Маштабны тэрор у адносінах да цывільнага насельніцтва, з чым сутыкнуліся беларусы па 2020 годзе, выявіўся не раптоўна. Гэтаму сутыкненню грамадзян з агрэсіўнай дзяржавай папярэднічала карпатлівая падрыхтоўка рэпрэсіўнага апарата, які дзесяцігоддзямі напампоўваўся ідэалогіяй нянавісці і рыхтаваўся да фінальнай бітвы. Адным са стваральнікаў беларускай рэпрэсіўнай сістэмы з’яўляецца чалавек, якога добра памятаюць гомельскія і гарадзенскія апазіцыянеры са стажам. Ягоны генеральскі кіцель і фуражка – сярод экспанатаў Гомельскага музея вайсковай славы. Дзе ён працаваў, там ад апазіцыйных і незалежных арганізацый заставалася выпаленая зямля. І хоць на фоне цяперашняга прававога дэфолту ягоныя дзеянні могуць падавацца досыць вегетарыянскімі, але менавіта такія людзі закладалі падмурак таталітарызму ў Беларусі. Гаворка ідзе пра генерал-маёра КДБ Івана Каржа, які разграміў некалькі рэдакцый незалежных СМІ, пасадзіў у турму першы раз журналіста Анджэя Пачобута і ўзначальваў чэкісцкую альма-матар “Нацыянальны інстытут бяспекі”.
Амбіцыйны правінцыял
Будучы контрразведчык і змагар з апазіцыяй Іван Корж нарадзіўся ў вёсцы Навасёлкі, якая знаходзіцца ў некалькіх км ад Петрыкава, у 1961 годзе. У некаторых інтэрв’ю, якія герой публікацыі даваў дзяржаўным СМІ, ён распавядае пра цяжкасці, уласцівыя вясковым дзецям, якія, маючы пэўныя здольнасці, не мелі такіх магчымасцей, як іх аднагодкі ў гарадах.
“Три класса отучился в начальной школе в родных Новоселках, потом ходил в соседнюю деревню, потом 7 километров пешком — в Петриков. Как только начиналось лето, мы, пацаны 3 — 4 классов, уже приобщались к работе: сено заготавливали в совхозе. Здорово было, всей деревней выезжали на поля. Я ведь родом из деревни, где жил дед Талаш. Любуюсь этой природой и с возрастом все больше и больше ощущаю, в какой красоте рос. Отец умер давно, когда мне было 13 лет. Тогда я узнал, что такое коса, плуг…”, – згадвае Іван Корж у адным з інтэрв’ю “Гомельскай праўды”.
З гэтага фрагмента можна зрабіць некалькі высноваў, якія тлумачаць светапогляд генерала КДБ.
Па-першае, ён, хоць і меў сантыменты да малой радзімы, усё ж не вылучаў яе ў якасці часткі беларускага культурніцкага мацерыка. Хутчэй гэтыя мясціны ўспрымаліся ў яго пазлам з агульнаславянскай мазаікі, якія, праўда, мелі свае нязначныя этнаграфічныя адрозненні. Па сутнасці, мы маем справу з чалавекам, светапогляд якога сфармаваўся пад уплывам савецкай і расейскай імперскіх ідэалогій. Нездарма ў выказванні таксама згадваецца постаць савецкага партызана Дзеда Талаша, якога добра памятаюць старэйшыя пакаленні беларусаў. У часы БССР з палескага дзеда з даўгой барадой біблейскага патрыярха ляпілі ікону народнага супраціву, які спачатку змагаўся з белапалякамі, а потым супраць нацыстаў. У другое цяжка асабліва паверыць, бо “партызану” гэтаму ў 1941-м было каля 97 гадоў.

Экспанат з музея дзеда Талаша ў Навасёлках. Фота: БелТА
Цікава, што Іван Корж у сваіх успамінах чамусьці не ўзгадвае другога свайго знакамітага земляка – рэпрэсаванага паэта Алеся Дудара – таго самага, які напісаў знакаміты верш “Пасеклі наш край”, у якім крытыкуе імперскія замахі на Беларусь як бальшавікоў, так і палякаў пасля Рыжскай дамовы 1921 года. У далейшым жыцці генерал Корж якраз засяродзіўся на змаганні з беларускімі патрыётамі, якіх ягонае ведамства пераследавала з асаблівай стараннасцю.

