У Польшчы пры загадкавых абставінах загінуў рэчыцкі актывіст Сяргей Дубінін, паведамляе ў сваіх сацсетках праваабаронца Леанід Судаленка.
«15 красавіка ў Кракаве быў знойдзены мёртвым 50-гадовы беларус з Рэчыцы Сяргей Дубінін. Яго цела з прыкметамі гвалтоўнай смерці знайшлі ў доме, дзе ён жыў. Усё памяшканне — у крыві, на падлозе нож, сам Сяргей ужо без прыкмет жыцця, у агульнай ваннай. Так сцвярджае яго сусед Аляксандр Алмаеў, які першым выявіў трагедыю», – інфармуе праваабаронца.
«Я ўзяў ключ і зайшоў у дом. Усё было ў крыві. Сяргей ляжаў у ненатуральнай позе, ужо халодны», – паведамляе Аляксандр Алмаеў
Хуткая дапамога канстатавала смерць, паліцыя распачала расследаванне. Пакуль невядома, што менавіта адбылося – гвалтоўная смерць ці суіцыд? Памяшканне апячатана, ідуць следчыя дзеянні.
Паводле Леаніда Судаленкі, Сяргей быў актыўным і неабыякавым чалавекам, удзельнічаў у грамадскім жыцці, быў незалежным назіральнкіам за выбарамі ў Рэчыцы. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года збіраў подпісы ў камандзе альтэрнатыўнага кандыдата. Пасля быў вымушаны з’ехаць, працаваў у Польшчы на будоўлі.