Ролік пра тое, што патрэбны аўтобус не прыйшоў своечасова гамяльчанка Аксана размясціла больш за тыдзень таму. Ён выклікаў заўважную дыскусію і сабраў больш за 120 тысячаў праглядаў і амаль 2500 каментароў.
Праблема была ў тым, што аўтобус №17 8 кастрычніка не прыйшоў па раскладзе. А калі гамяльчанка звярнулася ў дыспетчарскую, там паведамілі, што праблема звязаная з недахопам кіроўцаў.
Адныя ўдзельнікі дыскусіі раілі Аксане набыць машыну, паехаць на маршрутцы. І хіба так актыўна, што праз пару дзён яна запісала серыю ролікаў, дзе паскардзілася на хэйтараў і патлумачыла сітуацыю.
Але былі і тыя, хто падтрымаў яе, згадзіўшыся з праблемай.
«Па ўсёй краіне праблемы з аўтобусамі і тралейбусамі, цалкам вас падтрымліваю! Многія не зразумелі сутнасць гэтага відэа», – напісаў карыстальнік gfrrsf.
«Вы яшчэ не ездзілі ў раёнах. Адтуль у многіх напрамках наогул выехаць нельга. Цалкам з Вамі згодна», – напісала Н.
Гэтая дыскусія стала падставай для матэрыялаў незалежных СМІ. Яны звярнулі ўвагу, што недахоп кіроўцаў аўтобусаў бачны і па размешчаных вакансіях. Так філіял першага аўтобуснага парку шукае 83 кіроўцаў з заробкамі ў 2300 рублёў. Патрабуюцца кіроўцы ў раённыя гарады – Светлагорск, Чачэрск.
Як растлумачыў начальнік аддзела ЖКГ Гомельскага гарвыканкама гарадской дзяржаўнай газеце, штодзень на лінію выходзяць больш за 330 адзінак грамадскага транспарту, гэта аўтобусаў і тралейбусаў, і больш за 190 маршрутак. Паводле яго, выпадкі нявыхаду транспарту адзінкавыя і тлумачацца яны раптоўнымі паломкамі ці хваробай кіроўцаў.
Гэтыя словы выклікаюць сумневы, улічваючы, што «Штодзень» пісаў пра падобную праблему таксама і ў Мазыры.