Рэпрэсаваны паэт Алесь Дудар, які таксама нарадзіўся ў Навасёлках
Па-другое, мы бачым, што маленькі хлопчык з Навасёлак шчыра імкнуўся да навукі, дзеля чаго пераадольваў многа км штодня, каб хадзіць у школу. Зрэшты, адукацыю ён атрымаў неблагую, як для таго часу, скончыў школу з залатым медалём, а потым атрымаў дыплом інжынера ў гомельскім БелДУТ, што дапамагло яму зрабіць кар’еру ў спецслужбах. Прычым маладзёна ўзялі не абы-куды, а ў эліту тагачасных КДБ. Ён стаў контрразведчыкам.
Па-трэцяе, што важна, хлопец рана страціў бацьку, што таксама сфармавала ягоны характар. Ён быў вымушаны ўсё жыццё прыкладаць куды больш намаганняў, чым некаторыя ягоныя аднагодкі з поўных сем’яў, каб дабіцца жыццёвага поспеху. Дарэчы, у гэтым ён вельмі падобны на свайго шэфа – кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку.
Маладосць генерала Каржа прыпала на Перабудову, калі ў БССР, як і ў іншы частках Саюза, камуністычная ўлада паступова аслабляла ціск і змяншала кантроль над грамадствам. Нельга сказаць, што гэты перыяд не наклаў адбітак на ягоныя погляды. Прынамсі, функцыянер, калі яму задавалі пытанне наконт любімай літаратуры, назваў кнігу паўзабытага савецкага пісьменніка Івана Стаднюка “Людзі не анёлы”. У кнізе, выдадзенай у 1965 годзе, распавядаецца пра лёсы вяскоўцаў з сяла на Віннічыне ў Заходняй Украіне, якія перажылі калектывізацыю, вайну, пасляваенную галечу. Відавочна, многія экзістэнцыйныя выклікі, пра якія шчыра распавёў аўтар, былі зразумелыя выхадцу з беларускай вёскі. Разам з тым трагізм знішчанай саветамі вёскі адышоў на другі план перад тварам сталінскай мэтазгоднасці. У 1986 годзе ён паступіў на службу ў КДБ.
Ідэйны рускамірац
У жыцці будучага высокапастаўленага кадэбіста, зрэшты, былі таксама персоны, якія паўплывалі на фармаванне прарасейскіх поглядаў. У прыватнасці, ягоным дзядзькам з’яўляецца адстаўны палкоўнік ФСБ РФ Мікалай Кісялевіч. Нягледзячы на паважаны ўзрост (у 2018 годзе яму было 90 гадоў), гэты чалавек працягваў да нядаўняга часу актыўнічаць: хадзіў на сустрэчы ветэранаў спецслужбаў, пісаў вершы пра гераічныя будні ЧК, узначальваў Міжнародны саюз Славянскіх Журналістаў. Прывядзем прыклад публіцыстыкі Кісялевіча, у якой ён наракае на страту маральных арыенціраў у моладзі былых савецкіх рэспублік:
“В Прибалтике и Украине снова подняли головы недобитые прихвостни фашизма, руки которых по локти в народной крови. Воспитали в националистическом угаре молодую поросль. Готовы вновь, в угоду реакционным силам Запада, пройти по трупам своего народа. Снова лихое время настало для Украины. Поднялась молодая бандеровская поросль, воспитанная на человеконенавистничестве и вскормленная на американские доллары. Реки крови льются на многострадальной земле Украины. До срока в землю ложится цвет нации, ее сыновья Леси Бузины. Сжигаются заживо патриоты во Дворце профсоюзов в Одессе. Очнись украинский народ от этого националистического дурмана – чертополоха, что посеяла международная вражья стая на вашей земле.”
