Злы дэман княгіні Паскевіч

Дэтэктыўная гісторыя пра тое, хто пакінуў апошнюю ўладальніцу Гомеля без грошай і на літасць бальшавікам

by ZB

Апошняя ўласніца гомельскага палацу, княгіня Ірына Паскевіч, з’яўляецца адной з самых вядомых і шанаваных жанчын у гісторыі горада. Ёй прыпісваюць шматлікія добрыя ўчынкі, якая яна здзейсніла пры жыцці. У прыватнасці, гаворыцца, што арыстакратка падтрымлівала грашыма таленавітых выхадцаў з бедных сем’яў, спрычынілася да з’яўлення ў Гомелі водаправоду, утрымлівала і будавала школы (пабудавала 10 навучальных установаў у горадзе). Княжна таксама стала першай перакладчыцай рамана Льва Талстога “Вайна і мір” на французскую мову. Пра Ірыну Паскевіч дагэтуль пішуць навуковыя артыкулы і ў яе гонар названая вуліца ў цэнтры горада. У Гомелі некалькі помнікаў усталяваныя ў гонар гэтай прадстаўнічкі арыстакратычнай сям’і Варанцовых-Дашковых. Але, нягледзячы на шматлікія дасягненні гэтай жанчыны, некаторыя абставіны яе жыцця дагэтуль застаюцца таямніцай. У прыватнасці, да канца невядома, чаму княгіня не пакінула ахоплены рэвалюцыяй Гомель і памерла ў нэндзы.

Ірына Варанцова-Дашкова была выдадзеная замуж за сына расейскага ваеначальніка Івана Паскевіча. Як сведчаць шматлікія крыніцы, шлюб з заможным спадчыннікам Фёдарам не быў добраахвотным, а хутчэй дыктаваўся фінансавымі інтарэсамі сям’і. “Фёдар Іванавіч надта адрозніваўся ад свайго бацькі як з пункту гледжання фізічнага, так і характару… Гэта часта давала падставы для недвухсэнсоўных жартаў”, – піша пра князя Фёдара ў аўтабіяграфічнай кнізе “Сага сем’яў Нолькенаў і Ханецкіх” апошняя прадстаўнічка роду касцюковіцкіх баронаў фон Нолькенаў Данута Кораль.

Фёдар і Ірына

“Княгіня была далікатнай, дробнай і лагоднай. Грала цудоўна на раялі, перакладала з французскай мовы літаратуру і пісала вершы. Князь хварэў на нейкую дзіўную хваробу. Слугі гаварылі, што з-пад скуры ў яго вылазілі “вошы”. Што гэта было, цяжка цяпер сказаць, як тое – колькі ў тых гісторыях было праўды. Таксама гаварылася, што, расчараваны нямогласцю лекараў, князь дазволіў нейкаму вясковаму знахару зашыць сябе ў цёплую яшчэ, нядаўна выпатрашаную тушу свінні”, – гаворыцца ў тых жа ўспамінах. Паводле людскіх плётак, усе “насякомыя” выйшлі са скуры князя да свежага мяса”.

Фабрыка Паскевічаў па вырабе паперы ў Добрушы. Фота: monument.goub.by

Сямейнае жыццё князёў Паскевічаў не было шчаслівым, што ні для каго не было сакрэтам:
“Дзяцей не мелі і княжна разгарнула дабрачынную дзейнасць. Закладала прытулкі для сірот, дзіцячыя садкі для бедных і багадзельні для старых, апекавалася бяздомнымі і шпіталямі…”

Палац Румянцавых-Паскевічаў. Фота: Мікола Жукоўскі, radzima.org

У шматлікіх артыкулах на тэму апошніх год жыцця княгіні часта распавядаецца пра тое, што яна перапісала ўсю сваю маёмасць на карысць дзяржавы. А бальшавікі за гэта нібыта не пакрыўдзілі старую, нават выплачвалі ёй пенсію да смерці. Памерла яна ў 1924 годзе ад запалення лёгкіх у доме свайго кухара Ляшкевіча па вуліцы Жандармскай (цяпер вул. Карла Маркса), непадалёку ад палаца.

Разам з тым застаецца адкрытым пытанне наконт таго, чаму ўсё ж такі заможная княгіня не паспела эвакуявацца ў бяспечную Еўропу і памерла ў галечы ў Гомелі.

Помнік Ірыне Паскевіч у Гомелі

Адказ на гэтае пытанне можна знайсці таксама ў кнізе “Сага сем’яў Нолькеных і Ханецкіх”. Аўтарка мемуараў Данута Кораль наўпрост вінаваціць у бядотным становішчы Ірыны Паскевіч гомельскага доктара Міхася Бачкоўскага, які карыстаўся неабмежаваным даверам княгіні і пусціў яе багацце на вецер.

