1 ВЕРАСНЯ Ў ЛІЧБАХ. ШТО З БЕЛАРУСКІМ НАВУЧАННЕМ?

by ZB
Каля мільёна вучняў пачынаюць сёння заняткі, а першы званок звініць для 110 тысяч першакласнікаў. Такія лічбы падае Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Колькасць дзетак ва ўстановах дашкольнай адукацыі складае 360 тысяч.
У 2023/2024 навучальным годзе ў краіне будуць працаваць 3628 устаноў дашкольнай адукацыі і 2865 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Ілюстрацыйнае фота

А ШТО З БЕЛАРУСКАМОЎНЫМ НАВУЧАННЕМ?
Дазнацца адпаведную статыстыку не проста. У 2020 годзе ў Беларусі больш за 45% школ былі беларускамоўнымі? Прынамсі, пра гэта паведамляла Міністэрства адукацыі. Можна меркаваць, што большасць школ, пра якія ішла гаворка, — гэта ўстановы, што месцяцца ў сельскіх мясцовасцях. Ёсць афіцыйная статыстыка на пачатак навучальнага года 2020-2021. Паводле яе, у дзённых установах агульнай сярэдняй адукацыі па-беларуску навучаліся 10,2% вучняў. Гэта 107,6 тысяч школьнікаў.

Адносна навучальнага года 2023-2024 такой афіцыйнай інфармацыі пакуль няма, таму вызначыць агульную колькасць вучняў, якія будуць вучыцца на беларускай мове, складана. Але можна глянуць на агульную тэндэнцыю (падаецца паводле penbelarus.org).

✔️За 2005–2020 гады доля дзяцей, якія навучаюцца і выхоўваюцца ва ўстановах дашкольнай адукацыі па-беларуску, зменшылася з 12,7% да 9%.
✔️Доля вучняў, якія вучацца па-беларуску ў дзённых установах агульнай сярэдняй адукацыі, зменшылася за гэтыя 15 гадоў з 23% да 10,7%.
✔️Доля навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія атрымліваюць адукацыю па-беларуску, зменшылася з 0,9% да 0,09%.
✔️Колькасць настаўнікаў беларускай мовы ў дзённых установах агульнай сярэдняй адукацыі зменшылася за 2005–2020 гады з 11 535 да 6732 чалавек.
ШТО ЯШЧЭ НОВАГА?
✔️З 1 верасня ўведзены другі абавязковы элемент для школьнай формы. Гэта можа быць пінжак, сарафан, кашуля белага колеру і так далей. Выбіраць абавязковыя элементы школьнай формы ўстановы адукацыі, бацькі і школьнікі павінны былі самі. У Мінску ў некаторых школах адзіны дзелавы стыль адзення ўвялі таксама для настаўнікаў.
✔️Будуць змяняцца падыходы да вывучэння замежных моў. Цяпер на замежных мовах трэба найперш вывучаць культуру і гісторыю Беларусі, а не замежных дзяржаў. Акрамя таго, у кабінетах брытанскі сцяг больш не павінен дамінаваць над афіцыйным беларускім.
✔️Міліцыянеры сёння дзяжураць ва ўсіх школах. У сувязі з правядзеннем 1 верасня ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных пачатку навучальнага года, органамі ўнутраных спраў арганізаваны комплекс аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў, паведамляе МУС .
Паводле adu.by і інфармацыі ў СМІ.
Фота: bel.24health.by.

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png