У цяперашні момант адным з найбольш актыўных ідэолагаў на рэспубліканскім узроўні з’яўляецца намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі. Ягоныя подпісы ўсё часцей з’яўляюцца на дакументах аб неабходнасці ліквідацыі “экстрэмісцкай літаратуры”, а таксама ён выступае за актыўнае інфармацыйнае супрацьдзеянне незалежным СМІ.
Дзяніс Язерскі
Да 2020 года прафесія “ідэолаг” выклікала ўсмешку не толькі ў апазіцыянераў. Выглядае на тое, што нават улады, хоць і дэкларавалі ўсяляк неабходнасць распрацоўкі ўласнай ідэалогіі, не надта разумелі, для чаго гэта ўсё ўвогуле. Распрацоўкай пастулатаў афіцыйнай дактрыны ў “нулявыя” займаліся былыя армейскія палітрукі і адстаўнікі спецслужбаў, якія ўсяляк цыкліліся на крытыцы падступнага Захаду і шукалі хібы ў нястрыманым спажывецтве. Але на мяжы 2010-х – пачатку 2020-х у ідэалагічнай вертыкалі адбылася не толькі змена пакаленняў, але і істотная карэкціроўка падыходаў да працы. У выніку гэтых працэсаў да кіравання ідэалагічнай вертыкаллю прыйшоў чалавек, пра якога і пойдзе гаворка ў дадзеным артыкуле.
“Капсукін сын”
У афіцыйных біяграфічных звестках, якія распаўсюджваюцца дзяржСМІ, пра месца нараджэння Дзяніса Уладзіміравіча Язерскага падаюцца лаканічныя дадзеныя: “Нарадзіўся ў 1981 годзе ў горадзе Капсукас (Літоўская ССР)”. І гэтыя факты качуюць з аднаго артыкула ў іншы. Але шукаць “літоўскія” карані ў Язерскага не варта, як і не знайсці горад Капсукас на сучасных картах. Справа ў тым, што пасля 1989 года літоўцы дабіліся перайменавання горада Капсукас у больш мілагучную назву Марыямполе. Нелюбоў балцкіх суседзяў да тапоніма лёгка зразумець, бо горад Капсукас быў названы ў гонар аднаго з галоўных літоўскіх камуністаў. У савецкія часы ў ЛітССР быў нават цэлы культ асобы Капсукаса ў рэспубліканскім маштабе. Таму, калі пачаў хістацца “савок”, ненавісны Капсукас знік з мапы Літвы. Для разумення стаўлення літоўцаў да назвы Капсукас прыводзім папулярны сярод літоўцаў жарт савецкіх часоў: “Таго, хто родам з Капсукаса, называюць “капсукін сын”.
Як апынулася сям’я Язерскіх у Капсукасе, не афішуецца. Але можна меркаваць, што ягоныя бацькі жылі ў ваенным гарадку, які адносіўся да вядомай часткі парашутна-дэсантных войскаў 119 гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка. Гэты полк удзельнічаў у задушэнні Пражскай вясны ў 1968 годзе. У гады палітычнай нестабільнасці ў СССР дэсантнікаў з Капсукаса выкарыстоўвалі для падаўлення апазіцыі. У прыватнасці, вядома, што ў 1988—1989 гг полк быў накіраваны ў Азербайджанскую сталіцу, у выніку чаго загінула больш за сотню мірных жыхароў. Па распадзе СССР гэтую вайсковую частку літоўцы папрасілі з краіны. А Язерскія пераехалі на гістарычную радзіму. Відаць, дзяцінства ў ваенным гарадку, нацягнутыя стасункі з мясцовымі і камуністычны флёр няіснага цяпер Капсукаса істотным чынам паўплывалі на фармаванне светапогляду будучага ідэолага. Забягаючы наперад, скажам, што для Язерскага характэрныя настальгія па савецкім мінулым, непрыманне беларускага нацыяналізму і імкненне адрадзіць “вялікую радзіму СССР”. У сваіх інтэрв’ю на тэму расейскай вайны ён упарта называе агрэсію супраць незалежнай Украіны “СВО”, як і належыць выхаванаму ў расейскай інфармацыйнай і культурнай прасторы чалавеку.
Кар’ера ідэолага
Дзяніс Язерскі скончыў Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. А. Сухога з дыпломам эканаміста-маркетолага. Працоўную дзейнасць пачынаў таваразнаўцам камерцыйнага аддзела гомельскага прадпрыемства “Фанеразапалкавы камбінат”. Але праца на гэтым камбінаце, відаць, не надта адпавядала амбіцыям маладога чалавека, які лёгка адмовіўся ад прафесіі таваразнаўцы-маркетолага на карысць кар’ерных магчымасцей у БРСМ.
Язерскі падчас адной з нарадаў. Фота: БелТА
Вось што пра той перыяд згадвае сам Язерскі ў вялікім інтэрв’ю для праекта абласнога дзяржаўнага тэлебачання “Скажы не маўчы”:
– Гэта быў покліч сэрца. У нашай сістэме працуюць розныя людзі. Ёсць педагогі, медыкі, інжынеры… Цяпер спецыялістаў рыхтуюць у Акадэміі кіравання. У маім выпадку гэта была другая адукацыя. Па першай – я эканаміст-маркетолаг. У прынцыпе мяне ў гэтую сістэму прывяла актыўная жыццёвая пазіцыя, студэнцтва, калі я быў актыўна ўключаны ў дзейнасць моладзевых арганізацый. Калі я прыйшоў на работу (на фанеразапалкавы камбінат – заўвага Рэд.), то дырэктар хутка скеміў: “Гэты хлопец можа многае. Акрамя продажаў і забеспячэння, можа займацца грамадскай працай.” Я ўдзячны яму. Я быў на адпрацоўцы па размеркаванні, а ён сказаў: “Старайся”. І адпусціў.
