Беларусь актыўна рыхтуецца да 80-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны ці, як прынята казаць у афіцыйных крыніцах інфармацыі, да Дня перамогі. Шмат увагі надаецца аздабленню вуліц і іншым візуальным элементам. «Штодзень» прааналізаваў, як гэта зроблена на Гомельшчыне, і склаў ТОП-5 самых недарэчных «дызайнерскіх» рашэнняў.

Святкаванне Дня перамогі ў Гомелі ў 2023 годзе. Фота: Белка
Тым, каму ідэалагічна было наканавана стаць «тэматычным дызайнерам», не пазайздросціш. Бо ўсе мы добра ведаем, што нельга скласці слова «Вечнасць» з чатырох іншых літар. Літарамі, у дадзеным выпадку, з’яўляюцца, чырвоны колер, зялёны колер, ваенная тэматыка і… неабходнасць зрабіць так, каб спадабалася кіраўніцтву.
Тут нямашака дзе разгуляцца творчасці, усе гарады выглядаюць аднолькава, расфарбаваныя нібыта пад капірку. Але ў некаторых выпадках фантазія выйшла на межы адэкватнасці. Вось наш ТОП-5 найлепшых прыкладаў.
Па-за конкурсам застаўся падыход нараўлянскай раёнкі «Прыпяцкая праўда». Гэта не адпавядае крытэрыю візуальнага аздаблення, але добра дэманструе дэфармаванасць стаўлення да сур’ёзнага пытання. Дзень Перамогі тут памясцілі… паміж масленіцай і Ноччу музеяў.

Скрыншот старонкі «Прыпяцкай праўды»
Цяпер непасрэдныя «героі» нашай рубрыкі.
5 МЕСЦА. Гомель
Здавалася б, звычайная зорка, мо хіба трохі занадта дэкарыраваная. Але ўражвае памер – вышыня 6,5 м. І такіх зорак на плошчы Леніна паўстане шмат. Гэта відавочны пераможца ў катэгорыі «Гігантаманія».
4 МЕСЦА. Ельск
Навошта над зоркай вешаць плакаты, настолькі маленькія, што ніводны кіроўца (а менавіта для іх размяшчаюць нешта на прыдарожных слупах) гэта не прачытае. Што тычыцца зоркі, то ў яе паспрабавалі ўляпіць зашмат інфармацыі. Да таго ж звычайна знак, перакрэслены чырвонай лініяй, азначае забарону ці адмену. Вось і ўспрымае падсвядомасць чырвань з яблыневай стужкі як перакрэсліванне зоркі і дат. Добра яшчэ, што лента прылеплена за, а не перад канструкцыяй.
3 МЕСЦА. Хойнікшчына (аграгарадок Судкова)
З зоркай і помнікам Салдату ўсё зразумела. Але што гэта такое металічнае чырвона-зялёнае кветкападобнае? Канструкцыя ад пачатку была незразумелая і безгустоўная, а пасля дзіўнай перафарбоўкі зусім страціла сэнс.
Аднак варта адзначыць, што гэта рэдкі прыклад належнага падыходу да арганізацыі працы на суботніку – дзеўчыны маюць ахоўную вопратку і пальчаткі. Да таго ж на здымку паказаны тыя, хто сапраўды працаваў, а не прайшоў сфатаграфавацца. Проста пакінем для параўнання ілюстрацыйны здымак з брагінскай акцыі «Дрэва памяці». А вам верыцца, што героі здымка толькі што саджалі дрэвы?..
2 МЕСЦА. Карма
Другое месца пачэсна займае кампазіцыя пад назвай «Зорка і збоку банцік». Гіганцкія стужкі на туях выглядаюць альбо як запакоўка кветак, прадвызначаных на падарунак, альбо як аздабленне рытуальнага дрэва, што будзе прынесена ў ахвяру паганскаму богу – Ідэалогіі.
1 МЕСЦА. І зноў Карма
Карма Кармы сёння быць у лідарах нашага хіт-парада. Тут і сам факт уключэння дзетак у ідэалагічны аўтапрабег, і тое, як безгустоўна пра гэтым аздоблены транспартныя сродкі. Асабліва ўражвае ровар з буслам, залеплены кветкамі і іншай каляровасцю без меры. Чаму мы вучым дзетак? Якую памяць аб вайне прынясуць яны ў дарослае жыццё: шмат бутафорыі, за якой не бачны сэнс?
Напрыканцы нашага спіса, каб не быць абвінавачанымі ў залішняй крытыцы, дададзім: ахвотна апублікавалі б удалыя прыклады дызайнерскіх рашэнняў. Калі ў вас атрымалася стварыць нешта сціпла густоўнае, дызайнерскі выразнае і стылёвае, дасылайце фотаздымкі нам. Ахвотна зробім ТОП-5 добрых рашэнняў.