Фірма Валерыя Сацукевіча працуе ў Гомелі ўжо каля 25 год, жыхарам Гомеля добра вядомы ягоны будаўнічы супермаркет KSK. Абставіны смерці бізнесоўца пакуль невядомыя.

У сацыяльных сетках карыстальнікі выказваюць спачуванні родным спачылага. «Вельмі шкада, мы былі ў яго, калі гэты вялікі праект толькі пачынаўся. Добразычлівы і прыстойны чалавек, ён параіў нам тое, што было патрэбна. Мы ўдзячныя. Светлая памяць пра яго! Спачуванні родным і блізкім», – напісала А.Т.
«Добры быў мужык», «ведаю яго з дзяцінства, добрым быў хлопчыкам, з юнацтва — вялікі працавік, добры сын, муж і бацька», «ведаў яго больш за 30 гадоў, разам вучыліся ў інстытуце, на працягу жыцця ён заставаўся прыстойным, чулым і добрым чалавекам», адзначалі іншыя.
Падобна, што за апошнія гады ў жыцці Валерыя Сацукевіча адбыліся змены. У яго няблага складваліся адносіны з уладамі: у ліпені 2024 годзе ён у якасці дырэктара «Руд Буд» праводзіў экскурсію па сваёй краме падчас выязнога пасяджэння прэзідыума гарсавета дэпутатаў. У лістападзе таго ж года з’явілася інфармацыя пра тое, што за «прапаганду або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі» (артыкул выкарыстоўваецца ўладамі для пераследу палітычных апанентаў) будуць судзіць ягонага поўнага цёзку. Выглядае на тое, што судзілі ўсё ж яго.

Вынік суда невядомы, але дырэктарам «Руд Буда» на сёння з’яўляецца Алена Сацукевіч, а сам Валерый стаў яе намеснікам па капітальнаму будаўніцтву, захаваўшы за сабой месца ў Савеце па развіцці прадпрымальніцтва пры Гомельскім гарвыканкаме.