Былую супрацоўніцу светлагорскай медыякампаніі “Ранак”абвясцілі ў вышук

by homieldays

Фотаздымак Алены Прыходзькі, былой супрацоўніцы светлагорскай медыякампаніі “Ранак”, з’явіўся на міліцэйскіх стэндах у пераліку асоб, якія знаходзяцца ў вышуку “за здзяйсненне злачынстваў”. Пра гэта паведамляе служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Алена Прыходзька

Нагадаем, супрацоўнікаў тэлеканала “Ранак” затрымалі ў чэрвені 2023 года. Пра тое, чым насалілі ўладам светлагорскія журналісты тэлеканала разважала ў гутарцы са “Штоднём” былая жыхарка Светлагорску, праваабаронца Алена Маслюкова.

Алена Прыходзька — супрацоўніца ліквідаванай уладамі прыватнай медыякампаніі “Ранак”. У 2020 годзе была каардынатарам збору подпісаў па Светлагорскім раёне ад штаба Віктара Бабарыкі, потым удзельнічала ў кампаніі назірання разам з ініцыятывай “Чэсныя людзі”. У 2021 годзе яна была вымушаная з’ехаць з Беларусі за мяжу. Пра свае ўцёкі з радзімы і жыццё ў новай краіне Алена Прыходзька распавядала “Штодню”.

Цяпер сталася вядома, што журналістку “Ранка” Алену Прыходзьку вышукваюць паводле артыкула 361–1 КК РБ — “Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім”.

У абвестцы на міліцэйскім стэндзе “Увага, вышук!” таксама пазначана, што падазраваная “схавалася ад ГУСК” (галоўнага ўпраўлення Следчага камітэта).

Рэдактарка і медыяменеджарка Алена Прыходзька пацвердзіла службе маніторынгу БАЖ факт пераследу яе беларускімі праваахоўнікамі.

“Да абвяшчэння ў вышук стаўлюся роўна, бо гэта ўсё было чакана. Але не лічу сябе злачынкай, вядома ж. Раней у маіх кватэрах былі ператрусы, у лістападзе 2024-га. Тады я зразумела, што крымінальная справа на мяне ёсць. Мяркую, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра мой удзел у Каардынацыйнай Радзе, бо вобшукі былі акурат у лістападзе, калі ва ўсіх чальцоў КР яны адбыліся. Але ў СК мяне запрашалі яшчэ ў студзені 2021-га, тады я і з’ехала, не з’явілася па запрашэнні”, — пракаментавала сітуацыю журналістка.

Штодзень

 

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png