“З тайгі пад Акропаль”. Незвычайны лёс Зыгмунта Мінейкі

Паўстанцкі кіраўнік, таленавіты інжынер і вайсковец, адкрывальнік храма Зеўса і першы беларускі прадстаўнік на Алімпійскіх гульнях, спартыўны журналіст і свабодалюбны, абдораны лёсам чалавек. Зыгмунт Мінейка. Жыццё гэтага выхадца беларускай зямлі – наша агульная спадчына, гісторыя і гонар.

Зыгмунт Мінейка ва ўзросце 18 гадоў, падчас вучобы ў Санкт-Пецярбургу, фота: interlog.com

Мова Гомель распавядае пра тое, як нібыта звычайны хлопец з малога маёнтка здабыў сусветную славу.

 

СВАБОДАЛЮБНЫ АД НАРАДЖЭННЯ

Зыгмунт Мінейка (або Сігізмунд Мінейка-Газдава) нарадзіўся 14 мая 1840 года ў маёнтку Балванішкі Ашмянскага павета (цяпер вёска Зялёны Бор Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці). Яго бацькі Цацылія і Станіслаў Мінейка (удзельнік лістападаўскага паўстання) належалі да шляхты і выхоўвалі сваіх дзяцей у атмасферы нянавісці да царскага самадзяржаўя, а таму не мелі прыхільнасці з боку тагачасных уладаў. Магчыма, гэта і паўплывала на лёс Зыгмунта, які рос у атмасферны свабодалюбства, змагання і патрыятызму.

Скончыў гімназію ў Вільні, якая была блізка да роднага дома, і паступіў вучыцца ў прэстыжнае Мікалаеўскае інжынернае вучылішча ў Санкт-Пецярбургу. Аднак на радзіме ўжо наспявала паўстанне, таму малады Зыгмунт кінуў вучобу і вясной 1861 года вярнуўся на Ашмяншчыну. А там – падпольная барацьба, нелегальныя беларускія выданні, агітацыя сярод сялян і дробнай шляхты, і тайнае таварыства. Праўда, хутка пачаліся рэпрэсіі. Каб пазбегнуць арышту, праз Палессе, Украіну, Малдавію і Турцыю Зыгмунт Мінейка дабраўся да Італіі. У Генуі паступіў у Польскую ваенную школу, заснаваную Джузэпэ Гарыбальдзі, у якой пазней выкладаў правілы фартыфікацыі. Аднак вярнуўся на радзіму, каб прыняць удзел у нацыянальна-вызвольным паўстанні, якім на нашых землях кіраваў Кастусь Каліноўскі. Быў прызначаны паўстанцкім ваенным начальнікам Ашмянскага павета, камандзірам атрада.

 

фатаграфічны партрэт Зыгмунта Мінейкі, меркавана 1861 год, фота: garystockbridge617.getarchive.net

 

У чэрвені 1863 года паўстанцкі атрад Мінейкі быў разбіты пад Расолішкамі, а сам Зыгмунт трапіў пад суд, дзе быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Але… дапамог хабар. Маці Зыгмунта падкупіла аднаго з чыноўнікаў, кажуць, што яна прапанавала яму дзевяць тысяч рублёў – вялікую па тых часах суму грошай. Так ці іначай, смяротнае пакаранне замянілі катаржнымі работамі на Нерчынскіх рудніках, якіх прысудзілі 12 гадоў.

 

ПАБЕГ І НОВАЕ ЖЫЦЦЁ

 

У 1865 годзе Зыгмунт збягае з катаргі. Яму ўдаецца выехаць праз Маскву за мяжу, маючы ў руках пашпарт на імя эстонскага барона фон Мэбэрта! І вось таленавіты выхадзец беларускай зямлі трапляе ў Парыж, дзе яго талент не прападае. Ужо праз некалькі гадоў Мінейка скончыў акадэмію генштаба ў Парыжы. І гэта незвычайная гісторыя. У Парыжы ён папрасіў аўдыенцыю ў імператара Напалеона ІІІ, каб распавесці пра французскіх афіцэраў, удзельнікаў паўстання, якіх ён сустрэў у Сібіры. Калі ў 1868 годзе расійскі манарх Аляксандр ІІ наведаў Францыю, імператар Напалеон ІІІ узняў тэму французскіх вязняў з канкрэтным спісам прозвішчаў. У выніку французскія вязні вярнуліся з Сібіры на радзіму, а французскі ўрад у знак падзякі запэўніў Мінейку магчымасць далейшай адукацыі ў элітарнай  акадэміі ў Парыжы.

Пасля сканчэння вучобы на факультэце наземнай і воднай інжынерыі  Мінейка пачаў будаваць чыгункі, масты і каналы ў Балгарыі, Турцыі ды іншых краінах. Але ў 1870 годзе зноў узяў зброю ў рукі, каб абараніць Францыю ад прускага нашэсця, быў сярод абаронцаў Парыжскай камуны.

 

Зыгмунт Мінейка з маці Цацыліяй (сядзяць), а таксама з братам і сястрой, меркавана 1888 год, фота:  interlog.com/~mineykok/ulthm.htm

Жыццё вядзе Зыгмунта ў Грэцыю, якая нечакана для яго самога стала ў выніку яго другой радзімай. Ён працуе галоўным інжынерам у правінцыях Эпір і Фесалія, з часам узначальвае Дэпартамент публічных работ у Афінах, мае патэнты на праекты чыгуначнага транспарту і… захапляецца археалогіяй.

І як гэта бывае, незвычайны і таленавіты  чалавек – незвычайны і таленавіты ва ўсім. Зыгмунту Мінейку належыць вялікае археалагічнае адкрыццё, менавіта ён у 1878 годзе знайшоў храм Зеўса ў Дадоне, які безвынікова шукалі да яго на працягу двухсот гадоў. Гэта прынесла сусветную вядомасць!

 

ПЕРШЫЯ АДНОЎЛЕНЫЯ АЛІМПІЙСКІЯ ГУЛЬНІ

 

Зыгмунта Мінейку можна смела далічаць да першых беларускіх “алімпійцаў”. У 1896 годзе ў Афінах прайшла першая сучасная Алімпіяда, натхнёная старажытнымі Алімпійскімі гульнямі, якія праходзілі ў грэцкай Алімпіі. Адрадзіць гульні прапанаваў французскі педагог і вялікі аматар спорту П’ер дэ Кубертэн, які шчыра верыў, што Алімпійскія гульні могуць спрыяць міру і паразуменню паміж народамі. Дзеля арганізацыі гульняў, П’ер дэ Кубертэн заснаваў у 1894 годзе і Міжнародны алімпійскі камітэт.

 

стадыён Панатынаікас (Мармуровы), у рэканструкцыі якога ўдзельнічаў Мінейка, фота: Public Domain

 

Тагачасны ўрад Грэцыі пачаў сур’ёзную падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў, ствараецца камітэт для кантролю за будаўніцтвам Алімпійскага стадыёна і іншых аб’ектаў. І вось тут “на сцэну” выходзіць Зыгмунт Мінейка, які прымае непасрэдны ўдзел у стварэнні і аднаўленні спартыўных збудаванняў у Афінах, рэстаўрыраваў легендарны Мармуровы стадыён, які стаў сімвалам першых сучасных Гульняў.

Першая Алімпіяда сучаснасці прайшла ў Афінах з 6 па 15 красавіка 1896 года. Урачыстая цырымонія адкрыцця акурат і адбылася на стадыёне Панатынаікас, рэканструяваным старажытным Мармуровым стадыёне. Падчас адкрыцця Гульняў Мінейка быў зафіксаваны на фота разам з П’ерам дэ Кубертэнам. Больш за тое, Мінейка выявіў сябе яшчэ і спартыўным журналістам. Ён дасылаў шматлікія рэпартажы і навіны адразу ў некалькі польскіх выданняў.

