«Паліна памірае ў турме». Трывожныя навіны пра палітзняволеную

У Паліны Шарэнды-Панасюк рэзка пагоршылася здароўе, цяпер яна знаходзіцца ў Рэчыцы

by ZB

«Паліна памірае ў турме», – напісаў яе муж Андрэй Шарэнда. Палітзняволеную этапіравалі з гомельскай калоніі ў Рэчыцкае ІЧУ для правядзення следчых дзеянняў.

Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: Фэйсбук-акаўнт Андрэя Шарэнды

Сёння «стала вядома аб рэзкім пагаршэнні стану здароўя Паліны, яна пакутуе ад рэзкіх боляў збоку жывата, якія аддаюць у спіне», адзначыў Андрэй Шарэнда.

Паводле яго, «патрэбную медыцынскую дапамогу Паліне не аказваюць, даюць толькі абязбольваючыя».

«Мы дагэтуль не ведаем нічога аб стане здароўя Паліны. Нам вядомы толькі яе дыягназ – хранічны панкрэатыт. Гэта вельмі цяжкая хвароба, якая патрабуе строгай дыеты і сталага кантролю лекараў. Ва ўмовах, якіх утрымліваюць Паліну, гэта проста адтэрмінаваны смяротны прысуд», – перакананы яе муж.

Сёння ж яму стала вядома, што «Паліну этапавалі з гомельскага СІЗА-3 у ІЧУ горада Рэчыцы для правядзення “следчых дзеянняў”».

«Значыцца, што ў бліжэйшыя некалькі тыдняў, альбо нават месяцаў да суду, Паліна будзе ўтрымлівацца там. Умовы ў рэчыцкім ІЧУ нават горшыя за камеры ШІЗА ў калоніі. Там не выдаюць матрацаў, у камерах адсутнічаюць прыбіральня, і вельмі шмат клапоў. Спаць прыходзіцца на падлозе», – апісаў ён умовы ўтрымання ў Рэчыцы.

Актывіст нагадаў, што калі ў мінулым годзе Паліну трымалі там некалькі тыдняў, «пратэстуючы супраць жудасных умоў утрымання, Паліна тады аб’яўляла галадоўку», у выніку яе вярнулі ў гомельскае СІЗА-3 да суду.

«Этап у рэчыцкае ІЧУ не мае ніякага сэнсу, акрамя таго каб зняважыць і знясіліць Паліну, падарваць і да таго слабое здароўе», – лічыць Андрэй Шарэнда.

Ён дадаў, што жонку павінны былі выпусціць яшчэ два з паловай гады таму, за час зняволення яна правяла ў штрафным ізалятары і карцары больш 350 дзён, у яе было больш жа 20 этапаў, цяпер яна чакае чацвёрты суд.

«Паліну трэба ратаваць! Яе жыццё сапраўды ў небяспецы, – падкрэсліў Андрэй Шарэнда. Ён заклікае праваабаронцаў патрабаваць вызвалення Паліны Шарэнды-Панасюк для аказання ёй патрэбнай медычнай дапамогі.

Грамадская дзяячка з Брэста Паліна Шарэнда-Панасюк была брутальна затрыманая 3 студзеня 2021. Ёй выставілі абвінавачванні паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) за тое, што нанесла драпіну аднаму з міліцыянтаў, якія ўварваліся да яе дамоў. Пазней стала вядома, што жанчыну таксама вінавацяць у абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). За гэтыя артыкулы Паліну асудзілі на 3 гады. Падчас зняволення жанчыну некалькі разоў змяшчалі ў карцар, яна скардзілася на псіхалагічны і фізічны ціск, збіццё.

6 жніўня 2023 года Паліна Шарэнда-Панасюк павінна была выйсці на волю, але супраць яе адкрылі новы крымінальны артыкул за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі. 9 кастрычніка 2023 г. суддзя Рэчыцкага раённага суда Станіслаў Іванюценка агучыў вырак: 1 год і 3 дні калоніі.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png