Жыхары Жлобіна скардзяцца на сабак і іх гаспадароў, улады абіраюць месца для пляцоўкі для выгулу

Пацяпленне падняла ў Жлобіне традыцыйную для беларускіх гарадоў вясновую праблему: адсутнасць прыборкі за выхаванцамі і недахоп месцаў выгулу сабак у крокавай даступнасці. Мясцовыя ўлады ў той жа час выставілі на галасаванне месца размяшчэння новай пляцоўкі.

Ілюстрацыйнае фота

«Мікрараён 18, выгульваюць сабак прама на дзіцячай пляцоўцы, учора з дзіцем выйшлі вакол адны ўгнаенні, беспардоннасць проста зашкальвае, і гэта не адзіны выпадак, асабліва раніцай калі ідзём у сад, на дарожках ўсюды ўгнаенні, колькі гэта будзе працягвацца!??» – запыталася ў рэгіянальным чаце Марына.

«Калі-небудзь пачнуць штрафаваць і наводзіць парадак з гаспадарамі сабак?» – запытваецца Кацярына і наракае, што ад праблемы церпіць увесь горад. Яна прапануе хаця б павесіць таблічкі, што выгул сабак забаронены і якія за гэта могуць быць штрафы.

Крысціна заклікае штрафаваць: «На 17 мкр ніводнай не бачыла ніколі таблічкі! Прама на дзіцячых пляцоўках выгульваюць сваіх сабак! Хтосьці пачне іх штрафаваць ці не? Дзяржаве не патрэбны лішнія грошы? А нам патрэбна элементарна чысціня! Дзецям гуляць проста няма дзе!»

У сваю чаргу Галіна патлумачыла праблему адсутнасцю пляцовак для выгулу: «А можа будзем рэалістамі, пляцовак для выгулу замала і раніцай на край свету не пойдзеш з сабачкам. У мяне няма сабакі, але ўладальнікаў добра разумею. А штрафаваць трэба хто за сваім гадаванцам не прыбраў, за месяц грошай набярэцца і на пляцоўкі і на прытулак для бяздомных жывёл!»

«Адзін выгул на ўсе мікрараёны і той 2 на 2 метры. Выгулы павінны быць у кожным мікрараёне. Людзі за жывёл плацяць унёскі», – адзначыла Ніна.

Пра праблему адсутнасці пляцовак кажуць і жыхары вуліц Паўднёвай і Першамайскай.

На ўвесь горад на канец 2023 года было толькі 2 абсталяваных пляцоўкі для выгулу сабак: на вуліцы Казлова і ў Мікрараёне 18 (на той момант яе заканчвалі дарабляць, выглядала яна невялікай). Улады таксама раілі яшчэ 5 «свабодных ад забудовы тэрыторый».

У 2018 годзе жыхары нават збіралі подпісы за тое, каб у горадзе з’явілася хаця б адна абсталяваная пляцоўка, улады вырашылі, што магчымасць для з’яўлення дадатковых пляцовак ёсць.

Цяпер, да 16 сакавіка, ідзе галасаванне пра размяшчэнне трэцяга месца для выгулу. Выбар паміж вуліцай Палявой і Вайкова. Апошняя на сёння пераканаўча лідзіруе.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары