У ліку тых, хто з першага паўфіналу Еўрабачання выйшаў у фінал, знаходзіцца самая вірусная кампазіцыя сёлетняга конкурсу Espresso Macchiato ад эстонскага спевака Tommy Cash. «Эспрэса макіята» напяваюць не толькі аматары музыкі, але і прафесіяналы. Так, версію з сола на скрыпцы запісаў колішні пераможца Еўрабачання беларускага паходжання Аляксандр Рыбак. Але не ўсе ведаюць, у чым адметнасць напою, якому прысвечана песня. Чым эспрэса макіята адрозніваецца ад іншых кававых напояў і каму ён больш спадабаецца, высвятляў «Штодзень».

Фота: www.dailymotion.com
Большасць кававых напояў, што прапануюць кавярні, робяцца на аснове эспрэса — канцэнтраванай кавы, якая атрымліваецца, калі гарачая вада праходзіць праз дробна змолатае зерне пад высокім ціскам. У чыстым выглядзе напой даволі канцэнтраваны і моцны, піць яго могуць толькі сапраўдныя аматары і знаўцы кавы. Да таго ж порцыя маленькая – 25-30 мл. Большасць спажыўцоў аддае перавагу мякчэйшым варыянтам. Вось найбольш папулярныя з іх.
Выступ прадстаўнікоў Эстоніі на Еўрабачанні 2025
Калі эспрэса разбавіць вадой, атрымаецца амерыкана. Напой даволі вадзяністы. Але ён падыдзе тым, каму эспрэса падаецца занадта моцным і маленькім, каб абысціся без малака.
Капучына – гэта эспрэса (1/3 аб’ёму), у якое дадалі гарачае малако (1/3) і малочную пену (1/3). То-бок агулам малака ўдвая больш за каву. Гэта па італьянскіх стандартах, у Беларусі, Польшчы і іншых краінах, дзе больш прыжыліся кававыя традыцыі амерыканскага фаст-фуду, колькасць малака можа быць значна большай. Такі напой, асабліва, калі акрамя малака сюды дадаць цукар, маршмэлоў і іншыя салодкія дадаткі, з’яўляецца паўнавартасным дэсертам, даволі каларыйным хуткім вугляводам.
Латэ – гэта фактычна тое ж капучына, дзе адна трэць па-ранейшаму эспрэса, але гарачага малака больш, чым пены. Адрозненне ад капучына толькі ў смаку. Па моцы, колькасці кафеіну, калорый і хуткіх вугляводаў тое ж самае, што і капучына.
Флэт уайт змяшчае дзве порцыі эспрэса. Малака і пены дадаецца столькі ж, колькі і кавы. Напой змяшчае менш калорый, чым капучына, алё ён больш моцны. Гэта варта ўлічваць тым, каму лепей абмяжоўваць колькасць кафеіну і нагрузку на сардэчна-сасудзістую сістэму.
Эспрэса макіята ад Аляксандра Рыбака. Відэа: @rybakofficial і @kjetil.krogstad
Ну і, нарэшце, эспрэса макіята – гэта эспрэса з невялікай колькасцю ўзбітага малака або малочнай пены. Слова macchiato у перакладзе з італьянскай азначае «запэцканы», таму гэты напой літаральна – «запэцканы малаком» эспрэса. Малака столькі, што яно не забівае і толькі зусім трохі «падсалоджвае» натуральны смак кавы. Таму напой больш інтэнсіўны і падаецца мацнейшым за капучына (пры тым, што колькасць кавы аднолькавая), а каларыйнасць і колькасць хуткіх вугляводаў куды меншая.
Такі напой больш пасуе аматарам здаровага харчавання. Але порцыя атрымоўваецца невялічкая – сервіруюць макіята ў такой жа філіжанцы, што і эспрэса. Вялікія кубкі, якія трымаюць у руках і эстонскія выканаўцы, і Рыбак, не пасуюць да эспрэса макіята (мабыць, маленькія філіжаначкі згубіліся б на экране).
Канешне ж, сапраўдныя знаўцы кавы ніколі не дададуць у эспрэса макіята цукар!
Тэрмін эспрэса макіята стаў міжнародным. Але некаторыя краіны са старажытнымі традыцыямі спажывання камы маюць свае назвы. Напрыклад, будзеце гатовыя да таго, што ў Іспаніі падобны напой назавуць картада па-іспанску, тайят па-каталанску і г.д.
Цяпер, калі наступным разам пачуеце хіт пра эспрэса макіята, вы будзеце дакладна ведаць, што знаходзіцца ў кубку!