Хутка запрацуе дарога паміж мікрараёнамі Шведская горка і Любенскі. “Штодзень” праверыў, як выглядае новы аб’ект, які пачалі будаваць яшчэ ў пачатку 2000-х.
Дарога, якая звязвае Шведскую горку і мікрараён Любенскі неабходная, каб вырашыць у першую чаргу праблемы з адукацыйнымі ўстановамі. Мікрараён Шведская горка пабудаваны, налічвае 20 тысяч жыхароў, але школы там так і не з’явілася.
У 2019 годзе жыхары мікрараёна стваралі петыцыю з просьбай распачаць будаўніцтва школы, паколькі дзеці вымушаныя дабірацца да школ на грамадскім транспарце, пераходзіць ажыўленыя дарогі, што небяспечна. Пытанне наконт школы жыхары Шведскай горкі ўздымалі і год таму. Аднак тады намесніца начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама Алена Парошына заявіла, што яны могуць толькі “праглядзець транспартную лагістыку”.
Добрая навіна для аматараў хадзіць пешкі: ходнікі, выкладзеныя пліткай, зроблены на працягу амаль усёй дарогі. Ужо можна рабіць вечаровыя шпацыры па маршруце “Шведская горка – 5-ы мікрараён”. Хутка новы шлях змогуць ацаніць і аўтамабілісты: асфальт пракладзены на значнай частцы дарогі. А вось раварыстам давядзецца пачакаць – на месцы роварнай сцежкі пакуль гравій.
Кавалкі дарогі, пашкоджаныя веснавымі падтапленнямі, пакуль не адрамантаваныя.
Падобна, што тут плануецца пусціць грамадскі транспарт – такія пляцоўкі звычайна робяць для прыпынкаў.
Напэўна, плануецца нейкая забудова па правым баку дарогі (калі стаяць спінай да Шведскай горкі), бо сюды завезена шмат пяску. Дзіўна, бо гэтая тэрыторыя ляжыць даволі нізка і ўвесну патанае ў вадзе.
Па цэнтры часткова пабудаванай дарогі раскапалі, каб пакласці бетонныя кольцы. Чаму гэта не зрабілі да таго, як класці гравій – не вядома.
З боку 5-га мікрараёна працы амаль завершаныя.
Новыя светлафоры на пераходах вельмі танюткія. Пакуль яны яшчэ не працуюць.
Штодзень https://t.me/shtodzien, https://www.facebook.com/sztodzien