Ізраіль рыхтуецца да вайны: гомельскі прадпрымальнік – пра тое, як краіна жыве пасля ракетнага абстрэлу і тэракту

by ZB

Былы прадпрымальнік Алег Барадзін па палітычных прычынах з’ехаў з Гомеля і рэпатрыіраваўся ў Ізраіль. «Штодзень» паразмаўляў з ім, як краіна і ён сам перажываюць часы, калі быў масіраваны ракетны абстрэл з Ірану і тэрарыстычны напад.

Алег Барадзін

 

Абстрэл Ізраіля іранскімі ракетамі

«Ну што ж… пачалося. Іран запусціў ракеты па Ізраілі», – напісаў 1 кастрычніка Барадзін у сябе на старонцы ў Facebook.

Паводле яго, у той дзень сям’я сустракала яго з працы каля дома, яны жывуць у горадзе Ашдод. «Не паспелі мы зайсці ў кватэру як на ўсіх тэлефонах спрацавала экстраннае апавяшчэнне ад Камандавання Тылу тэрмінова схавацца ў абароненых зонах – бамбасховішчах з інструкцыяй па выратаванні жыццяў і паводзінах у дадзенай сітуацыі», – адзначыў выхадзец з Гомеля.

Сям’я Барадзіных схаваліся ў мамадзе (бамбасховішчы), у іх яно знаходзіцца прама ў кватэры ў выглядзе асобнага пакоя, які звычайна выкарыстоўваецца пад гардэроб. У яго тоўстыя бетонныя сцены, жалезныя ўзмоцненыя дзверы і акно, абароненае сталёвым бронелістом таўшчынёй 15 мм.

 

«Сістэма СПА Купал цалкам баяздольная, актыўна выяўляе і перахоплівае пагрозы ўсюды, дзе гэта неабходна… Начное неба чыстае. Толькі ў далечыні чуваць выбухі ад перахопаў іранскіх ракет», – дадаў тады Барадзін.

«Штодзень» паразмаўляў з выхадцам з Гомеля позна ўвечары 2 кастрычніка пра змены сітуацыі.

– Якія рэкамендацыі ёсць цяпер па бяспецы? Як увогуле працуе сістэма, як даведваюцца жыхары пра абстрэл і што тады рэкамендуецца рабіць?

– Абвестку службы тылу атрымалі ўсе тэлефоны з ізраільскімі нумарамі, незалежна ад таго, дзе грамадзянін Ізраіля знаходзіцца (у мяне знаёмыя былі ў Тайландзе і атрымалі паведамленне). Як потым мы даведаліся, Міністэрства абароны выкарыстоўвала новую праграму распаўсюджвання экстранных паведамленняў, якая па сутнасці захоплівае тэлефон і нават, калі ён стаіць на бязгучным рэжыме, вы пачуеце паведамленне.

Акрамя гэтага, практычна ва ўсіх стаяць прыкладанні па апавяшчэнню ракетных удараў – Цэва Адам (Чырвоны колер) і Камандаванне Тылу. Гэтыя праграмы вызначаюць ваша месцазнаходжанне па геалакацыі і высылаюць абвестку.

 

У Камандаванні тылу да прыкладу мне прыходзіла паведамленне аб ракетным удары з указаннем канкрэтнага мікрараёна пражывання. У залежнасці ад горада ў кожнага свой час на працягу якога вам неабходна патрапіць у мамад (бомбасховішча). У маім выпадку было 45 секунд. У Кір’ят-Гаце, дзе я раней жыў, было 23 сек.

 

Якая цяпер абстаноўка ў Ізраілі? Як успрымаюцца падзеі – ракетныя абстрэлы і тэрарыстычны напад – жыхарамі?

Цяпер Роша Шана – яўрэйскі новы год. Наперадзе яшчэ два выходныя дні. Хадзіў па горадзе. Усё спакойна. Людзі жывуць у звыклым рытме, ніхто не стаіць у чэргах і не скупляе сутаргава прадукты.

