У Гомелі не плануецца правядзенне святочных агульнагарадскіх дзіцячых мерапрыемстваў па-беларуску. Усе гарадскія афішы — на расейскай мове. Нават Гомельскі абласны драматычны тэатр, які падрыхтаваў спектакль са шматабяцальнай назвай “Коляда, Коляды, отворяй ворота” — таксама па-расейску. Арганізатары абяцаюць на спектаклі шмат калядных песень. Аднак, відаць, усе калядкі таксама будуць па-расейску. І гэта пры тым, што на Гомельшчыне дагэтуль фіксуюцца каляды з вельмі цікавым абрадавым напаўненнем. Аднак Гомельскія абласны драматычны тэатр усё роўна глядзіць у бок расейскіх традыцый.
Гомельскі дзяржаўны лялечны тэатр, баючыся, відаць, што іх не зразумеюць па-беларуску, таксама рыхтуе мерапрыемства па-руску. Падчас спектакля “Площадь картонных часов” абяцаюцца савецкія Дзеда Мароз і Снягурка. І гэта пры тым, што калісьці тэатр лялек ладзіў выдатны калядны спекталь па-беларуску. У грамадска-культурным цэнтры збіраюцца паказаць дзецям “Вовка-морковка и волшебные часы”. І зноў па-расейску, з расейскім пушкінскім героем царом Дадонам і з савецкімі Дзедам Марозам, Снягуркай. Таксама ў грамадска-культурным цэнтры па Ланге прапаноўваецца тэатралізаванае прадстаўленне з роставымі лялькамі “Большая новогодняя елка”. Зразумела, па-расейску. Тут, праўда, арганізатары абяцаюць чароўныя падзеі ў ЛЕГА-сіці. Спадзяемся, арганізатары дамовіліся з кампаніяй “ЛЕГА” на выкарыстанне пазнавальнай назвы “ЛЕГА-сіці”, на сваім уласным прыкладзе паказаўшы дзецям, што варта паважаць аўтарскія правы.
У Гомельскім лядовым палацы спорту збіраюцца паказаць лядовыя шоу “Бременские музыканты на льду”. І зноў па-расейску. Прычым у афішы выкарыстоўваюцца героі савецкага мультфільма “Брэменскія музыкі”, хоць першапачаткова гэта казка нямецкіх лінгвістаў братоў Грым. І адпраўляюцца героі зусім не ў савецкі які-небудзь горад, а ў нямецкі Брэмен.
Разгром грамадскага сектара, прадстаўнікі якога ладзілі хаця б камерныя калядныя мерапрыемствы, пакінуў гомельскіх дзяцей увогуле без беларускамоўных прадстаўленняў. А рэпрэсіі ў дачыненні да беларускіх выдавецтваў пазбавілі маленькіх беларусаў яшчэ якаснай і цікавай святочнай літаратуры.