Працэдура пачалася 25 мая і працягнецца да сярэдзіны жніўня. Ініцыятар “прававога маніторынгу” — Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Абмеркаванне ідзе на дзяржаўным “Правым форуме Беларусі”. Прапануецца дасылаць прапановы пра актуальнасць прававога рэгулявання закона, наяўнасць у ім састарэлых і неэфектыўных норм, прабелаў, калізій, унутраных супярэчнасцей, інфармацыю пра колькасць і змест зваротаў грамадзян і арганізацый па ім, указаць неабходныя карэкціроўкі дакумента.
У выніку ўлады хочуць ацаніць эфектыўнасці нормаў закона, выявіць і прааналізаваць недахопы прававога рэгулявання, іх прычыны, а таксама наступствы, што ўзніклі ў працэсе прымянення дакумента.
Асноўная задача — “выпрацоўка прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства і практыкі яго прымянення, прыняцці мер па належнай рэалізацыі закона”.
Закон “Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС” быў прыняты ў 2012 годзе і замяніў мінулы дакумент ад 1991 года.
Гэты дакумент устанавіў прававы рэжым тэрыторый радыеактыўнага забруджвання, рэгулюе пытанні аднясення часткі тэрыторыі Беларусі да такіх тэрыторый, выканання мерапрыемстваў па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧЭАС “у мэтах змяншэння радыяцыйнага ўздзеяння на насельніцтва і навакольнае асяроддзе”.
Пакуль цяжка адказаць, якіх зменаў хочуць дамагчыся ўлады, на сёння ніводнай прапановы ад удзельнікаў абмеркавання няма. Ды і само абмеркаванне не вельмі папулярнае — усяго 54 прагляды з пачатку працэдуры.