Адзіны пешаходны мост праз Сож у Гомелі зачыняюць на рамонт

by ZB

Нягледзячы на тое, што надвор’е не цешыць гомельцаў цеплынёй, галоўная прыкмета хуткага надыходу лета ўжо з’явілася: пешаходны мост праз Сож зачыняюць на рамонт.

 

Фота: alarmout.livejournal.com

 

Пра тое, што пабудаваная ў 1960-я гады канструкцыя – адзіны шлях для тых, хто жадае пешкі наведаць цэнтральны гомельскі пляж – даўно патрабуе капітальнага рамонту, «Штодзень» пісаў неаднойчы (напрыклад, тут і тут). Але зрабіць гэта трэба так, каб, па-першае, павысіць надзейнасць моста, а не проста палепшыць знешні выгляд, а па-другое, каб жыхары паўмільённага горада мелі магчымасць у спёку акунуцца ў прахалодную вадзіцу.

Пакуль абвешчаны толькі пачатак прац – 10 траўня. Але малаверагодна, што рамонт завершыцца да пачатку купальнага сезона – звычайна пляж пачынае запаўняцца ўжо напрыканцы вясны. Каб пляж і ўся зарэчная зона – улюбёнае для многіх месца пікнікоў ці проста прагулак – былі даступнымі, лагічна было б распачаць рамонт у больш халодны перыяд.

Мабыць, улады вырашылі, што гомельцы гэтым летам будуць настолькі занятыя даглядам градак з бульбай – сапраўднага «беларускага золата» ў сённяшніх рэаліях – што ім будзе не да пляжаў. Альбо ўсе паляцяць на адпачынак на мора, бо з Гомеля самалёты лятаюць ажно ў некалькі курортных краін – Турцыю і Егіпет!

Для тых, хто ўсё ж запрагне мясцовага адпачынку, арганізуюць грамадскі транспарт. Вельмі хутка апынуцца на іншым беразе можна было б паромнай пераправай. Але гэта будзе аўтобус (малаверагодна, што мы пабачым тутака тралейбус – транспарту, што можа ездзіць без падключэння да лініі, у Гомелі няшмат, і ён актыўна задзейнічаны на іншых маршрутах). Гэта значыць, давядзецца пакутаваць ад спёкі і духаты, бо большасць гомельскіх аўтобусаў не знаёмыя з такім дасягненнем цывілізацыі, як кандыцыянер (шмат жыхароў горада ўвогуле намагаецца ездзіць улетку толькі тралейбусамі, якія не так награваюцца). Дарога да пляжа можа быць доўгай – памятайма пра слынныя пробкі ў раёне беліцкага моста – ды й шлях не блізкі.

І істотнае пытанне: ці будзе праезд платным? Падобна, што так, іначай пра звыш дасягненне сацыяльна арыентаванай дзяржавы ўжо б напісалі ўсе дзяржаўныя СМІ. Хто часцей за ўсё ходзіць на пляж? Пенсіянеры і сем’і з дзецьмі (для якіх улетку праезд перастае быць бясплатным). Калі сям’я (бацькі плюс двое дзетак) 10 разоў на месяц плануе пакупацца, давядзецца выдаткаваць толькі на дарогу 72 рублі (0,9 руб. х 2 разы /туды і назад/ х 4 асобы х 10 дзён). А колькі выдаткуюць пенсіянеры? Некаторыя з іх пачынаюць пляжны сезон з канца траўня і наведваюць месца адпачынку да восені, бо цэнтральны пляж – гэта месца своеасаблівай «тусоўкі», як танцпляцоўка ля «Юнацтва». Большасць з іх жыве непадалёку і звычайна не мае праязных білетаў, бо паўсюль можна дайсці пешкі. Прыходзіш да высновы, што мо і сапраўды лепей даглядаць бульбу?..

 

Сож ў 1960-я, калі моста яшчэ не было. Фота: Гомельскія ведамасці

 

Не менш істотнае пытанне – якасць рамонту. Што вядома на дадзены момант? «Работы ўключаць у сябе ўзмацненне апорных частак, рамонт маставога палатна і агароджы. Чакаецца, што пасля завяршэння рамонту вонкавы выгляд моста будзе палепшаны, у тым ліку абноўлена ілюмінацыя”. Галоўная мэта рамонту – бяспека тысяч гараджан, якія карыстаюцца мостам. Паляпшэнне знешняга выгляду (што ў сённяшняй Беларусі, часцей за ўсё, сінанімічна абнаўленню падсветкі ў ідэалагічна вытрыманых зялёна-чырвоных колерах і з’яўленню элементаў, якія нагадваюць пра Другую сусветную вайну) не грае такой ролі для народа, не прызвычаенага да добрага дызайну. Наколькі «ўзмацненне апорных частак» здолее забяспечыць неабходны ўзровень надзейнасці, пакуль цяжка сказаць. Застаецца толькі спадзявацца, што абноўлены мост вытрымае не толькі натоўп, які будзе святочна пераразаць стужачку і фатаграфавацца для блога Прывалава, але ў ўсіх асоб, што пазней пойдуць на пляж.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png