«Вы здраднікі радзімы, вас трэба расстраляць»: праваабаронцы распавялі пра ўмовы для палітвязняў у гомельскай жаночай калоніі

by ZB

Гомельская калонія вядомая тым, што там адбываюць пакаранне найболей палітзняволеных. Даследчыкі падрыхтавалі даклад «Катаванні і жорсткае абыходжанне ў папраўчай калоніі №4», дзе падрабязна разбіраюць умовы жыцця і працы для палітзняволеных, прэсінг супраць іх, як адрозніваецца афіцыйная і сапраўдная карцінка.

Ілюстрацыйнае фота

«Пасля 2020 года кантынгент папраўчай калоніі №4 заўважна змяніўся са з’яўленнем там палітычных зняволеных. Да асуджаных за звычайныя крымінальныя злачынствы жанчынаў дадаліся жанчыны, якія фактычна пацярпелі за сваю грамадскую пазіцыю, што прымусіла адміністрацыю калоніі змяняць складзеную гадамі сістэму «выпраўлення»», – адзначылі эксперты ў дакладзе.

У межах даследавання былі апытаныя 20 былых палітзняволеных, якія адбывалі пакаранне ў гэтай калоніі.

«За час працы над расследаваннем мы знайшлі пацвярджэнні таму, што ў адплату за «палітычную пазіцыю» зняволеных у ПК-4 сапраўды часам утрымліваюць у катавальных умовах і ствараюць для іх невыносныя ўмовы адбывання «пакарання»», – адзначыў сузаснавальнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі Сяргей Усцінаў.

У прыватнасці, ён назваў наступныя метады ўціску: блакіроўка перапіскі, спатканняў з роднымі, перадачаў ад іх, прыпіскі парушэнняў, перавод у ШІЗА і ПКТ, забарона ўнутранай камунікацыі з «палітычнымі», неаказанне меддапамогі, пагрозы, прымус да памілавання і прэсінг.


Умовы працы: жанчына ўпрагаецца як кабыла ў плуг

«Што мяне найбольш уразіла – умовы працы жанчын і колькасць гэтай працы. Жанчыны не атрымлівалі вызваленне ад працы на фабрыцы нават па стане здароўя, калі медычны супрацоўнік даў даведку, што рэкамендуецца абмежаваць працу, – распавяла юрыстка міжнароднага камітэту па расследаванні катаванняў у Беларусі Алена. – Жанчыны, нягледзячы на боль, вымушаныя працаваць».

Але акрамя працы на фабрыцы, паводле яе, «там шмат гаспадарчых функцыяў, да якіх прыцягваюцца жанчыны – дзяжурствы, прыборка снегу, жанчыны пераносяць мяшкі з гароднінай, чысцяць мяхамі бульбу, цыбулю».

Юрыстка таксама распавяла, што зняволеных выкарыстоўваюць для расчысткі прасторы паміж платамі: «Жанчына фактычна ўпрагаецца як кабыла ў прыладу, якая нагадвае плуг, і цягне яе. Гэта робіцца для ўзрыхлення глебы, каб было бачна, калі там з’явяцца сляды». І гэта робіцца, хаця, «відавочна, што зняволеным забаронены ўваход на гэтую тэрыторыю».

Яна апісвае: «Жанчыны вымушаныя ў спадніцы-алоўку чысціць снег. Гэта немагчыма, у гэтай спадніцы немагчыма хадзіць, не кажучы ўжо, каб выконваць цяжкую фізічную працу».

Усцінаў дадае, што калі няма працы як такой, то зняволеных як пакаранне прымушаюць хадзіць вакол барака са скрынямі.


Гігіена: мыцца можна адзін раз у тыдзень

«Нармальна памыцца жанчыны могуць адзін раз у тыдзень. Асабліва пасля таго, як жанчына насіла мяхі з бульбай, яна пакрываецца пылам, ёй трэба памыцца, памыць адзенне, але яна не мае такой магчымасці. Жанчына мусіць увесь дзень быць у той жа вопратцы, якую абвясцілі на пачатку дня, у незалежнасці ад забруджванняў, а за забруджванні яна можа атрымаць пакаранне», – дадала Алена.

Эксперт дадала, што ўмоваў для сушкі адзення няма, «жанчыны часам апынаюцца на марозе ў мокрай вопратцы, што спрыяе развіццю шэрагу захворванняў».

«Гэта не жыццё, гэта існаванне. Бясконцая праца, бясконцыя абавязкі, бясконцая небяспека быць прыцягнутай да адказнасці, атрымаць не толькі ШІЗА, але і пакаранне за «непадпарадкаванне адміністрацыі» па артыкуле 411», перакананая юрыст. Яна падкрэслівае, што палітзняволеных і любых іншых зняволеных нельга ўтрымліваць.


Пакаранні: у тым ліку за салідарнасць

«Пераследуецца адміністрацыяй і жорстка караецца салідарнасць паміж зняволенымі, напрыклад, калі жанчына дала пракладку, гарбату іншай жанчыне. Гэта можа трактавацца як парушэнне, і карацца», – зазначае Сяргей Усцінаў.


Самыя вядомыя палітзняволеныя «знаходзяцца ў прэс-атрадах»

«У гэтых атрадах колькасць палітзняволеных невялікая, але шмат зняволеных, якія працуюць на адміністрацыю», – адзначаюць даследчыкі.

Тыя, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй, нават з блакнотамі маглі хадзіць і запісваць кожны крок палітзняволеных і пасля дакладаць. Акрамя таго, над такімі палітзняволенымі здзяйсняюць асаблівы кантроль аператыўныя супрацоўнікі, у функцыі якіх уваходзіць прэсінг.

«Калі змяшчаюць палітзняволеных у прэс-атрады, там вельмі моцны псіхалагічны ціск. На палітвязняў крычаць: вы – здраднікі радзімы, вас трэба расстраляць! Жанчыны не вытрымліваюць гэтага», – патлумачыў Усцінаў.

Даследчыкі таксама згадзіліся, што ў калоніі ёсць людзі з неадэкватнымі паводзінамі, ходзяць за палітзняволенымі, кажуць незразумелыя рэчы, «гэта стварае атмасферу жаху», праз іх палітзняволеныя ў тым ліку баяцца за сваё жыццё. «Такіх людзей стала выкарыстоўвае для дадатковага ціску», – падкрэсліла Алена.

Тыя палітзняволеныя, лёс якіх выклікае найбольшыя засцярогі, знаходзяцца ў максімальнай ізаляцыі. Стасункі з імі забароненыя, за гэта караюць. Шмат каго бясконца ўтрымліваюць у штрафным ізалятары (ШІЗА), чаргуючы яго з ПКТ (памяшканнямі камернага тыпу). Усё дзеля таго, каб немагчыма была даведацца пра іх стан. Менавіта так адбываецца з Марыяй Калеснікавай, ёсць інфармацыя пра тое, што яе здароўе пагоршылася.

У цэлым даследчыкі адзначылі змены ўмоваў, якія можна аднесці да пагаршэння. Жанчынам, якія стаяць на ўліку, паступова забаранілі наведванне клубаў, царквы, любых мерапрыемстваў для баўлення вольнага часу, спартовай залы. Акрамя таго, пасля пачатку вайны, забаранілі перапіску з усімі, акрамя блізкіх сваякоў.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png