З гэтых успамінаў вынікае, сама менш, дзве высновы. Па-першае, займацца працай на вытворчасці, асабліва ўлічваючы стабільна гаротнае эканамічнае становішча “Фанеразапалкавага камбінату”, Язерскаму не было цікава. Зрэшты, і кіраўніцтва, відаць, пабойвалася занадта ідэалагічна зараджанага маладзёна, якога з лёгкасцю адправіла, па старой наменклатурнай завядзёнцы, падалей ад прадпрыемства. Па-другое, мы бачым, што адукацыя маркетолага не надта была запатрабаваная на тым заводзе. Затое ён змог сваё разуменне патрэбаў і інтарэсаў мэтавых аўдыторый, аналізу канкурэнтаў рэалізаваць у БРСМ, а потым у кабінетах ідэолагаў.
Разам з тым Дзяніс Язерскі ў тым жа інтэрв’ю прызнае, што насельніцтва Беларусі скептычна ставіцца да ягонай прафесіі. “Напэўна, да 2020 года гэта было перадузятае стаўленне. Многія думалі, чым яны займаюцца. Я вам хачу сказаць, што стаўленне мяняецца з боку абывацеля. Без ідэалогіі немагчыма разумець ні ўнутраную, ні знешнюю палітыку. Не можа развівацца культура без ідэалагічнага падмурка”, – глыбакадумна заявіў ідэолаг. У гэтым сэнсе яго можна лічыць лабістам павелічэння фінансавання ідэалагічнага апарату, які дазваляе такім, як ён кіраваць вялікімі фінансавымі плынямі. Дарэчы, Дзяніс Язерскі з’яўляецца таксама прыхільнікам увядзення грантавай сістэмы размеркавання сродкаў на патрэбы лаяльных моладзевых праектаў, як тое дзейнічае ў Расейскай Федэрацыі.
Язерскі на сустрэчы актыву гомельскіх ідэолагаў.
З 2005 па 2010 год ён працаваў першым сакратаром Навабеліцкага раённага, а затым Гомельскага гарадскога камітэта БРСМ. Менавіта тут ён зарэкамендаваў сябе як апантаны прыхільнік цяперашняга рэжыму. Упершыню многія ў Гомелі дазналіся пра Язерскага на выбарах у 2010 годзе, калі ён у разам з іншымі ідэолагамі супрацьдзейнічаў агітацыйным кампаніям незалежных кандыдатаў у прэзідэнты. Калі ідэалагіня Надзея Куніцкая кіравала масоўкамі педагогаў, якія тэатральна абураліся прамовам апазіцыянераў Саннікава, Рымашэўскага і іншых, то ў абавязкі Язерскага ўваходзіла фільмаванне прысутных. Ён у заўважнай сіняй куртцы здымаў на відэакамеру ўсіх, хто актыўнічаў на тых сустрэчаў з апазіцыйнымі кандыдатамі. Але шчыраванні Язерскага заўважылі, таму ён, відаць, і быў адпраўлены на падвышэнне ў аддзел па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама.
“Не сакрэт, што цяпер у інтэрнэт-прасторы разгарнулася інфармацыйная вайна. Асобныя грамадзяне з сітуацый і праектаў, якія не прадвяшчалі інфармацыйнага розгаласу і рэзанансу, ствараюць сумнеўную сенсацыю. Яны варожа ўспрымаюць розныя праекты, што рэалізуюцца ў рэгіёне, і спрабуюць навязаць іншым людзям сваю пункту гледжання з пазіцыі: «што б ні рабілася — усё дрэнна». Гэта недапушчальна”, – выказваўся напярэдадні выбараў 2020 года пра дзейнасць гомельскіх дэмакратычных парталаў Язерскі. Ён меў на ўвазе крытычную рэакцыю СМІ на будаўніцтва непапулярнага ў народзе гіганцкага флагштока ў цэнтры Гомеля, які стаў сімвалам неадэкватнасці ўладаў.
Пасля падзей 2020 года ён зноў ідзе на падвышэнне. Гэтым разам – на пасаду кіраўніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага абласнога выканкаму (ад нядаўняга часу – Камітэт па ідэалагічнай рабоце і справах моладзі аблвыканкаму).
Язерскі ідзе на падвышэнне. На пасаду свайго намесніка яго прыняў цяперашні міністр інфармацыі Марат Маркаў
У верасні 2024 года яго прызначаюць у намеснікі міністра інфармацыі, дзе Язерскі адказвае за напрамкі выдавецкай дзейнасці, кнігадрукавання. Ужо на гэтай пасадзе ён адзначыўся актыўнай працай па цэнзураванні беларускай і сусветнай літаратуры. Так, ужо ў кастрычніку 2024 года, то бок праз месяц пасля прызначэння міністрам, пад ягоным подпісам кіраўнікам арганізацый, якія распаўсюджваюць друкаваныя выданні, прыйшоў цыркуляр. Міністэрства інфармацыі заклікала “правесці рэвізію” і прыбраць з продажу кнігі, распаўсюд якіх “наносіць шкоду нацыянальным інтарэсам”. У адным з пазнейшых тлумачэнняў у дзяржСМІ Язерскі тлумачыць, хто маецца на ўвазе пад “літаратурнымі шкоднікамі”: “У асноўным гэта аўтары такой непажаданай літаратуры – прадстаўнікі ЗША, краін ЕЗ. Гэта кнігі, якія прапагандуюць жорсткасць, гвалт, тое, што нам абсалютна чужасна і непрымальна.”
Фота: ФБ-акаўнт Змітра Вішнёва.