Заўтра ў вёску Стаўбун прыляціць Апалон – можна будзе паглядзець

«У вёсцы Стаўбун Веткаўскага раёна адбудзецца неверагоднае дзейства, якое варта пабачыць сваімі вачыма, калі вы ніколі яшчэ дагэтуль яго не бачылі», – заахвочваюць супрацоўнікі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Шклярава на сваёй старонцы ў сацсетках.

Гаворка ідзе пра найстаражытнейшы абрад Веткаўшчыны «Ваджэнне і пахаванне стралы». Ёсць такое павер’е: на Пахаванне стралы ў Стаўбуне адзін раз на год прылятае Бог Апалон, які адкопвае там для сябе стрэлы для барацьбы з цёмнымі сіламі. Захавалася павер’е аб тым, што праз гэта сакральнае месца на беларускай зямлі адбываецца ўплыў на прыродныя стыхіі.

Каротка абрад называюць «Страла». Яшчэ з дахрысціянскага часу яго спраўлялі на Веткаўшчыне. Пасожжы, а таксама на захадзе Браншчыны. У асноўных рысах абрад захаваўся і да нашых дзён. Штогод яго праводзяць на 40-вы дзень пасля Вялікадня – на свята Ушэсце – у шэрагу вёсак, у тым ліку ў Стаўбуне.

Падчас абраду з карагодамі і спевамі людзі праводзяць пахаванне стралы. У якасці стралы могуць выступаць лялькі, грошы ці металічныя прадметы. Падчас абраду ўдзельнікі спяваюць фальклорныя і сакральныя песні. Выглядае гэта вельмі аўтэнтычна, а месцамі нават магічна.

Абрад «Пахаванне стралы» занесены ў Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Хочаце яго пабачыць на свае вочы? Прыязджайце 25 траўня ў Стаўбун. Месца і час правядзення – ля мясцовага Дома культуры а 12.00-й.
Калі будзеце ехаць не на машыне, можаце скарыстацца грамадскім транспартам. Вам патрэбен аўтобус, які едзе па маршуце «Гомель-Неглюбка». З гомельскага аўтавакзала ён адпраўляецца ў 10 гадзін раніцы. Акурат а 12-й гадзіне аўтобус робіць прыпынак у Стаўбуне. Назад у Гомель вяртаецца прыкладна у 20.00.

Даведка «Штодзень»

Крыху сумнай інфармацыі (але што рабіць, у такія часы жывём). Нядаўна стала вядома, што дзяўчыну, якая не адзін год была голасам абраду «Пахаванне стралы» ў Стаўбуне (бо ўсім сэрцам любіць беларускі фальклор – Рэд.) зараз знаходзіцца за кратамі. Гаворка ідзе пра фолк-спявачку Патрыцыю Свіціну. Гэта тая дзяўчына, якая ў 2020-м атрымала прэзідэнцкую стыпендыю па падтрымцы таленавітай моладзі за тое, што стала лаўрэаткай 2-й ступені міжнароднага фальклорнага конкурсу ў Санкт-Пецярбургу, але пасля гвалту, здзейсненага ўладамі пасля выбараў, публічна адмовілася ад узнагароды.

Патрыцыя Свіціна

Які артыкул ставяць у віну дзяўчыне, пакуль невядома. У пакаяльным відэа, якія сілавікі прымусова запісваюць з удзелам арыштаваных, гаворыцца, што Патрыцыю абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах і «негатыўных паведамленнях у адрас сілавікоў». Нібыта ў якасці «доказу» яе віны ў тым жа відэа прыводзяць пост дзяўчыны з сацсетак, дзе яна піша, што выступае супраць выкарыстання тэрыторыі Беларусі для ваеннай агрэсіі і за вывад расейскіх войскаў з нашай краіны.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары