У гомельскіх крамах прадаюць імітацыю тварагу

by ZB

У апошні час на рынках і ў крамах з фермерскім мясам з’явіўся тлусты (ад 19 да 33%) тварог.

Кансістэнцыя, водар, смак – на належным узроўні. Адно толькі здзіўляе – як такі прадукт можа прадавацца па 7–8 руб. за кг, калі самы танны 9% тварог каштуе 8,40 руб.? Усё проста: робіцца ён не з сапраўднага, а з сухога малака. Калі запытацца ў прадавачак, ніхто не хлусіць, усе шчыра кажуць, што гэта імітацыя. Самыя дабрасумленныя нават адлюстроўваюць гэта на цэнніках. Ды толькі пакупнікі, на жаль, не прызвычаеныя чытаць уважліва ці пытацца аб нечым.

Ці ёсць істотная розніца паміж тварагом са свежага і з сухога малака? Тэарэтычна сухое малако павінна, хай і ў меншай колькасці, захоўваць кальцый, калій, фосфар, магній, дзякуючы якім тварог лічыцца карысным прадуктам. Калі б было выкарыстана выключна сухое малако, вяршкі, вада ды закваска, такім тварагом можна было б смела харчавацца. Але паколькі фасуецца “хатні” выраб у кропках продажу, складнікаў, тэрмінаў прыдатнасці і інфармацыі аб вытворцы на ўпакоўцы няма. Таму ёсць рызыка, што вяршкі заменены транс-тлушчамі, у якасці загушчальніка выкарыстана мука і г.д.

Дык ці можна набываць гэты прадукт? Калі вы шукаеце тварог для здаровага харчавання, каб насыціць арганізм карыснымі рэчывамі без залішняй нагрузкі на страўнік, трымайцеся як мага далей ад такой ежы. Выбірайце тварог вядомых вытворцаў, які робіцца з звычайнага малака і закваскі і захоўваецца толькі некалькі дзён.

Але зусім іншая справа, калі тварог патрэбны для сырнікаў, чызкейкаў і г.д. Пры тэмпературнай апрацоўке тварог губляе ўсю сваю карысць і пераходзіць у катэгорыю дэсертаў. З чаго б не рабілі танную імітацыю тварагу, шкаднейшай за торты і пірозівы з крамы ён не будзе. “Штодзень” вырашыў рызыкнуць сваім здароўем і зрабіць з імітацыі тварагу сырнікі.

Нам спатрэбіліся: 400 гр тварагу 33%, 1 яйка, сталовая лыжка крухмалу без горкі, соль, разынкі.

Каб дэсерт быў менш шкодным, лепш не дадаваць у яго цукар, а падсаладзіць мёдам ужо гатовыя сырнікі.

Усё перамяшаць відэльцам, сфармаваць на пшанічнай муцэ 2-га гатунку.

У рэстарацыях, каб атрымаліся высокія і раўнюткія сырнікі, іх фармуюць адмысловым кальцом. Але тое ж самае можна зрабіць звычайнай філіжанкай (не завужанай, з тонкімі сценкамі).

Таўстасценную патэльню з алеем добра награем, потым кладзем сырнікі. Хутка на сярэднім агеньчыку абсмажваем да хрумскай скарынкі.

Трэба адзначыць, што сырнікі атрымаліся як у добрай кавярні – румяныя звонку, мяккая маса ўнутры. Вымешваць цеста і фармаваць было значна лягчэй, чым у выпадку са звычайным магазінным творагам. Смачна.

Такім чынам, калі вы зрэдку пячэце нешта тварожнае, можна выкарыстаць такі прадукт (але памятайце, што спажываеце харч з невядомымі складнікамі!). У іншых выпадках набывайце сапраўдны якасны тварог. Беражыце сябе!

 

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png