За шматлікія заслугі парламент Грэцыі ў 1910 годзе прысвоіў Зыгмунту Мінейку званне ганаровага грамадзяніна Грэцыі. Пазней, падчас Балканскіх войнаў (1912-1913), Мінейка распрацаваў стратэгічны план, які забяспечыў поўную перамогу грэчаскай арміі ў час штурму Салонікаў і крэпасці Яніна, за што быў узнагароджаны ордэнам Залатога Крыжа.

 

АСАБІСТАЕ ЖЫЦЦЁ І ПРЭМ’ЕР-МІНІСТРЫ ГРЭЦЫІ

 

Зыгмунт Мінейка ажаніўся з грачанкай Празерпінай Манарыс (з Яніна), з якой пазней пераязджае жыць у Афіны. У гэтым шлюбе нарадзіліся сямёра дзяцей. Адна з дачок, Зоф’я, выйшла замуж за палітыка Георгіяса Папандрэу (прэм’ер-міністр Грэцыі ў эміграцыі ў 1944-1945 і ў 1963-1965 гадах), нарадзіўшы сына Андрэаса.

Андрэас Папандрэу, унук Зыгмунта Мінейкі, таксама двойчы прэм’ер-міністр Грэцыі, таксама і праўнук Георгіяс Папандрэу-малодшы стаў прэм’ерам Грэцыі ў 2009-2011 гадах.

 

у цэнтры сядзяць Зыгмунт Мінейка з жонкай Празерпінай і дачкой Зоф’яй з яе мужам Георгіусам Папандрэу, стаяць двое сыноў Зыгмунта, фота:  interlog.com/~mineykok/ulthm.htm

Зыгмунт Мінейка пайшоў “на пенсію” ў 1917 годзе (пасля таго, як перанёс інфаркт) і пачаў пісаць мемуары. Ён яшчэ некалькі разоў наведаў радзіму: у 1911, 1922 і 1923 гадах. Наведаў Вільню, Балванішкі, Ашмяны, Гальшаны. Пасля сябе ён пакінуў мемуары “Z tajgi pod Akropol: Wspomnienia z lat 1848—1868”, якія сёння захоўваюцца ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве (у 1971 годзе ў скарочаным выглядзе былі выдадзены ў Польшчы асобнай кніжкай). Кніга ўспамінаў Зыгмунта Мінейкі “З тайгі пад Акропаль” у перакладзе на беларускую мову, здзейсненым Марынай Запартыка,  выйшла таксама ў серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка”  y выдавецтве “Лімарыус”.

 

Успаміны Зыгмунта Мінейкі, фота: onebid.pl

Зыгмунт Мінейка пайшоў з жыцця ў Афінах 27 снежня 1925 года. На яго пахаванне сабраліся тысячы людзей. Ён быў ганаровым грамадзянінам Грэцыі, кавалерам Залатога Крыжа заслугі (Грэцыя), срэбнага крыжа “Virtuti Militari” (Польшча). Быў у масонскіх ложах Расійскай імперыі, Францыі, Італіі, Грэцыі. Размаўляў на польскай, беларускай, літоўскай, рускай, французскай, англійскай, турэцкай і грэцкай мовах, быў выдатным конным ездаком і паляўнічым.

 

Магіла Зыгмунта Мінейкі на першых гарадскіх могілках у Афінах, фота: iderepublica.pl

У родных Балванішках ад маёнтку Мінейкаў даўно нічога не засталося. У Ашмянах яго імем названая адна з вуліц.


Штодзень

Выкарыстаныя матэрыялы: bis.nlb.by, legendy.grodnolib.by, адкрытыя польскія крыніцы

Related posts

Гомельскі абаронца беларускай мовы Ігар Случак даслаў 220 зваротаў за месяц

Сем фактаў пра маладосць Алеся Бяляцкага

Модны аксэсуар з мінулага: неглюбская гарлячка становіцца папулярнай