Жыхары Рагачова скардзяцца на дэфіцыт хлеба ў крамах

by ZB

Увесь дзень 3 студзеня жыхары Рагачова паведамлялі ў мясцовых чатах пра складанасці з набыццём хлеба, некаторыя пісалі, што праблема сістэмная. Афіцыйна гарадскія ўлады сітуацыю не каментавалі, але ў чаце іх верагодныя прадстаўнікі наракалі на зрыў паставак хлеба з Мінска. Асабліва актыўна пра праблемы казалі жыхары мікрараёна СХТ, але назіраліся яны і ў іншых частках горада.

Ілюстрацыйнае фота

«З хлебам праблемы не толькі на СХТ, але і ў цэнтры, сёння пасля абеду, не з раніцы заўважце, абышлі ўсе крамы ў цэнтры і ні ў адным хлеба не было. Выручыў, праўда не вельмі свежым, крама “Родны кут” на Кастрычніцкай», – напісала Л.

«І сельскую мясцовасць таксама! Калі ласка забяспечце і нашы крамы хлебам!» – адзначыла мясцовая жыхарка.

«Пачынаючы з чыгуначнага вакзала, да «Карэі» і «Капеечкі» няма хлеба і батона наогул нідзе», – паведамляла іншая жанчына.

«Хлеб падвезлі толькі да вечара сёння. І не трэба казаць, што ён быў усюды. На МКК таксама такая карціна: тры крамы, і не ў адной не было, або ляжаў такі, што і прадаўцам не патрэбны ў нагрузку», – напісала В.

«Насамрэч няма нават хлеба на мікрараёне «Дзявяткі», – напісаў С.А.

«Сапраўды, што за праблема з хлебам? Дарагія нашы ўлады горада, звернеце калі ласка ўвагу», – адзначыла З.

Шмат хто адпісаў, што адсутнасць свежага хлеба – праблема сістэмная.

«Праблема з хлебам – не ўпершыню», – адзначыла Л.

«Праблема з хлебам пачалася не сёння. У краме «Серпантына» ўжо перад святамі не было мінскага хлеба. Быў Жлобінскі. Але не лепшай якасці. Значыць ёсць праблема, і яе трэба вырашаць», – напісала В.

«Да новага года ў «Капейцы» на Маскоўскім рынку, як не прыйдзеш за хлебам, дык там мінімум 3-дзённай даўніны! Ніяк свежага, “сённяшняга” не знайсці!» – скардзілася І.К.

«Як не прыйду за хлебам яго няма ў гандлёвых кропках», – пісала Н.

Паводле яе, у СХТ яго стала не хапае, зраніцы трэба чакаць, пакуль прывязуць, а ўвечары ў час пік яго ўжо няма. Яна нагадала, што ў Рагачове няма свайго хлебазавода і адзначала, што «гэта не ваенны час, каб праз кулі і снарады немагчыма прывезці хлеб».

«А ўсё так і ёсць, у горадзе з хлебам – бяда. Асабліва ў святы. Звярніце ўвагу, хлеб дзесьці ў закуточку ў гандлёвых кропках, асартымент пакідае жадаць лепшага, затое спіртное – бяры -не хачу», – напісала яшчэ адна мясцовая жыхарка.

«Па-першае, гэта ўжо стала: ўвечары ідзеш з працы, побач крамы, а хлеба няма», – паскардзіўся С.А.

Паводле ягоных словаў, «свежага хлеба нідзе няма па горадзе», «хлебу па 4 дні, які ўжо цвісці пачынае».

 

Былі і такія, хто абараняў улады і распавядаў пра нармальнасць сітуацыі.

«Толькі сёння, а так увесь час ёсць хлеб у продажы з раніцы да вечара, проста вы ўчорашні браць не хочаце, Жлобін і Гомель таксама не хочаце, а чакаеце Мінск, а яго прывозяць, дата вырабу заднім чыслом, і яго вы браць не хочаце. І не трэба казаць што яго ўвесь час няма», – пісала жанчына.

«Я не загадчыца і набыла свежы хлеб», – напісала Юлія.

Яна заклікала звярнуць увагу на надвор’е, і «тэхніку ў нас, у Беларусіі».

З пазіцыі ўладаў у чаце выступалі дзве жанчыны, якія не называлі сябе аднак прадстаўніцамі мясцовай адміністрацыі. Паводле абедзвюх, галоўная прычына праблемы – адсутнасць паставак хлеба з Мінска і недахоп на фоне гэтага хлеба з Жлобіна і Магілёва. Сістэмнасць праблемы яны адмаўлялі.

«Учора ў краму «Мясновъ» на плошчы паступіў хлеб Жлобінскага філіяла Гомельхлебпрама. У сувязі з адсутнасцю ў гандлёвых кропках мінскага хлеба, яго, натуральна, хутка разабралі. Гэтак жа было паступленне Магілёўскага хлеба, але машына ў дарозе 3 разы ламалася, пастаўка была пасля 17 гадзін. Калі б мы ведалі, што Мінскхлебпрам не паставіць прадукцыю ў Рагачоў, мы б больш замовілі», – напісала сёння Алена.

«Хлеб у гандлёвыя аб’екты возяць штодня, у некаторыя нават 2 разы на дзень. Дадзеная сітуацыя склалася з прычыны таго, што ўсім рэзка пасля святаў захацелася купіць хлеб. З прычыны пэўных абставін некаторыя хлебазаводы не выканалі заяўкі. Заўтра ўсё адрэгулюецца і прыдуманая праблема вырашыцца», – абяцала ўчора Аксана.

Яна падкрэслівала, што хлеб да 96 гадзінаў не губляе сваіх спажывецкіх якасцяў.

«Кіраўнікам гандлёвых аб’ектаў указана на неабходнасць перагледзець работу з Мінскхлебпрамам і забяспечыць наяўнасць у рэалізацыі хлебабулачных вырабаў у дастатковым асартыменце і аб’ёме», – сцвярджала яна.

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png