Навіны горада

Міфічныя істоты, штучны інтэлект і адметнасці беларускіх ваўкалакаў

“Штодзень” паразмаўляў са стваральнікам “Беларускага бестыярыя” Яўгенам Катом

Гомельскі мастак, стваральнік “Беларускага бестыярыя” Яўген Кот. Фота: з архіву героя матэрыяла

 

— Распавядзіце, калі ласка, пра бестыярый: як ён з’явіўся, ці папярэднічалі яму іншыя праекты?

—  Першапачаткова, каля 20-ці год таму з’явіўся партал bestiary.us, тут збіралася інфармацыя пра міфічных істотаў усіх краін. Мяне гэта тэма заўсёды цікавіла. Пасля зразумеў, што пра беларускіх міфічных істотаў не так шмат інфармацыі. І пачаў капаць у гэтым накірунку. І вось ужо год пяць маё захапленне і доўжыцца.

 

Апівень — паводле беларускіх павер’яў нячысцік, які чапляецца да людзей, схіляючы іх да п’янства

 

—  А адкуль увогуле ў вас такая цікавасць да міфалагічных істотаў?

— Неяк з дзяцінства пайшло — цікавіўся міфалогіяй і жывёламі. Вось скрыжаванне гэтых цікавасцяў мяне і захапіла.

 

— А на ўласныя вочы вы нячысцікаў бачылі? 

— Не — мабыць, нячысцікі вельмі ўдала ад мяне маскіруюцца. Але да міфалагічных істотаў і хочацца аднасіцца  як да нечага казачнага, незвычайнага. Для мяне гэта тэма — не пра нашу рэальнасць.

 

— Вы карэнны гамяльчук, калі распавядаеце пра міфы — адразу думкі пра Палессе. Я з поўначы, у нас таксама ёсць балоты — тая ж Ельня. Але прастора майго дзяцінства — таксама і хрысціянізаваная. А вось Палессе, падаецца, так і застаецца скарбонкай паданняў і міфаў. 

— Так і ёсць. Палессе — сапраўды скарбонка брутальных архаічных вобразаў. Але, калі глядзець па крыніцах беларускай міфалогіі, поўнач таксама багатая на такія гісторыі. Узяць тую ж Ельню — мясціны, дзе вёскі былі значна адарваныя ад астатняга свету. Замкнутая прастора правакавала з’яўленне розных паданняў і забабонаў. Але гэта тычыцца і ўсёй Беларусі — ў нас шмат азер, рэк, з масштабнымі сезоннымі разлівамі.

 

Паляся (паляха) — паводле беларускай міфалогіі, жаночы дух поля, «прыгажуня гаспадыня палявая», апякунка палявых птушак і жывёл, якія пасвяцца ў палях. Здольная знайсці і вярнуць людзям згубленую жывёлу ў абмен на хлеб альбо дапамогу ў перадачы паведамлення сяброўцы-дамасі (жонцы дамавіка). Апісваецца як прыгожая дзяўчына, часам з птушыным гняздом на галаве

 

— Распавядзіце, з якіх крыніц вы бярэце інфармцыю для вобразаў?

—  Калі я пачынаў цікавіцца беларускай міфалогіяй — было вельмі цяжка знайсці крыніцы. Можна было патрапіць на цікавае выданне ў кнігарні, але гэта калі пашанціць. З часам стала прасцей — штосьці пачало з’яўляцца ў інтэрнэце. Калі глядзець на крыніцы, якія маю на паперы ці онлайн — гэта сучасныя беларускамоўныя навуковыя даследванні, рускамоўныя і польскамоўныя выданні 19 ст. Менавіта ў гэты час вельмі вырасла цікавасць да фалькларыстыкі, тады было запісана шмат інфармацыі па беларускім краі, асабліва ў рускамоўных і польскамоўных крыніцах. З польскім крыніцамі нават прасцей — у пэўны момант іх пачалі масава аблічбоўваць. Крыніцы ў лічбе з постсавецкай прасторы з’яўляюцца нашмат пазней. Чытаю і мастацкія крыніцы — творы Я. Баршчэўскага, У. Караткевіча — ў іх шмат фальклора і міфалогіі.

 

— А ці з’яўляюцца для вас крыніцай размовы з людзьмі?

—  Так, канечне. Але я не прафесійны фалькларыст і ў мяне няма вопыту этнаграфічных экспедыцій. Але шмат стасуюся з этнографамі, якія зараз таксамі зацікавіліся папулярызацыяй беларускай міфалогіі і пачалі дзяліцца інфармацыяй.