Зразумела, што такія погляды з’яўляюцца мэйнстрымам у супрацоўнікаў ФСБ нават малодшых пакаленняў, што ўрэшце рэшт падштурхнула Маскву да развязвання вайны. Можна з пэўнасцю дапусціць, што Іван Корж, які раўняўся на свайго дзядзьку, прытрымліваўся аналагічнага меркавання.

Мікалай Кісялевіч на сваім 80-гадовым юбілеі
У студэнцкія гады будучы чэкіст сустрэў сваю жонку – Шурыну Ларысу, з якой ажаніўся ў 1981 годзе. У дадзены момант Ларыса Шурына мае грамадзянства РФ, на што ўказваюць базы “Кіберпартызанаў”.
Аднак, што яшчэ больш важна, Іван Корж, акрамя вышэйшых курсаў КДБ СССР у Менску, з’яўляецца выпускніком акадэміі ФСБ Расеі, якую скончыў у 1990-я. “В советское время основным учебным заведением по этому профилю была высшая школа КГБ СССР имени Дзержинского в Москве (ныне академия ФСБ). Это высшее учебное заведение, которое готовит кадры для контрразведки…”, – распавёў у адным з інтэрв’ю пра сваё навучанне ў расейскай чэкісцкай акадэміі герой публікацыі.
Вось на гэтыя факты ў службовай кар’еры Івана Каржа варта звярнуць увагу, каб зразумець ягоныя матывы шалёнага змагання з усім нацыянальным спачатку на Гомельшчыне, а потым ва ўсёй Беларусі.
Змаганне з апазіцыяй
З 2005 па 2010 год Іван Корж быў начальнікам упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці, дзе з яго імем звязаныя некалькі драматычных эпізодаў. У прыватнасці, ён мае дачыненне да разгрому моладзевых апазіцыйных арганізацый, завядзення палітычных спраў у дачыненні да лідараў Маладога Фронту, палітычных звальненняў і адлічэнняў з універсітэтаў. Іван Корж адыграў злашчасную ролю ў жыцці некалькіх маладых людзей, лёсы якіх былі паламаныя ў выніку дзеянняў ягоных падначаленых. У прыватнасці, адзін з лідараў жлобінскага Маладога Фронту Кірыл Атаманчык, які меў на той момант усяго 17 гадоў, пераследваўся па крымінальным артыкуле. Каб пазбегнуць арышту, маладзён быў вымушаны выехаць за мяжу, дзе знаходзіцца дагэтуль.
Яшчэ больш паказальны лёс студэнта-выдатніка Змітра Жалезнічэнкі, якога па ўказанні Івана Каржа незаконна адлічылі з ГДУ імя Францыска Скарыны, а потым гвалтоўна адправілі служыць у войска. Пасля выхаду з арміі Зміцер з’ехаў за мяжу, дзе зрабіў паспяховую кар’еры ІТ-спецыяліста. Краіна страціла высокакваліфікаванага прафесіянала і патрыёта, затое Іван Корж быў задаволены.

Ігар Случак. Фота: асабісты архіў героя публікацыі
Гэты чалавек таксама меў дачыненне да пераследу студэнта гомельскага юрфака ГДУ Ігара Случака, якога за грамадскую дзейнасць дэманстратыўна затрымлівалі з выкарыстаннем сілы прама ва ўніверсітэцкай аўдыторыі. Хлопца вывелі з універсітэта ў кайданках. У выніку рэпрэсій Ігар быў вымушаны першы раз з’ехаць у эміграцыю. “Штодзень” звярнуўся па каментар да Ігара Случака, каб ён ацаніў дзейнасць генерала Каржа на ягонай пасадзе.
