«Зараз расейскіх салдат ужо не вязуць. Але сочаць за кожным медыкам – мы ўсе ў страху»

by ZB

Пагаварылі з медыкам, які быў вымушаны аказваць дапамогу параненым расійскім салдатам, і даведаліся, чаму інфармацыі пра тыя падзеі да гэтага часу практычна няма.

На такіх аўтобусах перавозілі параненых расейскіх вайскоўцаў у першыя месяцы вайны. Ілюстрацыйнае фота

– Таго, што ў першыя дні вайны медустановы Гомельшчыны былі вымушаныя (я падкрэслю слова «вымушаныя», нас ніхто не пытаў) аказваць дапамогу расейскім вайскоўцам, даўно ніхто не хавае. Гэта пацвердзіў і Лукашэнка, і Міністэрства абароны. Але праз некаторы час. Для нас жа гэта было «шокам», – распавядае наш суразмоўца. Яго імя мы не будзем называць з меркаванняў бяспекі. Але мы дакладна ведаем, што падчас пачатку вайны ва Украіне, і зараз таксама, ён працуе медыкам у адной з медустаноў Гомельшчыны. – Нас экстрана сабралі і папярэдзілі: «Вызваліць некалькі сотняў ложкаў, адмяніць планавыя аперацыі для грамадзянскіх і пад страхам звальненняў і самых сур’ёзных наступстваў не выдаваць абсалютна ніякай інфармацыі наконт таго, што будзе адбывацца далей.

– Што адбывалася далей?

Далей наша ўстанова ператварылася ў пекла. Да нас сталі звазіць параненых знявечаных салдат. З Украіны іх везлі і зямлёй, і верталётамі. Уражвала тое, што гэта пераважна былі маладыя хлопцы, якім толькі споўнілася 18. Шмат каму была патрэбная ампутацыя – іх ужо прывозілі з гангрэнамі, у шмат каго рукі-ногі ўжо былі адарваныя. Вялікая колькасць людзей з кулявымі раненнямі, ірванымі ранамі. Словамі гэта не перадаць. Гэта былі людзі ў шокавым стане, многія галодныя, упрошвалі даць ім магчымасць патэлефанаваць родным. Аказваць дапамогу пацярпелым абавязалі нават вузкапрофільных спецыялістаў. Мы ўсе не вытрымлівалі. Здавалася б, чаго толькі не бачылі падчас сваёй працы. Але такое… Усе калідоры былі застаўлены ложкамі з параненымі салдатамі, якія плачуць, стогнуць і выюць ад болю. Некаторыя прасілі іх дабіць, – успамінае медык.

– Была інфармацыя, што салдат было так шмат, што не паспявалі рабіць аперацыі. Многія паміралі…

Параненых сапраўды было вельмі шмат. Досыць часу на дыягностыку ў нас проста не было. Яшчэ на ўваходзе візуальна ацэньвалі стан, і каб нікога не пераблытаць, проста на целе пазначалі іх лічбамі, каб калегі маглі зразумець, каго адразу «браць у працу», а хто яшчэ можа пацярпець. Але былі і такія выпадкі, калі да нас прывозілі ўжо мёртвых людзей. Яны проста не ведалі, куды іх падзець – і везлі, кідалі нам, – гаворыць медык.

«Родныя наперакос глядзелі і намякалі, што, дапамагаючы расейскім салдатам, станаўлюся на бок Расеі»

Па словах суразмоўцы, самая вялікая плынь параненых расейскіх салдатаў была ў канцы лютага – пачатку сакавіка 2022 года.

Я дакладна ведаў, што падобная сітуацыя адразу ў некалькіх прымежных з Украінай гарадах. У Нароўлі стварылі практычна паўнавартасны палявы шпіталь. У Гомелі параненых везлі ў Цэнтр радыяцыйнай медыцыны (туды прывезлі нават расійскіх медыкаў, яны занялі некалькі паверхаў), абласную клініку, Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. І ў Мазырскі шпіталь, і ў Касцюкоўку везлі… Мазыр увогуле быў падобны на ваенную базу – па вуліцах ездзілі танкі, ваенныя машыны, вялізная колькасць расейскіх салдат, – распавядае суразмоўца. Гэтыя дадзеныя сталі яму вядомыя ад калег-медыкаў з рэгіёну.