Машыны на дарогах, ізраільцяне адпачываюць, сядзяць у кафэ, гуляюць у парках, дзіцячыя пляцоўкі поўныя дзяцей, на пляжах адпачываюць людзі. Мы жывем ранейшым спакойным жыццём.

Нават зараз 11 гадзін ночы (размова ішла позна ноччу 2 кастрычніка, Штодзень), а людзі ў святочных строях ходзяць па вуліцах. Мы самі нядаўна з сям’ёй вярнуліся з вячэрняй прагулкі.

Рэкамендацый ад Штаба Тылу па факце ні якіх няма. Усе абмежаванні зняты.

Але прыйшло на тэлефон паведамленне ад службы пералівання крыві МАДА з просьбай здаць кроў для патрэб войска. На трасах ёсць рух ваеннага транспарту ў бок ліванскай мяжы. Па краіне павялічана колькасць паліцэйскіх патрулёў – стаў бачыць нашмат часцей. У прыватнасці паліцыянты на матацыклах ездзяць парамі.

Аб’яўлены новы заклік рэзервістаў, у СМІ Ізраіля гавораць аб стварэнні новай паўнацэннай дывізіі для наступнай дыслакацыі каля ліванскіх граніц. Авіярэйсы адноўлены. Грамадзяне, якія маюць права насіць зброю, як і раней, носяць яе з сабой ад пісталетаў да аўтаматаў.

У Ізраілі ўсё ж існуе цэнзура на распаўсюджванне інфармацыі ў ваенны час, таму відэа і фотаматэрыялы з пападаннем іранскіх ракет публікуецца толькі з дазволу ўладаў. Зразумела, што яны ў выніку масіраванага ракетнага ўдару Ірана ўсё ж былі. Стратэгічныя і ваенныя аб’екты закранутыя не былі, але часткова пашкоджаная жылая інфраструктура.

На гэты раз усё абышлося без ахвяр. Былі адзінкавыя выпадкі траўматызму, падзенні праз спешкі грамадзян, калі яны спрабавалі схавацца ў бамбасховішчах, але не больш.

Тэракт у Яффа жудасны (тэрарысты стралялі па мірных жыхарах з аўтаматаў, Штодзень). Краіна яшчэ не адышла ад разні 7 кастрычніка, як зноў ахвяры… фота маладых забітых дзяўчат, адна з якіх загінула з 7-месячным дзіцем на руках.. Гэта жахліва.

Ідзе разбор палётаў з гэтай нагоды і вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасці, але пытанні ёсць і іх шмат: чаму на такой ажыўленай вуліцы не было патруля? Чаму зрэагавалі так позна, калі апорны пункт паліцыі быў літаральна ў 5-ці хвілінах язды? І гэтак далей.

 

А ці ёсць чаканні, як будзе сітуацыя далей развівацца?

 

Ізраіль рыхтуецца да вайны і, на мой погляд, гэта будзе – Ліван. Цахал (Армія абароны Ізраіля, Штодзень) поўны рашучасці знішчыць Хезбалу (ваенізаваная ліванская арганізацыя, якая неаднаразова выкарыстоўвала тэрор супраць Ізраіля, Штодзень) так жа, як гэта было зроблена з Хамасам (тэрарыстычная палестынская арганізацыя, Штодзень) у Палестыне. Для гэтага неабходна паўнавартасная сухапутная аперацыя з зачісткай тэрыторыі.

І ўсё да гэтага ідзе, аб’яўлены заклік рэзервістаў для стварэння новай дывізіі для баявых дзеянняў у раёне ліванскай мяжы, узмоцненая паліцыя.

Гледзячы па навінах ізраільскіх СМІ і каментарах вайскоўцаў і палітолагаў, ёсць верагоднасць кропкавага зваротнага ракетнага ўдару ў тандэме з ВПС ЗША па нафтавай інфраструктуры Ірана, але ўсё ж вайна будзе ў Ліване.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png