Жыхары Мазыра скардзяцца на вялікія чэргі ў дзіцячай паліклініцы

Бацькі з Мазыра наракаюць, што паліклініка занадта маленькая, а таксама ў ёй адсутнічаюць спецыялісты

by Volha Bykouskaja

«Крык душы. Запісацца да любога лекара ў дзіцячай паліклініцы немагчыма. Чэргі на прыём вялікія. Як мне дзіця запісаць?» – запытаўся падпісчык тэлеграм-канала Мазыра.

 

Чарга ў дзіцячую паліклініку Мазыра 9 жніўня 2025 года

Ён адзначыў, што існая паліклініка занадта маленькая для такога вялікага горада і запытаўся, дзе спецыялісты.

У пацвярджэнні гэтых словаў змешчанае і відэа з чаргой у паліклініцы ў 7.30 раніцы. Там бачна, што ў холе каля рэгістратуры стаяць каля 20 чалавек. Аўтар сцвярджае, што з 8 датэлефанавацца ў паліклініку немагчыма.

У сваю чаргу каментатары адзначаюць, што вялікая паліклініка не вырашыла б праблему, «калі ўсё роўна працаваць няма каму». «Будзе ў чарзе камфортней стаяць», – дадаў іншы каментатар.

«Затое лядовых палацаў як сабак нярэзаных», – тлумачыць трэці.

У рэгіянальным пабліку нагадалі таксама пра недабудаваную ў Мазыры міжраённую дзіцячую лякарню на 300 ложкаў у комплексе з паліклінікай, разлічанай на 240 наведванняў за змену.

«Планавалася скончыць будаўніцтва да 2003 году. Так як у сілу асаблівасцяў будынак не падыходзіць пад іншыя мэты, яго вырашылі знесці», – падкрэслілі аўтары.

Каментатары нагадалі, што на гэтым месцы ў горадзе «ужо пабудавалі тры дамы».

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png