ДзяржСМІ піараць міліцыянта, датычнага да гібелі Вітольда Ашурка

Прапагандысцкія СМІ кінуліся праслаўляць лідскага міліцыянта Антона Кацілу. Раённыя выданні апублікавалі шэраг матэрыялаў пра вынікі конкурса БРСМ “Найлепшая маладая сям’я года”, у якім пераможцамі назвалі Алену і Антона Кацілаў. Паведамляецца, што для перамогі ім трэба было падрыхтаваць відэаролік-прэзентацыю сям’і, адказаць на пытанні інтэлектуальнага конкурса і прапанаваць праект для развіцця Ліды. Паводле раёнкі “Лідская газета”, з гэтымі задачамі лепей за іншых дала рады сям’я Кацілаў.

Антон і Алена Кацілы. Фота: “Лідская газета”

 

“Мы радыя, што нам удалося паўдзельнічаць у конкурсе. Прызнаемся, ён вельмі аб’яднаў нашую сям’ю. Разам з бабулямі, дзядулямі і сябрамі мы прадумвалі сцэнарыі кожнага выступу…”, – падзяліліся эмоцыямі пераможцы.

Выглядае на тое, што перад дзяржСМІ была пастаўленая задача сфармаваць пазітыўны вобраз оперупаўнаважанага ў аддзяленні наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі Лідскага РАУС Антона Кацілы. Гэты чалавек, згодна паведамленняў жыхароў Ліды, удзельнічаў у разгоне акцый пратэсту ў жніўні 2020 года ў гэтым раённым цэнтры. Таксама ён датычны да пераследу палітвязня Вітольда Ашурка, які трагічна загінуў у калоніі горада Шклова 21 мая 2021 года. Як распавядаюць сябры Вітольда Ашурка, Каціла быў сведкам на закрытым судзілішчы над Вітольдам. Згодна ягоным паказанням, Вітольд нібыта ўдарыў міліцыянта ў жывот пры затрыманні, у выніку чаго той перажыў “страдания и муки”. Адметна, што “конкурс” праводзіўся пасля выхаду артыкула “Штодня”, у якім канстатавалася, што міліцыянт Каціла быў адным з выканаўцаў рэпрэсій у адносінах да Вітольда. У той публікацыі мы звярнулі ўвагу на тое, што Антон Каціла з’яўляецца сынам адыёзнага гомельскага ідэолага Анатоля Кацілы, які спрычыніўся да пераследу многіх апазіцыянераў у 2000-х гадах.

 

Штодзень

Слайдар пастоў