 

— Так, цяпер большасць беларусаў жыве ў гарадах. Але адразу ўзгадваю дзяцінства — прабабуля казала, каб я асцерагалася русалак у жніўні — яны сядзяць у жыце і могуць цябе заказытаць да смерці. 

—  Так, беларускія русалкі адрозніваюцца ад заходнеўрапейскіх. У іх гэта істоты з рыбіным хвастом, а ў нас гэта звычайная нечысць — памерлыя дзяўчыны, тое, што вярнулася з іншага свету. Часцей за ўсе — гэта нядобрыя істоты.

 

Пячурнік – беларускі дамавік, які жыве пад печчу. Сваім абліччам нагадвае ката, які ходзіць на задніх лапах.

 

— А якая ваша любімая беларуская міфічная істота?

— Мне вельмі падабаецца дабрахожы. Мабыць, першы задакументаваны запіс пра яго быў зроблены ў 19 ст., сабраны на тэрыторыі сучаснай Магілёўскай вобласці і надрукаваны на польскай мове. То бок ён пайшоў у польскамоўную прастору. І ў крыніцах пра яго пасля напісана, што ён жыве ў лясах усходняга края Рэчы Паспалітай. І калі прасачыць ужо па сучасных польскамоўных крыніцах, то атрымліваецца, з часам ён перамясціўся з Магілеўшчыны на Падляшша. Ён увогуле любіць мяняць сваё месца знаходжання. Першапачаткова гэта дух леса, але калі дрэвы рубяць на дровы, каб збудаваць хату, ён разам з дровамі пераходзіць у дом і становіцца духам хаты. Варыятыўны такі персанаж.

 

— Па апісанні прама звычайны такі беларус атрымліваецца. Цікава пра яго пачытаць болей.

— Ну вось і праблема, з якой для мяне ўсё пачалося — звычайна беларусы вельмі мала ведаюць пра істоты, унікальныя менавіта для беларускай міфалогіі. Калі мы кажам пра агульнаславянскіх — дамавік, Баба-Яга, балотнік — яны вядомыя з дзяцінства, бо так склалася, што часцей мы ведаем лепей рускія казкі, чым беларускія. А вось калі казаць пра ўнікальных беларускіх істот — калі пра іх не ведаюць за межам краіны, то і ўнутры звычайна такая ж сітуацыя.

 

Свіцязянкі — русалкі возера Свіцязь у Навагрудскім раёне, якія спакушаюць хлопцаў і зацягваюць іх пад ваду.

 

—  Ну так, мы сапраўды нячаста сутыкаемся с беларускімі міфічнымі істотамі ў інфармацыйнай прасторы. Але, дарэчы, у мяне ў дзяцінстве была кніга “Заклятыя скарбы”, нават цяпер памятаю нячысцікаў адтуль, асабліва лютага кадука на фоне сланечнікаў у полі.

— Кніжка цікавая, так. Добры прыклад папулярызацыі беларускай культуры на дзіцячую аўдыторыю, пры тым, што малюнкі не зусім дзіцячыя.

 

— А чым вы натхняецеся, калі ствараеце вобразы? Ці ёсць мастакі, якімі вы захапляецеся?

— Калі казаць пра тэму міфалогіі — беларускіх мастакоў можна пералічыць па пальцах. Прадстаўнік старой школы — канешне, В. Славук. Ёсць добрае выданне з яго малюнкамі —  “Чароўны свет” . Шмат хто лічыць яго творы канонам — да нашага часу ніхто не маляваў беларускіх нячысцікаў так масава. Але, калі казаць пра яго малюнкі менавіта нячысцікаў — для мяне яны занадта лубочныя. Адсоткаў 80-х — гэта бабулькі і дзядулькі ў лапцях, саламяных капелюшах і з торбамі. Такія лагодныя беларусікі з пункту гледжання савецкай ідэалогіі. Зараз, калі малюеш нешта міфалагічнае — хочацца ствараць вобразы, не адарваныя ад сучасных трэндаў. Бо калі казаць пра міфалогію — згодна з найбольш распаўсюджаным апісаннем, дамавік выглядае роўна так жа, як гаспадар хаты. І калі кажам пра гаспадара ў этаграфічнай вёсцы — і дамавік у яго будзе ў нацыянальным адзенні. Але калі кажам пра сучаснага беларуса — то і дамавік у яго будзе адпаведны. Таму калі я малюю — мне важна, каб вобразы адпавядалі таксама і сучаснасці.

 

Бай — у беларускім фальклоры істота, якая жыве ў хаце, якая начамі нябачна блукае па сценах і сваімі чутнымі меладычнымі спевамі ўсыпляе дзяцей, за што атрымлівае ад удзячных гаспадароў штодзённую міску малака і лыжку кашы.

