Палітвязню Міколу Статкевічу і іншым фігурантам справы Ціханоўскага гомельскі суд налічыў 22 мільёна рублёў да выплат кампенсацыі міліцыянтам за “дадатковы час на службе падчас паслявыбарных пратэстаў”. Пра гэта паведаміў зняволены палітык у лісце да жонкі Марыны Адамовіч.
14 снежня 2021 года на закрытым судзе ў будынку СІЗА Гомеля Мікалай Статкевіч быў асуджаны паводле ч. 1 арт. 293 крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў) да 14 гадоў пазбаўлення волі асаблівага рэжыму. Разам са Статкевічам на розныя тэрміны былі асуджаныя Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Дзмітрый Папоў, Арцём Сакаў, Уладзімір Цыгановіч. Ім таксама прысуджаная кампенсацыя на карысць дзяржавы ў памеры 3,078 мільёнаў рублёў. І вось, як выяўляецца, такой сумы дзяржаве падалося недастаткова і палітвязням выставілі дадатковы рахунак.