Закінутыя драўляныя дамы ў Гомелі

Закінутыя драўляныя хаты з прагнілым дахам сустракаюцца не толькі ў паўпустых вёсках. Хапае іх у Гомелі. Чаму жыллё становіцца нікому не патрэбным?

Занядбаны дом на адной з гомельскіх вуліц

Часам здараецца так, што ўласнік пайшоў з жыцця, а нашчадкаў альбо няма, альбо яны па нейкіх абставінах не даглядаюць спадчыну. Але гэта бывае не так ужо і часта.

У большасці выпадкаў справа носіць больш глабальны характар і першапрычына крыецца ў хібах урбаністычнай палітыкі і планавання.

У першую чаргу гаворка пра нестабільнасць у фармаванні генплана Гомеля. Хапае выпадкаў, калі гаспадары, якім яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму паведамілі, што дом ідзе пад знос, знаходзяцца ў стадыі чакання. Зразумела, ніхто не рамантуе сур’ёзным чынам жыллё, якое тэарэтычна ў любы момант будзе зруйнаванае. За гэты час канструкцыйныя элементы могуць прыйсці ў такі стан, што жыллё стане непрыдатным для выкарыстання.

Істотнай праблемай з’яўляецца таксама адсутнасць асэнсавання масавай свядомасцю драўлянай архітэктуры як унікальнага архітэктурнага кантэксту Гомельшчыны. Гісторыкі, архітэктары і краязнаўцы зрабілі шмат для папулярызацыі ідэі пазіцыянавання традыцыйных хат як гісторыка-архітэктурнай каштоўнасці, але без значнай падтрымкі з боку ўладаў сфармаваць у жыхароў горада адпаведнае стаўленне да драўлянай спадчыны не атрымаецца. Хапае тых, хто бачыць у старых дамах (стан якіх, сапраўды, нярэдка варты жалю) толькі старыя халупы, якім не месца на гарадскіх вуліцах. Таму чакаць, што сярэднестатыстычны гомелец будзе прыкладаць намаганні, каб захаваць традыцыйныя элементы дэкору ці нават сам дом, не даводзіцца.

Ёсць, канешне, выдатныя прыклады, калі драўляныя дамы перарабляюцца пад сучасныя стандарты з захаваннем аўтэнтыкі. Але гэта хутчэй выключэнне.

Рэканструяваны дом з захаваннем старой часткі будынка

Штодзень

Related posts

Фалацэнтрычны прымітывізм, або архітэктура Гомеля за апошнія 30 гадоў

У Гомелі ад гарачыні сохнуць дрэвы

Падарожжа па таямнічых завуголлях трохкутніка Рэчыцкі-Сасновая-Барыкіна