Адзін за адным будуюцца новыя шматпавярховікі па вул. Барыкіна. Пакуль выкарыстоўваецца ўжо пустуючая тэрыторыя, знос старых дамоў часова не праводзіцца, падобна, што на гэта бракуе сродкаў у гарадскім бюджэце – уласнікам падворкаў трэба выплачваць кампенсацыю. Але што будзе, калі ўвесь прыватны сектар саступіць месца шматкватэрным гмахам?.. На нашу думку, гэта створыць шэраг праблем.
ТРАНСПАРТНАЯ ПРАБЛЕМА
Шматкроць павялічыцца шчыльнасць насельніцтва: там, дзе жылі некалькі дзясяткаў сямей, будуць жыць некалькі соцень. Пры гэтым у прыватным сектары значнай часткай жыхароў былі непрацуючыя пенсіянеры, якія не мелі аўтамабіляў і не хадзілі на працу. У новапабудаваных шматпавярховіках кватэры набываюць пераважна маладыя сем’і. Бацькам штодня трэба на працу, дзеткам – у школы і дзіцячыя садкі (малаверагодна, што такую інфраструктуру пабудуюць на Барыкіна, хутчэй за ўсё, прыйдзецца ездзіць у іншыя раёны). То бок машын паболее ў разы.
Нават цяпер рух па Барыкіна і Інтэрнацыянальнай (пры тым, што абедзьве вуліцы ўжо пашыраныя да максімуму) час ад часу запавольваецца праз заторы. Людзі спазняюцца на працу. А што будзе, калі колькасць аўто значна павялічыцца?
ПРАБЛЕМА ЧЫСЦІНІ ПАВЕТРА
На думку Еўрапейскага экалагічнага бюро, вул. Барыкіна – самая загазаваная ў Гомелі. Тут перавышана норма дробнадысперснага пылу і дыяксіду азоту (гэтыя дадзеныя друкаваліся нават у дзяржаўных СМІ, значыцца, становішча зусім кепскае) Нічога дзіўнага, калі ўлічыць інтэнсіўнасць транспартнага руху ды блізкасць да ЦЭЦ-1.
Чым дыхаюць уласнікі кватэр у дамах па Барыкіна? Нават калі зусім не адчыняць вокны, ніякая тэхніка не дапаможа зрабіць паветра ў памяшканні чыстым. Ды й няшмат беларусаў можа дазволіць сабе добрыя ачышчальныя прыстасаванні. Чым дыхаюць дзеткі, гуляючы на дварэ?
СКАРАЧЭННЕ ЗЯЛЁНАЙ ЗОНЫ
Падворкі, якія патаналі ў зеляніне, пераўтвараюцца ў паркоўкі. Месца для новых дрэў забракне, ды й вырастуць яны не хутка. Для такой забруджанай вуліцы, як Барыкіна, недахоп зеляніны – сур’ёзная праблема.
Раней тут квітнелі сады, а зараз ва ўсіх дварах – паркінг
Канешне, мы не спрабуем казаць, што на Барыкіна ўсё трэба пакінуць, як ёсць. Выкарыстоўваць тэрыторыю непадалёк ад цэнтра паўмільённага горада варта больш эфектыўна, чым гэта было раней. Да таго ж шмат сядзіб прыйшлі ў занядбаны стан, бо дзесяцігоддзямі чакалі зносу і рамантаваць іх мела мала сэнсу. Але, улічваючы экалагічны і транспартныя фактары, на нашу думку (магчыма, прафесійныя архітэктары і ўрбаністы ўнясуць свае прапановы, будзем рады з імі азнаёміцца), разбудова павінна весціся зусім па-іншаму.
Варта максімальна адсоўваць жылыя дамы ад Барыкіна. Паабапал дарогі добра было б насадзіць лесапаласу. І не з саджанцаў, а з дарослых дрэў. Гэта не танна, але, паколькі гаворка пра самую брудную вуліцу Гомеля, грошы на гэта трэба знайсці. Потым, амаль уздоўж усяе вуліцы, можна ўзвесці некалькіпавярховы паркінг. У ім жыхар раёна пакіне свой транспартны сродак і пойдзе пешкі дахаты. Падземныя гаражы пры малапавярховай забудове – недазваляльная раскоша (у Гомелі іх і ў 9-павярховых будынках не больш за дзясятак на ўвесь горад). А прылеглая да дома тэрыторыя пры гэтым будзе зялёнай зонай адпачынку, а не паркінгам. Пасля лесапаласы і паркінга – шэраг офісных будынкаў. І толькі потым – жылыя дамы.
Калі замест высотных гмахаў узвесці малапавярховую забудову (3-4, максімум зрэдку 5 паверхаў) ці таўнхаўзы, на азначанай тэрыторыі будзе жыць больш сем’яў, чым зараз, эфектыўнасць выкарыстання прасторы ўзрасце, але крытычнага павелічэння шчыльнасці насельніцтва не адбудзецца.
Новы мікрараён трэба зрабіць максімальна самадастатковым па інфраструктуры. Акрамя жылых дамоў і маленькіх крамак, у мікрараёне трэба ўзводзіць офісныя будынкі, гіпермаркеты, дзіцячыя садкі і г.д., каб жыхары маглі да ўсяго дайсці пешкі і не мелі патрэбы ў аўто. Забудова павінна стымуляваць жыхароў больш хадзіць пешкі ці карыстацца роварам. Для тых, хто ўсё ж мае патрэбу патрапіць у іншыя часткі Гомеля, варта пракласці непасрэдна праз мікрараён маршрут самага экалагічнага грамадскага транспарту – тралейбуса. Добра было б злучыць новым тралейбусным маршрутам Шведскую горку, 5-ы мікрараён, Манастырок і цэнтр горада, абмінаючы Барыкіна.
Ці можна зрабіць так, каб колькасць зеляніны ў мікрараёне не паменшала? Так. Акрамя вышэйапісаных крокаў можна было б прымяніць папулярнае ў развітых краінах і пакуль што экзатычнае для Гомеля вертыкальнае азеляненне (на сценах будынкаў) і эксплуатаваныя зялёныя дахі. Кошты такіх рашэнняў вялікія, але нагадваем, гаворка пра самую брудную вуліцу ў горадзе і адну з самых брудных у рэспубліцы.
Офісны будынак у Хашыміне з фермай на фасадзе Фота: vtnarchitects.net
Тое, што пасля будовы шматпавярховага дома колькасць дрэў можа застацца такой, як была раней, аўстрыйскі архітэктар Фрыдэнсрайх Хундэртвасэр даказаў яшчэ напрыканцы 1970-х.
Прымаючы любыя архітэктурна-планіровачныя рашэнні, трэба памятаць, што ўрбаністыка павінна не толькі вырашаць актуальныя на дадзены момант гарадскія праблемы (забеспячэнне насельніцтва жыллём, павышэнне эфектыўнасці выкарыстоўвання тэрыторыі), але й знаходзіць такія рашэнні, якія будуць спрыяць камфортнаму пражыванню гараджан на доўгія дзесяцігоддзі. Вельмі хацелася б, каб забудова ў Савецкім раёне была прагрэсіўнай, якаснай і экалагічнай.