Конкурс скіраваны на развіццё школьнай і нефармальнай адукацыі для дзяцей. Арганізатары абяцаюць падтрымаць інавацыйныя адукацыйныя праекты і адукацыйныя арганізацыі на суму да 20 тысяч еўра.
Мэты конкурсу:
– Падтрымка, распрацоўка, умацаванне жыццяздольнасцi і даследаванне інавацый у адукацыі (навучальных праграмаў, методык, арганізацыйных мадэляў) для дзяцей у Беларусі ці ў транспамежным анлайн-фармаце.
– Падтрымка беларускіх нефармальных адукацыйных арганізацый і ініцыятываў, кароткатэрміновых праектаў, скіраваных на ўзмацненне і распаўсюд у самых шырокіх колах мовы і беларускай культуры, функцыянальнай пісьменнасцi (камунікатыўнай, сацыяльнай, грамадзянскай і г.д.), а таксама падтрымка настаўнікаў як у Беларусі, так і ў эміграцыі, якія працуюць афлайн і анлайн.
Конкурс праводзіцца для:
- беларускіх адукацыйных установаў і ініцыятываў у Беларусі і за мяжой, якія працуюць афлайн і анлайн;
- адукацыйных арганізацыяў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, суседніх краінах ці краінах-сябрах ЕЗ;
- асобаў, якія дзейнічаюць ад імя нефармальнай групы або ініцыятывы;
- школьных настаўнікаў, чыя дзейнасць па большай частцы праходзіць у Беларусі;
- дзеячаў культуры і адукацыі.
”Мы канстатуем крытычную патрэбу ў інавацыях для вырашэння праблем і раскрыцця магчымасцей адукацыі 21-га стагоддзя. Гэтая праграма накіравана на фінансаванне праектаў, гатовых ісці на пралічаныя рызыкі, даследаваць новыя падыходы і выкарыстоўваць перадавыя тэхналогіі для стварэння надзейных і маштабаваных рашэнняў для адукацыі. Мы б хацелі, каб у выніку рэалізацыі дадзенай праграмы хаця б часткова вырашыліся праблемы абмежаванага супрацоўніцтва паміж беларускімі адукацыйнымі праектамі і дэфіцыту інавацыйных падыходаў да навучання і выкладання”, — адзначае кіраўнік праекту “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” Аляксей Канстанцінаў.
Папярэдні грантавы конкурс “Васьмінога” ладзіўся ў пачатку бягучага года. У сітуацыі вострай канкурэнцыі са 113-ці заявак былі адабраныя 15 праектаў на агульную суму больш чым у 285 тысяч еўра. У прыватнасці, былі падтрыманыя наступныя праекты:
Навучанне дзяцей школьнага ўзросту з аўтызмам;
Стварэнне адукацыйнага і інавацыйнага відэакантэнту для вывучэння беларускай мовы і гісторыі, гуманітарных дысцыплін для школьнікаў;
Беларускамоўны падкаст па біялогіі (серыя крэатыўных перадач для школьнікаў);
Распрацоўка праграмнага зместу гісторыка-грамадазнаўчага і філалагічнага блоку для настаўнікаў;
Стварэнне падручніка па геаграфіі для старэйшых класаў;
Падтрымка падлеткавага клуба;
Арганізацыя летніка і нядзельнага клуба для беларускіх школьнікаў у Літве і Польшчы;
Падтрымка некалькіх школ выхаднога дня ў розных гарадах і краінах.
Падрабязную інфармацыю пра новы конкурс адукацыйных праектаў “Васьмінога” чытайце на сайце vasminoh.school.