Ігар Случак:
– Як юрыст, скажу, што Іван Корж быў дзяржаўным злачынцам і, на жаль, ён не панясе адказнасць за свае ўчынкі па прычыне смерці. На жаль, справядлівасць далёка не заўжды перамагае. Тым не менш я запомніў, як па яго ініцыятыве і пры падтрымцы прарэктара Гомельскага ўніверсітэта Сяргея Ханені, які ўжо таксама памёр, мяне забіралі на допыт проста з універсітэцкай аўдыторыі. Гэта змяніла мой лёс, ён не стаў лёсам юрысконсульта, следчага або суддзі. Лёс не стаў простым – цяпер я ўжо перажываю другую эміграцыю. Але, калі згадаць лёс іх любімага Сталіна, затрыманні толькі ўмацавалі мяне ў маім змаганні супраць несправядлівасці. Таму я прыкладу ўсе намаганні, каб кожны дзяржаўны злачынца панёс справядлівае пакаранне і вярнуў у бюджэт усе незаконна атрыманыя сродкі, а беларуская мова стала зноў адзінай дзяржаўнай у Беларусі.
Пасля 2010 года, калі ўлада ў чарговы раз гвалтоўна разагнала пратэсты апанентаў, вопыт Івана Каржа спатрэбіўся ў іншых праблемных рэгіёнах краіны. І ён быў прызначаны кіраўніком Гарадзенскага абласнога КДБ. Менавіта ён адказны за знішчэнне арганізацый польскай меншасці на Гарадзеншчыне, а таксама пераследу дзеячаў апазіцыі ў Гародні.

Палітвязень Анджэй Пачобут. Фота: Вясна
Цяперашні палітвязень, журналіст Анджэй Пачобут, у 2011 годзе быў збіты падчас допыту ў КДБ. Так “Еўрарадыё” апісвае той выпадак:
“У сваім блогу ў “Жывым журнале” Пачобут піша, што абраў на допыце тактыку маўчання, за што атрымаў удары па твары, грудзях і галаве. У выніку яму выдалі “Афіцыйнае папярэджанне пра недапушчальнасць супрацьпраўных паводзінаў”, якое абвясціў начальнік абласнога ўпраўлення КДБ Іван Корж…”
Пасля зачысткі Гарадзеншчыны заслужаны чэкіст Іван Корж быў адпраўлены кіраваць Інстытутам нацыянальнай бяспекі – установы, якая рыхтуе кадры для КДБ. Можна не сумнявацца, што свае каштоўнасці і вернасць РФ ён культываваў сярод слухачоў інстытута. Таксама можна з перакананасцю сцвярджаць, што ягоныя гадаванцы з ліку выпускнікоў установы праявілі сябе напоўніцу ў падзеях 2020 года і ў наступныя гады. Пазней, будучы дэпутатам так званага парламента, ён удзельнічаў у прыняцці шэрагу рэпрэсіўных законаў. Так што Івана Каржа можна лічыць адным з архітэктараў людажэрскага рэжыму, які вось ужо 30 год тэрарызуе насельніцтва Беларусі.
Паляўнічая справа
На Гомельшчыне Корж запомніўся не толькі палітычным пераследам апанентаў, але і карупцыйным скандалам, які атрымаў назву ў СМІ “Паляўнічая справа”. Калі коратка, то следчыя УУС Гомельскага аблвыканкама, займаючыся расследаваннямі карупцыйных злачынстваў, выйшлі на І. Каржа. У працэсе праверкі выявілася, што галоўны гомельскі чэкіст ажыццяўляў “добраўпарадкаванне на тэрыторыі ўласнага катэджа сіламі і сродкамі Гомельскага дарожна-будаўнічага трэсту без афармлення дамовы.” І толькі праз некалькі месяцаў Корж нібыта аплаціў частку сумы. А яшчэ былі сабраныя факты па незаконнай перадачы паляўнічых угоддзяў (запаведны лес ля вёскі Ляскавічы), які афармляўся на падстаўную асобу. Некалькіх афіцэраў міліцыі, якія займаліся гэтай справай, арыштавалі і кінулі за краты.
Вось што пра абставіны так званай “Паляўнічай справы” распавядаў былы супрацоўнік цэнтральнага апарату галоўнага ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі Вячаслаў Дудкін:
– В марте 2009 года сотрудники УБЭП под моим руководством выехали в деревню Лясковичи Гомельской области. Согласно анонимной информации, что поступила в МВД, у начальника УКГБ по Гомельской области Коржа недалеко на берегу реки есть охотничьи угодья на заповедной территории, оформленные на подставное лицо. Там систематически осуществляется незаконный отлов рыбы, а также незаконная охота. Гостями угодий являются высокопоставленные чиновники (среди многочисленных имен местными жителями была названа даже фамилия госсекретаря Совета Безопасности Юрия Жадобина). Жители Лясковичей передали фотоматериалы, которые подтверждают их слова…
Міліцыянту Дудкіну, каб выратаваць сваё жыццё, давялося ўцякаць з краіны. У дадзены момант месца яго пражывання невядомае.
Начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Гомельскага аблвыканкаму Аляксандр Малаеў, які таксама трапіў пад арышт па той “Паляўнічай справе”, паспеў выкласці ў сеціве відэазварот да Лукашэнкі, у якім абвінаваціў абласное кіраўніцтва КДБ у злоўжываннях.
Генерал Корж напоўніцу карыстаўся рэсурсам свайго ведамства, каб не даць прэсе распавесці грамадству пра магчымыя злоўжыванні. Калі некаторыя факты скандальнай справы ўсплылі ў СМІ, Іван Корж падаў у суд на сваякоў міліцыянтаў-фігурантаў “Паляўнічай справы”, якія нібыта распаўсюдзілі кампрамат у дачыненні да яго. Паводле рашэння Гомельскага абласнога суда, пазоў Івана Каржа аб абароне годнасці і дзелавой рэпутацыі быў задаволены. Адзначым, што журналістам, якія спрабавалі асвятляць скандальны працэс, проста заткнулі раты пагрозамі, допытамі, разгромамі рэдакцый. Тады па Беларусі пракацілася хваля ператрусаў у рэдакцыях, праз якія прайшлі “Народная Воля”, “Хартыя”, “Радыё Рацыя” і іншыя выданні.
За грошы кожны харошы

Дэпутат Корж у гасцях газеты “Гомельскія Ведамасці”
Увесь жыццёвы шлях генерала Івана Каржа паказвае, што ён быў дастаткова ідэйным чалавекам у плане змагання з апанентамі ўлады. Але гэта не перашкаджала яму падтрымліваць фінансавы дабрабыт сваёй сям’і на высокім узроўні. У 2016 годзе, напрыклад, пры вылучэнні сваёй кандыдатуры ў так званы парламент Беларусі ён задэклараваў адзін з самых высокіх прыбыткаў сярод прэтэндэнтаў. Калі верыць дэкларацыі, ягоны прыбытак за 2015 год склаў 338 мільёнаў беларускіх рублёў. Гэта значыць, калі перавесці на тагачасны курс долара, генерал зарабіў каля 19 тысяч долараў у эквіваленце. У тыя гады сярэдні заробак генерала ў некалькі разоў перавышаў зарплаты настаўнікаў, лекараў ці працоўных з заводаў. Акрамя чутак пра незарэгістраваную маёмасць, пры жыцці ён паспеў насамрэч абзавесціся жытлом у Гомелі. Так, на ім зарэгістраваныя тры аб’екты нерухомасці: кватэра ў элітным доме для гомельскай наменклатуры, што знаходзіцца ў цэнтры горада на вуліцы Малайчука; жылы дом у супольным валоданні з братам у вёсцы Навасёлкі Петрыкаўскага раёна і зямельны ўчастак для абслугоўвання гэтага дома.
У 2019 годзе дэпутат Іван Корж перадаў у фонды Гомельскага абласнога музея ваеннай славы асабістыя рэчы: мундзір, службовае пасведчанне і фуражку.
— Я патриот Гомельской области. Поэтому кому если не родному краю передать генеральский мундир, который пробыл у меня более 10 лет. Надеюсь, он послужит молодому поколению ориентиром и примером, — отметил Иван Корж.
25 лістапада 2024 года Іван Корж нечакана памёр. Пра ягоную смерць паведамілі ў лаканічных некралогах дзяржСМІ. А ў Вікіпедыі, дзе апублікаваны досыць вялікі біяграфічны матэрыял пра Івана Каржа, і праз паўгода пасля смерці ніхто так і не ўнёс праўкі з дадзенымі пра ягоны сыход.