 

Калі казаць пра адлюстраванне беларускага фальклора, таксама ўзгадаю гарадзенскага мастака Артура Басака, мне вельмі падабаюцца яго нячысцікі і погляд на міфалогію. Калі казаць пра творцаў з іншых краін — гэта Т. Кіттелсен, І. Білібін, Р. Паспуеў.

 

— Адносна нядаўна вы “гуляліся” са штучным інтэлектам. Распавядзіце, калі ласка, падрабязней. 

— Зараз пайшла хваля “замаўляць” працэсарам штучнага інтэлекта творы, якія яны малююць па тэкставых апісаннях. Я таксама пагуляўся з адным з такіх двіжкоў — цікава, але збольшага атрымліваецца выпадковы рандом, які з сапраўдным апісаннем істоты мала перакрыжоўваецца. Калі выкарыстоўваць вынік  як тэкстуру — для гульняў, напрыклад — магчыма, але гэта не штосьці сур’ёзнае. Праз тыдзень у сеціве з’явіліся працы дызайнера П. Пілаўца які “замовіў” нейрасетцы выявы гербаў гарадоў і міфічных істотаў.

 

У прынцыпе, такія гульні — з аднога боку — гэта папулярызацыя беларускай міфалогіі. Хтосьці пабачыць малюнак —  і палезе гугліць падрабязнасці. Але ж звычайна сеціва так жыве, што большасць людзей нічога шукаць не будзе. А асацыяцыі менавіта з такой выявай гэтай істоты так і застануцца. І гэта цёмны бок такіх эксперыметаў. Як лічбавае мастацтва —  яно прыгожае, але не супадае на сто адсоткаў з апісаннем, на якім павінна базавацца.

 

— Распавядзіце, калі ласка, вашыя планы, звязваныя з “Бестыярыем”.

— Асноўная мэта праекта — папулярызацыя беларускай міфалогіі, збор інфармацыі і адаптацыі яе для шырокага кола чытачоў. Асноўная яго частка — гэта малюнкі. Ужо некалькі гадоў выходзяць календары “Бестыярыя”, першы я рабіў адзін, апошні — ў супрацоўніцтве з Артурам Басаком. Календары карыстаюцца вялікім попытам — людзям цікавы не столькі стыль фэнтазі, колькі сам факт, што істоты — беларускія.  Друкаваліся паштоўкі, рабілі цішоткі.

Зараз у планах — зрабіць кнігу, для гэтага атрымалася зладзіць каманду з этнографаў і мастакоў. Было няпроста зрабіць так, каб гэта было цікава навукоўцам і ў той жа час не супярэчыла іх бачанню праекта. Увогуле, ранейшыя спробы папулярызацыі беларускай міфалогіі вельмі варожа імі ўспрымаліся, бо грунтаваліся ў тым ліку на спрэчных і  надуманых вобразах. Было цяжка данесці да навукоўцаў, што гэта важна — дзяліцца інфармацыяй са звычанымі беларусамі. Бо калі людзі не будуць ведаць сваю культуру — пустэча будзе запаўняцца іншымі вобразамі. Да прыкладу, агульнаславянскімі, скандынаўскімі, японскімі — гэтыя істота зараз вельмі масава прысутнічаюць у папулярным кіно, гульнях і фэнтэзі літаратуры.

 

—  А ўвогуле, ці сумяшчальныя фэнтэзі і навука?

— Іншых варыянтаў няма. Калі не будзе сумяшчальнай — за межы навукі наша міфалогія так і не выйдзе. Звычайную моладзь цікавіць масавая культура. Зараз замежная культура больш вядомая, і калі мы не будзем спрабаваць уплесці навуковыя працы ў канву сучаснасці — фэнтэзі, гульнявую прастору — міфалогія будзе заставацца ў межах сваёй навукой сферы і нікога за яе межамі не зацікавіць. Цяжка ўспрымаць сухія тэксты.

 

— Так, свае казкі і міфы дакладна цікавей, чым чужыя. А як вы лічыце, якая міфічная істота больш за ўсё падыходзіць сучаснай Беларусі?

— Мабыць, ваўкалак. Гэта вельмі беларуская істота, і яна адрозніваецца ад таго ж вервольфа ці перэваратня з іншых краін. Беларускі ваўкалак па большасці апісваецца не як злачынны персанаж, не як вядзьмар, які пераўтвараецца у ваўка, каб рабіць зло. Звычайна — гэта чалавек, які вымушаны пераўтварацца ў іншую істоту і ў гэтым вобразе саўладаць з абставінамі вакол яго. У кнізе Я. Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях”, якраз ёсць аповед пра ваўкалака, вельмі паказальны. Рэкамендую пачытаць.

Штодзень