Што агульнага ў арабскага горада будучыні Mirror Line, польскага Труймяста і гомельскай Навабеліцы?
Планіроўка. Доўгая і вузкая тэрыторыя выцягнута ўздоўж магістралі. У такіх умовах галоўным грамадскім транспартам звычайна становіцца чыгунка. Адзін цягнік перавозіць непараўнальна больш асобаў, чым аўтобус ці трамвай, ніякіх затораў, усё па раскладзе. У сувязі з запланаваным рэмонтам беліцкага пуцеправоду варта было б і гомельцам пільней прыгледзецца да гэтага віду транспарту.
Калі, як плануецца, Беліца будзе звязана з астатняй часткай Гомеля толькі праз мост у 5-м мікрараёне, тутэйшым не пазайздросціш. Уявім сабе ўмоўнага жыхара 104-га мікрараёна, якому трэба завезці дзіця ў 2-ю ці 63-ю школу (менавіта так даводзіцца рабіць шматлікім сем’ям), а затым вярнуцца і крукам паехаць на працу. Колькі часу зойме штодня такі шлях на працягу 10 месяцаў рамонту? Да таго ж вуліцы Хмяльніцкага (на адрэзку паміж вул. 60 год СССР і вул. Быхаўская) і Жукава зранку, калі ўсе спяшаюцца на працу, запоўненыя аўтамабілямі. Калі сюды пусціць увесь беліцкі транспартны паток, пазбегнуць калапсу не атрымаецца.
Дык чаму б не скарыстацца тым, што зарэчныя тэрыторыі знітаваны з асноўнай часткай Гомеля чыгункай? Чыгуначная станцыя ў Навабеліцы пабудавана яшчэ ў 1887 годзе. Але выкарыстоўваецца яна выключна для абслугоўвання прыгарадных цягнікоў. Як грамадскім транспартам ёй зрэдку карыстаюцца хіба што жыхары Залініі. (А вы як думалі? У Беліцы ёсць усё сваё, аўтаномнае, нават Залінія).
Падчас рамонту беліцкага пуцеправоду значная частка навабельцаў (Дарэчы, а як бы вы назвалі асобаў з беліцкай прапіскай? Напішыце ў каментарыях, нам будзе цікава) магла б скарыстацца паслугамі чыгункі. Канешне, не ўсё так проста, і перадусім трэба было б вырашыць шэраг пытанняў.
Паколькі станцыя знаходзіцца ў пачатку раёна, дабрацца да яе з розных куткоў Навабеліцы будзе цяжкавата. Лагічна было б арганізаваць курсіраванне праз Ілліча і паралельныя вуліцы аўтобусаў, якія прывозілі б да станцыі, ці, калі гэта складана, хаця б да пешаходнага моста праз чыгунку (гэта, канешне, не лепшы варыянт, бо пераадольванне стромкіх прыступак у непагадзь ці для асоб з праблемамі са здароўем ꟷ той яшчэ квест). На перасадку таксама патрэбны час. Але па чыгунцы можна апынуцца ў цэнтры значна хутчэй, чым пры аб’ездзе праз Савецкі раён.
Маленькая станцыя “Навабеліцкая” не мае столькі кас і касірак, каб прадаць неабходную колькасць квіткоў. Пашырыць штат супрацоўнікаў на час рамонту, канешне ж, немагчыма. Але ў ХХІ ст. гэтая праблема вырашаецца лёгка: квіткі на гарадскія цягнікі (як на адну паездку, так і праязны на месяц) можна было б рэалізоўваць праз сервіс “Аплаці”.
Зразумела, шмат арганізацыйнай працы прыйшлося б зрабіць Гомельскаму аддзяленню Беларускай чыгункі. Трэба арганізаваць шмат дадатковых рэйсаў. Але, улічваючы істотнае скарачэнне пасажыра- і грузаперавозак за апошнія гады, дадатковы аб’ём працы чыгунцы дакладна не перашкодзіў бы.
Напэўна, ёсць толькі адна невырашальная (на дадзены момант, бо ў доўгатэрміновай перспектыве і гэта можна вырашыць) праблема. На жаль, у Гомелі няма сістэмы продажу агульных для ўсіх відаў транспарту квіткоў. Таму плаціць жыхарам Навабеліцы прыйшлося б двойчы: спачатку за аўтобус да станцыі, потым за цягнік.
Але ці абмяжоўваюцца магчымасці выкарыстання чыгункі станцыяй “Навабеліцкая”? Рэйкі для цягніка цягнуцца ўздоўж амаль усёй Беліцы. Гэтая лінія не выкарыстоўваецца для пасажыраперавозак. Калі паглядзець на мапу, можна зрабіць выснову, што яна існуе альбо для патрэб Завода хімічных вырабаў, альбо для Вайсковай часткі, што знаходзіцца непадалёк ад 1-й школы. Лінія дзейная, але амаль не загружаная. Дык магчыма можна было б арганізаваць некалькі часовых платформ і прыпынкаў і збіраць пасажыраў з амаль усяго раёна без перасадак? Канешне ж, кошты ўсіх патрэбных прац павінен пакрываць увесь горад, а не толькі Гомельскі філіял Беларускай чыгункі.
Зрэшты, у доўгатэрміновай перспектыве наземнае метро бачыцца адзіным выйсцем з транспартнай праблемы Беліцы. Шкада, што гэтая ідэя не была рэалізавана да разбудовы новых мікрараёнаў, якія значна павялічылі колькасць жыхароў Навабеліцы. Рэгулярна ў гадзіны пік утвараюцца вялізныя коркі на выездзе з раёна, людзі марнуюць час у чаканні, спазняюцца на працу.
Што дало б наземнае метро? Пры выкарыстоўванні хуткасных цягнікоў вялікія грамады маглі б за кароткі тэрмін, заўсёды згодна з раскладам, даехаць да цэнтра. Пабачыўшы, як гэта хутка і камфортна, чыгункай маглі б карыстацца не толькі тыя, хто зараз ездзіць грамадскім транспартам, але і ўладальнікі ўласных аўто. Скарачэнне колькасці апошніх было б істотнай палёгкай для экалогіі Гомеля.
Зразумела, усё гэта разважанні на ўзроўні эсэістыкі. Безумоўна, колькасць пытанняў, што ўзнікла б пры рэалізацыі гэтых ідэй, можа быць значна большай, ёсць шмат нюансаў, якія трэба ўлічыць. Калі вы маеце досвед у арганізацыі чыгуначных пасажыраперавозак і вам ёсць што сказаць на дадзеную тэму, падзеліцеся з намі сваімі меркаваннямі.
Штодзень