Ва Украіне 14 снежня абвешчаны днём шанавання ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. У Беларусі падобнага дня няма. Больш за тое, у адрозненне ад Украіны, беларускіх ліквідатараў пазбавілі шматлікіх сацыяльных ільготаў. А таксама панізілі іхні статус “ліквідатараў” да “пацярпелых”.
Гомельшчына з’яўляецца найбольш пацярпелым рэгіёнам ад аварыі на ЧАЭС. У выніку трагедыі 70% тэрыторыі аказалася забруджанай радыёактыўнымі элементамі.
Раней у Гомелі прадстаўнікі гомельскіх дэмсіл ушаноўвалі памяць ахвяраў трагедыі на ЧАЭС. Спачатку гэта былі ланцугі памяці ў Піянерскім скверыку, потым ускладанне кветак і вянкоў да Чарнобыльскай каплічкі. Аднак ужо тры гады праз рэпрэсіі і ціск на грамадскі сектар падобныя мерапрыемствы ў горадзе не праводзяцца.