8 верасня так званыя ўлады Беларусі праводзяць грамадскія слуханні перад выдачай ліцэнзіі на прамысловую эксплуатацыю другога энергаблока БелАЭС. Незалежныя эколагі Беларусі выступаюць за прыпыненне гэтага працэсу, пакуль улады не вырашылі крытычныя праблемы, якія нясуць пагрозу жыццям і здароўю беларусаў. Эколагі запусцілі адкрытае апытанне пра давер да беларускіх уладаў у пытаннях бяспекі БелАЭС і адносіны беларусаў да АЭС у цэлым.
7 верасня экспертная супольнасць беларускіх экалагічных арганізацый і ініцыятыў “Зялёная Сетка” выпусціла афіцыйную заяву. Эколагі заклікаюць да закрыцця БелАЭС у доўгатэрміновай перспектыве, тым больш, што ў Дзяржатамнагляда гатовы дэталёвы план па вывадзе станцыі з эксплуатацыі. У кароткатэрміновай – не выдаваць ліцэнзію на прамысловую эксплуатацыю другога блока БелАЭС і спачатку разабрацца з праблемамі эксплуатацыі першага блока.
Сярод агучаных праблем БелАЭС: небяспека для здароўя людзей і экалогіі, адсутнасць празрыстасці ў пытаннях будаўніцтва і эксплуатацыі станцыі (у прыватнасці, незразумелыя праблемы з працай першага энергаблока), адсутнасць магчымасці рэальнага ўдзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў па запуску энергаблокаў, адсутнасць рынкаў збыту для электраэнергіі…
Спецыялісты крытыкуюць прапанаваныя беларусам фармат і ўмовы ўдзелу ў грамадскіх слуханнях, называючы мерапрыемства, якое мае адбыцца, прафанацыяй. На пытанне “Ці хочуць улады слухаць і чуць людзей?” адказ адмоўны. У сувязі з чым Зялёная Сетка запусціла адкрытае апытанне Вашае стаўленне да БелАЭС і давер уладам наконт яе бяспекі? Галасаванне завяршаецца 11 верасня ў 14.00 па Менскім часе. Вынікі будуць апублікаваны на Зялёным партале і накіраваны ў Дзяржатамнагляд.