаміла прапагандысцкае выданне. З 24 жніўня гэтыя аўтобусы зноў паедуць у Медгарадок. На іх адмену скардзіліся медыкі, якім рашэнне ўладаў ускладніла жыццё.
Прапагандысты называюць змены эксперыментам. Але факт застаецца фактам, з ліпеня па амаль канец жніўня аўтобусы 25 і 25а не даязджалі да Медгарадка.
Вось што пра гэта пісалі медыкі: “Сказаць, што я ў шаленстве, — нічога не сказаць! Раніца сёння была нядобрай, а ўсё таму, што «Гомельаблпасажыртранс» вырашыў правесці эксперымент з маршрутамі № 25 і 25а, а дакладней — змяніць канчатковы пункт маршруту. Цяпер ён едзе не да прыпынку «Медгарадок», а да прыпынку «Сонечная»!”
На маршруце таксама з’явяцца два новыя аўтобусы — № 25Б і № 25В. Аўтобус № 25Б будзе курсіраваць паміж “Сонечнай” і аўтобусным паркам № 6. У будныя дні прадугледжана 19 рэйсаў, у выхадныя — 9. Маршрут № 25В злучыць “Сонечную” і “Завод самаходных камбайнаў”. У апошняга куды большая частотнасць, чым у тых, якія едуць да “Медгарадка”: у будні дні па ім будзе выконвацца 78 рэйсаў, у выхадныя — 65.
Але і гэта не ўсё. Лёс рэйсаў да “Медгарадка” да канца невядомы. Эксперымент працягнецца да 31 жніўня ўключна. У гэты час улады будуць аналізаваць пасажырапаток, пасля вырашаць лёс маршруту №25 канчаткова.