– Як вы сябе пры гэтым адчувалі? Думаючыя цывілізаваныя беларусы супраць гэтай вайны, супраць уварвання расійскіх войскаў ва Украіну. А тут… Вы сваімі ж рукамі ратавалі расійскіх салдат.

– Маральна гэта жудасна. Спачатку ты бачыш зрашэчанага кулямі і асколкамі маладога чалавека – і як медык яму дапамагаеш, робіш усё магчымае. Потым прыходзіш у сябе і разумееш – ты дапамагаеш тым, хто забівае тваіх жа родных у суседняй Украіне. Там, ва Украіне, у нас у кожнага другога радня. Гэта жахлівы маральны выбар. Многія не вытрымлівалі, рыдалі ў калідорах, адмаўляліся выходзіць. Былі і такія выпадкі – калегі прыходзілі дадому, а іх родныя здраднікамі называлі. Насамрэч, калі пачытаць нормы міжнароднага гуманітарнага права, то ва ўсім свеце дапамога параненым на палях бітвы салдатам не прызнаецца актам саўдзелу ў ваенных дзеяннях. Па законах ваеннага часу, медыкі павінны аказваць дапамогу ўсім параненым, не разбіраючыся, за якое войска яны ваююць.

– Па законах ваеннага часу… А як быць з тым, што Расея афіцыйна не заве вайну вайной?

– Калі так, то статус параненых расійскіх салдат на тэрыторыі Беларусі ўвогуле не зразумелы. І па-добраму, нормы міжнародных канвенцый дзейнічаць не павінны. Але гэта вайна. І мы ўсё гэта цудоўна разумеем.

– Многія медыкі звальняліся ў той час?

Нам пагражалі. Калі пачалася вайна і нам павезлі параненых, з кожнага з нас узялі падпіску аб неразгалошванні абсалютна любой інфармацыі з нагоды аказання дапамогі расейскім салдатам, прыстрашыўшы для пачатку звальненнем, а потым яшчэ і ўсімі вынікаючымі наступствамі – рэпрэсіямі, тэрмінамі і вось гэта ўсё. Галоўны доктар, калі збіраў нас, прамым тэкстам сказаў, што ў будынку працуюць супрацоўнікі КДБ і ФСБ.

– Вы іх бачылі? Ці, можа, вам іх прадстаўлялі?

– Асабіста я супрацоўнікаў ФСБ не бачыў. І іх нам не прадстаўлялі. Але гэта мог быць любы чалавек – хіба іх там разбярэ. А тое, што ў нас працуе супрацоўнік КДБ, я нават не сумняваўся. Пры кожным шпіталі яшчэ ў 2021 годзе стварылі пасаду, якая гучыць як «намеснік галоўнага лекара па бяспецы, рэжыме і кадрах». Мы цудоўна разумелі, што ён і ёсць супрацоўнік КДБ. Перасталі нават мець зносіны адзін з адным. Ніхто нікому нічога не распавядаў, медыкі баяліся галаву падняць і на кагосьці паглядзець. Баяліся і за сябе, і за блізкіх.

– А якая сітуацыя зараз?

– Дзякуй богу, цяпер патоку расейскіх салдат у нас няма. І нам не даводзіцца іх лячыць. Медыцынскую дапамогу аказваем мясцоваму насельніцтву. Але разумеем, што ў выпадку чаго – усё гэта зноў можа паўтарыцца.

– Цяпер супрацоўнікі КДБ за вамі сочаць?

– Так, людзі на той самай пасадзе «намеснік галоўнага лекара па бяспецы, рэжыму і кадрам» да гэтага часу ў медустановах. У нашым – дакладна. Недзе іх прозвішчы, а часам і фатаграфіі, нават вісяць на афіцыйных сайтах медустаноў ў раздзеле «Адміністрацыя». Гэтыя людзі – відавочна не з медыцыны. Толькі халаты на сябе белыя накідваюць. Калі чалавек уладкоўваецца на працу – спачатку выклікаюць да таго гэбіста. Калі звальняюцца – таксама толькі праз яго. Людзі, якім даводзілася з ім размаўляць, выходзяць у шоку. Кажуць, што на кожнага ёсць дасье з усёй паднаготнай, на якую гэбэшнік пачынае ціснуць. Ведае нават усё пра асабістае жыццё.

Штодзень 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png