Мазырскі сквер, добраўпарадкаваны на 100-годдзе камсамолу, на 105-годдзе выглядае жаласна. Як вынікае з фотаздымкаў, якія размешчаныя на сайце “Удобный город”, у скверы цяпер яміны на ходніках, аблезлыя лавы і разбітыя прыступкі.
А яшчэ пяць гадоў таму з нагоды стагоддзя Усесаюзнага Ленінскага камуністычнага Саюзу моладзі ў скверы адбылася ідэалагічная акцыя: тут пасадзілі алею з рабін, клёнаў і ліп.
У Мазыры збіраюць подпісы за добраўпарадкаванне скверу “Садружнасць пакаленняў”. Жыхары горада просяць няшмат: пафарбаваць лавы, адрамантаваць лесвіцы ды прыбраць яміны на ходніках. На сайце “Зручны горад” размешчаная петыцыя да Мазырскага райвыканкама і “Мазырскага райжылкамгаса”, дзе просяць навесці парадак у скверы.
Падобная петыцыя з просьбай добраўпарадкаваць сквер “Садружнасць пакаленняў” з’яўлялася на сайце “Удобный город” і ў 2021 годзе. Тады просьбы гараджан былі такімі ж: пафарбаваць лавы, адрамантаваць лесвіцы і тратуарную плітку.
Фота: сайт “Удобный город” https://petitionsby.site/