Як апісваюць сучаснікі Міхала Бачкоўскага, ён паходзіў з небагатай сям’і, але атрымаў добрую адукацыю ў Пецярбургу. Паводле Дануты Кораль, адсутнасць грошай у сям’і вісела над ім праклёнам і адбілася ў негатыўным сэнсе на ягоным характары: “Вечны страх, што грошай не хопіць і празмерны разлік, прышчэплены маці, толькі паглыбілі адмоўныя рысы… Беднасць і неабходнасць зарабляць на жыццё цяжкай працай выпрацавалі ў ім нелюбоў, якая часам даходзіла да варожасці, у адносінах да тых, у каго не існавала фінансавых праблем. Можа, ужо тады ён абяцаў сабе, што стане багатым чалавекам? Любой цаной?”

Міхал Бачкоўскі меў сваю лекарскую практыку ў Гомелі, але не карыстаўся вялікай павагай пацыентаў. Некаторыя жартавалі, што ён баяўся заразы і з задавальненнем праглядаў бы хворых на адлегласці праз даўгую, стэрылізаваную падзорную трубу.

Відаць, каб палепшыць сваё становішча з грашыма, Міхась вырашыў ажаніцца з дачкой заможнага гомельскага землеўласніка Станіслава Нолькена Геленай. Пазнаёміўшыся з зяцем, памешчык не быў у захапленні ад мезальянсу, таму ў спадчынным дакуменце наклаў мноства абмежаванняў на распараджэнне доляй маёмасці дачкі.

Фінансавая сітуацыя паправілася, калі Міхал Бачкоўскі прамяняў прафесію лекара на пасаду адміністратара ўсёй маёмасці князёў Паскевічаў. Гэта здарылася пасля смерці апошняга ўладальніка маярату ў Гомелі.

Аднак, дарваўшыся да магчымасці кіраваць аграмаднай бізнес-імперыяй Паскевічаў (фальваркі, фабрыкі, нерухомасць і гд.), звычкі выкарыстоўваць становішча для ўласнага ўзбагачэння Бачкоўскі не пакінуў. Напрыклад, ён займеў моду ў мэтах эканоміі ўласных сродкаў абедаць штодзень разам з княгіняй, чым выклікаў шаленства ў прадстаўнікоў сям’і Нолькенаў, з якіх паходзіла ягоная жонка Гелена.

Праз некалькі год працы адміністратарам маёмасці Паскевічаў Бачкоўскі стаў лічыцца вельмі багатым чалавекам. Ён кіраваў справамі аграмаднага маёнтку, княгіня абдарыла яго неабмежаваным даверам, чым ён і карыстаўся напоўніцу.

Аднойчы, вяртаючыся з Кіева цягніком у адным купэ з незнаёмымі панамі, Ядвіга Ханецкая-Нолькен (жонка апошняга ўласніка Касцюкоўкі) выпадкова пачула абрыўкі размовы мужчын. З некалькіх сказаў стала зразумела, што спадары абмяркоўваюць сітуацыю з пажылой княгіняй Паскевіч і Бачкоўскім, хоць ніводнага прозвішча не прагучала. З той размовы вынікала, што Бачкоўскі з’яўляецца несумленным чалавекам, выкарыстоўвае княгіню і ўзбагачаецца за яе кошт так імкліва, што яго маёнтак ацэньваецца ў мільён рублёў.

Па выхадзе на перон у Гомелі пані Ядвіга дазналася, што ехала, аказваецца, у адным купэ з сямейным юрыстам Паскевічаў, гарадскім суддзёй і трэцім невядомым мужчынам.

Калі выбухнула рэвалюцыя ў 1917 годзе, усе раілі Ірыне Паскевіч выехаць як мага хутчэй за мяжу. Але яна спакойна адказвала, што “пра ўсё клапаціцца дарагі Міхаіл Ігнацьевіч і што яна з поўным даверам прыслухаецца да яго рашэння…” Як пазней аказалася, у выніку такога сляпога даверу да Міхася Бачкоўскага яна памерла ў галечы ў адным з прытулкаў, на які калісьці сама ж выдаткоўвала грошы.

Пасля Брэсцкага міру ў 1918 годзе, калі з’явілася магчымасць выехаць у эміграцыю, Міхась кінуў жонку з дочкамі, а таксама сваю дабрадзейку княжну Ірыну Паскевіч, без фінансавай падтрымкі. І выехаў паспешліва ў Кіеў, які не быў пад кантролем бальшавікоў. Гэтага было мала. Ён затэлеграфаваў жонцы Геленцы, каб яна пераслала поштай ювелірныя ўпрыгожанні. Але да адрасату гэтая біжутэрыя не дайшла. Магчыма, у ахопленым полымем рэвалюцыі Гомелі супрацоўнікі пошты проста пакінулі сабе няправедна здабытыя багацці. У любым разе гісторыя змоўчвае, хто стаў уласнікам каштоўнасцей.

Праз пару год стала вядома, што Міхась Бачкоўскі бясслаўна памёр у Кіеве. І без капейкі грошай.

Штодзень
Фота: Вікіпедыя

 

 

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png