Парушэнні правоў дзетак тымі, хто тэарэтычна павінен іх абараняць, у Беларусі – не рэдкасць. Раней мы пісалі пра шарэнтынг – злоўжыванне выявамі дзетак з боку бацькоў. Аналагічныя працэсы адбываюцца ва ўсім свеце. Сёння хацелі б закрануць тэму такога парушэння правоў, якое магчыма толькі ва ўмовах усталявання ў краіне нездаровага палітычнага рэжыму. Як праз рэалізацыю ідэалагічных амбіцый дзяржавы і бяздумнай згоды бацькоў ствараецца пагроза здароўю маленькіх беларусаў, чытайце далей.
Гарадскія святы ў Гомелі ладзяцца па даволі прымітыўнай формуле – “хлеба і відовішчаў”. І калі першы складнік у апошнія гады, дзякуючы ўдзелу прыватнага гандлю, змяніўся ў лепшы бок, то фармат відовішчаў дзесяцігоддзямі застаецца нязменны. Запрашаецца пара асоб з вядомымі прозвішчамі і сумнай, мала каму цікавай, творчасцю (кшталту Ірыны Дарафеевай, якая за 30 год не праспявала ніводнага хіта), каб прыгажэй выглядалі афішы. Астатнія канцэрты робяцца аматарскімі непрафесійнымі калектывамі і таленавітымі вучнямі і педагогамі самых розных навучальна-выхаваўчых устаноў, прымусова сагнанымі да ўдзелу. Чаму педагогі, замест таго, каб праводзіць святы з роднымі ці адсыпацца 1-го студзеня, бясплатна працуюць на марозе – пытанне рытарычнае. Але да ўдзелу, нават у зімовыя святы, прыцягваюцца дзеці. Пабачыць малечу, якая танчыць на сцэне ў святочнай лёгенькай сукенцы (у той час як дарослыя гледачы хутаюцца ў пухнатыя курткі) ці спявае на марозе можна на ўсіх святочных пляцоўках Гомеля. Цудоўна, калі дзеці маюць талент і жаданне дэманстраваць яго іншым. Але хай бы гэта рабілася толькі ў камфортных умовах і па ўласным жаданні.
Нават калі дзіця не мае ніякіх талентаў, яно знаходзіцца ў зоне рызыкі. Бо сітуацыя, калі настаўнікам трэба ўзяць да ўдзелу ў чымсьці (часам ніхто нават не тлумачыць, у чым трэба ўдзельнічаць) пэўную колькасць асоб і недзе стаяць, ісці, бегчы і г.д., не рэдкасць у сённяшніх рэаліях. І бацькі, здавалася б, павінны, залямантаваць, маўляў, у школе трэба вучыцца, а не гойсаць невядома дзе. Але яны нічога не скажуць. Бо што можна сказаць, калі тое ж самае робіш моўчкі на сваёй працы?
Напэўна, прадстаўнікі рэжыму добра адчуваюць непапулярнасць пануючага ладу. Таму баяцца, што нават на святочныя імпрэзы, ініцыянаваныя імі, ніхто не пойдзе. Таму, для падстрахоўкі, бюджэтнікаў зганяюць на гульбішчы тыпу шэсця Дзедаў Марозаў (і бацькі пакорліва туды ідуць, канешне ж, з дзецьмі). Гэта непатрэбна, бо ахвотныя наведаць вулічныя святы заўсёды знаходзяцца, і ў выніку натоўп становіцца занадта вялікім.
Але ў выпадках з прымусовымі канцэртамі можна хаця б спадзявацца, што гэта прыносіць дзеткам задавальненне і пакідае нейкі ўнёсак у развіццё творчых здольнасцей. Чаго нельга сказаць пра яшчэ адзін кірунак сапраўднага здзеку над дзецьмі – перыядычным нясеннем імі варты ля Вечнага полымя па вул. Працоўнай. Напэўна, у кожнага мінака выклікае абурэнне выгляд школьнікаў (з ваенных і кадэцкіх класаў), якія ў маразы і іншую непагадзь стаяць у форме, што ніяк не адпавядае надвор’ю. На галаве – пілотка, што не закрывае вушы. Шыя без шаліка. Ды й сама верхняя вопратка не падобна на цёплую. І ў такім выглядзе ім даводзіцца стаяць у нерухомасці. Навошта?..
Каб падрастаючае пакаленне памятала страхі вайны, трэба добра вучыць яго гісторыі праз падручнікі, кнігі, стужкі, паходы ў музеі, тэматычныя гульні і г.д., а не прымушаць стаяць нерухома на холадзе.
Каб моладзь была фізічна гатовая бараніць краіну ў выпадку новай навалы (на жаль, зараз мы добра ведаем, што войны магчымыя і ў нашыя дні), гартаваць яе трэба. На ўроках фізкультуры, у спартыўных секцыях. Добра, калі дзеці будуць праводзіць шмат часу на вольным паветры, не будуць баяцца капрызаў прыроды, але гартаванне павінна адбывацца праз актыўнасць. Водныя і зімовыя віды спорту, паходы ўлетку з начоўкамі ў лесе, сплавы па рэках, гульні кшталту страйкбола ці той жа савецкай “Зарніцы” – гэта і цікава, і карысна. Стаянне на марозе не прынясе нічога, акрамя захворванняў, добра, калі не хранічных.
Зрабіць з дзетак патрыётаў? Каб вас пакінулі на марозе дзеля нейкай ідэі, стала б гэтая ідэя вам бліжэй? Наўрад ці. Каб навучыць патрыятызму, трэба зацікавіць беларускасцю. Паказаць нашу сапраўдную гісторыю, якая і для многіх дарослых, выхаваных на ўсходніх стэрэатыпах, застаецца terra incognita; пазнаёміць з беларускай культурай (не толькі народнай, але і з усім багаццем літаратуры, музыкі, мастацтва, архітэктуры і г.д.), з дзяцінства паказваць хараство нашае мовы – усяго гэтага больш чым дастаткова, каб здзівіць, зацікавіць, заахвоціць. Толькі тады ўзнікне шчыры патрыятызм, які не патрабуе білбордаў з заклікам любіць свой край.
Хтосьці скажа, што мы перабольшваем, і ў параўнанні з тым, што даводзілася перажываць тым жа дзецям у вайну, пару гадзін на холадзе – гэта дробязі. Канешне, у вайну непаўналетнія, часам зусім малыя, не проста пакутавалі ад бытавога дыскамфорту і голаду, а станавіліся сапраўднымі ваярамі. Не здарма існуе, напрыклад, помнік Маленькаму паўстанцу, які адлюстроўвае ўнёсак малечы ў хай і прайграны, але неверагодны прыклад супраціву ворагу – Варшаўскае паўстанне. Але гэта вайна. На кожнае пакаленне прыходзіцца свая доля тых ці іншых выпрабаванняў. Навошта прымушаць кагосьці пакутаваць у мірны час?
Адзінае, дзеля чаго школьнікі мерзнуць на дварэ – гэта рэалізацыя дзяржавай сваіх ідэалагічных амбіцый, жаданне чынавенства прадэманстраваць (невядома каму, мо самім сабе), што ўсе пакаленні ўдзельнічаюць у інтэрактыўным шапіто агульнадзяржаўнага абсурду. І тых, хто прымушае кадэтаў несці варту і любое надвор’е, можна параўнаць з нквдэшнікамі, што пасылалі зняволеных на будову нікому патрэбных дарог ці каналаў у вечнай мерзлаце. Бо “гэта трэба дзяржаве”. А што будзе са здароўем – нікога не хвалявала ні тады, ні зараз. Логіка чыноўнікаў зразумелая, але як бацькі пагаджаюцца рызыкаваць сваімі роднымі дзецьмі?..
Хочацца спадзявацца, што тыя, хто рэгулярна паўтарае “дзяды ваявалі”, згадаюць таксама, што ваявалі тыя дзяды за нармальнае, мірнае і спакойнае дзяцінства будучых пакаленняў. А да спеваў і танцаў на марозе пачнуць запрашаць дарослых прафесіяналаў, для якіх гэта праца, а не прымус.