Зноў перабралі з патрыятызмам. Удзельнікаў II гульняў краін СНД у Гомелі сагналі ўшанаваць памяць воінаў-вызваліцеляў, а потым тры дні забаўлялі АМАПам і спецтэхнікай каля Лядовага палаца

У гэтых гульнях Гомель прымае спаборніцтвы па дзюдо. Яны будуць доўжыцца некалькі дзён. І з гэтай нагоды чыноўнікі практычна кожную гадзіну посцяць новыя фотаздымкі са справаздачамі з месцаў падзей. Усе яны, вядома, перанасычаныя чырвона-зялёнымі кветкамі і словамі пра тое, на якім «высокім узроўні праходзяць усе мерапрыемствы».

Але, здаецца, чыноўнікі чарговым разам перабралі з «патрыятызмам».

Нават цырымонію прывітання спартсменаў у Гомелі прымудрыліся ператварыць у «ваенна-патрыятычны сюр».

Мяркуйце самі: напярэдадні першага дня гульняў прадстаўнікоў каманд з Манголіі, Арменіі, Туркменістана, Казахстана, Азербайджану, Беларусі і, вядома ж, Расеі сагналі ў Алею Герояў, каб тыя «ўшанавалі памяць воінаў-вызваліцеляў», а потым зладзілі нават хвіліну маўчання…

Усё гэта нагадвала мітынг на 9 траўня, 3 ліпеня, але толькі не адкрыццё спартыўных гульняў. Арганізатары ж праз слова называлі спаборніцтвы «святам міру і сяброўства».

«Як ні сумна, але ў нашы дні з’явіліся тыя, хто хацеў бы перапісаць гісторыю, фальсіфікаваць вынікі Другой сусветнай вайны, забраць перамогу, здабытую коштам мільёнаў жыццяў … Мы ўсе разам павінны стаць на абарону гістарычнай праўды і не дазволіць здрадзіць памяці мільёнаў ахвяр і подзвігу ўсіх, хто аддаў жыцці ў імя выратавання нашай агульнай гісторыі», – заявіў там жа, на Алеі Герояў, прысутным спартсменам кіраўнік Гомельскага гарвыканкаму Уладзімір Прывалаў.

У такім жа стылі выказаліся і прадстаўнікі расейскай дэлегацыі, у прыватнасці дырэктар Федэрацыі дзюдо РФ Кірыл Дзянісаў.

Але на гэтым прамыванне мазгоў не скончылася.

Ля Лядовага палаца, да прыкладу, у якасці забавы, усталявалі вайсковую тэхніку, а народ паставілі забаўляць супрацоўнікаў АМАПу – яны вучылі страляць, паказвалі зброю і распавядалі пра «сапраўдны патрыятызм».

У гэты ж час іншыя супрацоўнікі АМАПу з мэтай «абараніць і забяспечыць бяспеку» ўзялі горад у шчыльнае кола і патрулююць тэрыторыю нават каля вадаёмаў, у якіх купаюцца гомельцы.

Словам, горад падрыхтаваўся на ўсіх узроўнях. Да прыкладу, да пачатку гульняў, на клумбах каля гомельскай набярэжнай усталявалі нават шыльды, на якіх усім настойліва нагадваюць, што ў выпадку чаго (калі хто наступіць або сарве кветку) да іх будзе прыменена адміністрацыйная адказнасць.

Адным словам, удзельнікам гульняў дакладна будзе пра што расказаць і што ўспомніць пра Беларусь.

Штодзень

Фота: сайт Гомельскага гарвыканкаму

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары