Вярбоўка на вайну, рабства, кепскія ўмовы працы. Як гамяльчане знікаюць у Расіі

Пошукавы атрад «Сімуран» рэгулярна паведамляе пра новых зніклых у Расіі жыхароў Гомельскай вобласці, некаторых з іх находзяць даволі хутка, астатнія «завісаюць» у базах на доўгі час. «Штодзень» паглядзеў статыстыку атрада і міністэрства ўнутраных справаў і ацаніў рызыкі для беларусаў у суседняй краіне.

Нагадаем, што працэс росшуку пачынаецца са звароту з заявай пра знікненне чалавека да сілавікоў, а таксама можна прасіць дапамогі ў пошукавым атрадзе.

Ілюстрацыйнае фота

 

«Сімуран»: у чэрвені новых пяць заявак, але некаторых ужо знайшлі

Знайшлі ў чэрвені

Дзяніс Самойлаў (Мазыр), 10 чэрвеня перастаў выходзіць на сувязь у Курску (РФ), 13 чэрвеня знайшлі.

Павел Літошык (Калінкавічы), з’ехаў на заробкі ў Расію 14 студзеня і не выходзіў на сувязь, 13 чэрвеня знайшлі.

Павел Навуменка (Гомель), з’ехаў у Маскву 1 чэрвеня, 14 чэрвеня знайшлі.

Андрэй Зіновенка (Калінкавічы) з’ехаў на працу ў лютым, 3 чэрвеня знайшлі.

Сяргей Кужэлка з Калінкавіцкага раёну паехаў на працу у Маскву і знік 30 траўня, знайшлі 3 чэрвеня.


Новыя заяўкі ў чэрвені, людзей пакуль не знайшлі

 

Дзмітрый Тарасевіч з Калінкавіцкага раёну, 26 траўня паехаў у Санкт-Пецярбург.

Аляксандр Даўжэнак з Гомеля паехаў у той жа Санкт-Пецярбург 2 чэрвеня.

З пачатку года новых заявак было 27, абсалютную большасць людзей (20) за гэты час знайшлі.

З кастрычніка 2023 года сваякі шукалі Васіля Ляхава, які з’ехаў на працу ў РФ яшчэ ў 2001 годзе. У канцы траўня атрад паведаміў, што ён загінуў. У красавіку 2024 шукалі Сяргея Рабака з Калінкавічаў, які з’ехаў у РФ у 2008 годзе. Стала вядома, што ён таксама загінуў.

Пошук МУС

 

Усяго ў публічна даступнай базе зніклых без звестак людзей Міністэрства ўнутраных справаў у Беларусі – больш за 1100 прозвішчаў. З Гомельскай вобласці з іх каля 150 чалавек. Прыкладна палова з тых, каго шукаюць – а некаторых амаль 30 год – зніклі ў Расіі.

Напрыклад, Мікалая Русакова шукаюць з 1995 года. Аляксандр Какора, Вячаслаў Бык і Ігар Сучок з’ехалі ў Расію на працу яшчэ ў 2000 годзе, Уладзімір Курнабаліеў – у 2002 годзе, Аляксандр Буцэнка ў 2004-м.

Алена Лузанава і Анатоль Укражанка – у 2005, Аляксандр Манько не выходзіць на сувязь з 2006-га. Канстанцін Камандзірчык, Мікалай Змушка і Сяргей Жураў зніклі ў 2007, Генадзь Лагодзіч, Аляксандр Бястужаў і Міхаіл Несцераў – у 2010, Сяргей Маркаў – у 2011, Генадзь Грыб – у 2013, Уладзімір Запара і Віктар Варанчукоў – у 2014.

Агулам у Расіі з базы зніклых без звестак – мінімум 70 жыхароў Гомельскай вобласці (гэта тыя, пра каго дакладна вядома, што яны з’ехалі менавіта ў гэтую краіну і іх шукаюць да гэтага часу).

Адзначым, што ўжо праз год пасля знікнення чалавека можна прызнаць праз суд без звестак зніклым, а праз тры – памерлым (калі пры абставінах, пры якіх можна падазраваць яго смерць – праз шэсць месяцаў). Пры гэтым вайсковец ці чалавек, які знік пры ваенных дзеяннях (гэты пункт зноў, на жаль, актуальны, улічваючы вайну ва Украіне), беларускім судом можа быць прызнаным памерлым толькі праз два гады пасля іх сканчэння.

Рызыкі Расіі

 

Нават, калі беларус не засвечаны ў «палітычных справах», па якіх Расія ахвотна выдае людзей рэжыму ў Беларусь, і калі справа не дайшла да забойства, усё роўна знаходжанне ў Расіі не выключае рызыкі для беларусаў. У выніку спіс зніклых можа павялічыцца.

Вярбоўка на вайну

 

З 24 лютага Расія пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі вядзе вайну ва Украіне. Пры гэтым згубы людзей там у краіны-агрэсара вельмі вялікія. Так, па звестках НАТО, у траўні яны дасягнулі 1000 чалавек у дзень, пры гэтым краіна ў сярэднім наймала па 10 тысячаў чалавек у дзень (каля 30 тысяч чалавек у месяц).

Нескладана ацаніць, наколькі Расія зацікаўленая ў «новай крыві» для «мясных штурмаў». Незалежныя расійскія медыя паведамляюць, што іх «сістэма набору вайскоўцаў на фронт перастае працаваць, а недахоп вайскоўцаў можа прывесці да новай мабілізацыі». У нашым выпадку – павелічэння хвалі вярбоўкі.

Беларускія войскі не ўдзельнічаюць у вайне, але з Украіны раз-пораз прыходзяць звесткі пра смерць беларусаў, якія самастойна завербаваліся і падпісалі кантакт з расійскай арміяй (у тым ліку былых беларускіх сілавікоў).

Як паведамлялі раней прадстаўнікі беларускай апазіцыі, вярбоўка вядзецца практычна з лютага 2022 года, але без асаблівага поспеху. З канца траўня рэклама падпісання кантракту і ўдзелу ў вайне менавіта для беларускіх карыстальнікаў з’явілася ў сетцы «Вконтакте».

Рэкламная старонка названая «Служба па кантракце», у якасці лога выкарыстаны афіцыйны беларускі герб. Тэкст паведамлення змяшчае заклік: «Ты з Беларусі? Дапамажы суседзям у барацьбе з супернікам!»

Трэба таксама адзначыць, што для таго, каб патрапіць на вайну з боку Расіі не патрабуецца практычна нічога акрамя пашпарту і законнага знаходжання ў іх краіне.

Цяжка ацаніць, колькі беларусаў былі зацікаўленыя такой прапановай, але ўлічваючы невысокую падтрымку самой вайны, наўрад, ці колькасць была высокай. Рызыкі смерці для завербаваных – вельмі высокія, акрамя таго, у Беларусі існуе артыкул за найміцтва і ўдзел у ваенных дзеяннях у іншай краіне (санкцыі да 15 год пазбаўлення волі).


Рабства

 

Такая з’ява як рабства працягвае існаваць у Расіі. Асноўная схема складаецца ў тым, што ў чалавека забіраюць дакументы і пад пагрозамі прымушаюць выконваць працу за ежу, а часам і практычна без яе.

Адна з апошніх гісторыяў (красавік гэтага года) пра шасцёх беларусаў, у якіх «уцякачка з Украіны» ў Падмаскоўі забрала пашпарты і прымушала жабраваць пад пагрозай збіцця. Іх кармілі, але сабраныя грошы і прадукты адбіралі. Пра пабег мужчыны не думалі, бо не ведалі, дзе дакументы. Без іх у Расіі нават квіток на цягнік набыць немагчыма.

Адзін з іх Віктар, мужчына з інваліднасцю, у Беларусі ў яго нікога не засталося. Ці шукаў нехта іншых беларусаў – невядома.

У траўні стала вядома, што жанчыну, якая прымушала беларусаў да жабрацтва і біла, затрымалі. Адзін з былых рабоў распавёў, што яна яму казала, што набыла яго за 60 тысячаў расійскіх рублёў (больш за 2200 беларускіх / больш за 600 еўра).

У лютым з рабства вызвалілі Вадзіма Жалезкага, якога прымушалі працаваць на ферме. Яму не плацілі грошаў, а за правіны жорстка білі.

У 2023 годзе вызвалілі з рабства гамяльчанніна Уладзіміра Кліўніка. Ён працаваў на будоўлі, пасля сабраўся з’язджаць у Беларусь, але так туды і не даехаў. Ён знайшоўся ў «працоўным доме».

На працу жыхароў такога дома, паводле сястры Кліўніка Наталлі, вывозілі куратары, а калі былі спробы пабегаў – жорстка збівалі. Выратаваць яго атрымалася пасля таго, як ён змог звязацца з сястрой. Паводле яе, Кліўнік прабыў у рабстве некалькі месяцаў, ёй дапамаглі сувязі ў расійскім МУС. А вось беларускія сілавікі не давалі ёй ніякай інфармацыі, і невядома ці вялі хоць якія росшукі.

Асобная сітуацыя з цаглянымі заводамі ў Дагестане (РФ). Гісторыяў пра вызваленых рабоў адтуль было шмат, але расійскія ўлады, падобна што, не зацікаўленыя ў спыненні сістэмнай практыкі.

Большасць выпадкаў пачыналася ў буйных гарадах, найчасцей у Маскве. Людзям абяцалі працу, але па выніку вывозілі ў Дагестан. Там забіралі грошы, пашпарты, прымушалі працаваць без выходных, у выпадку спробаў адстойваць свае правы – збівалі.

У студзені адтуль змог збегчы беларус Дзімтрый. У канцы траўня «Альтэрнатыва» распавяла гісторыю яшчэ аднаго нашага суайчынніка Станіслава Жукава. Ён таксама змог збегчы з завода (з другога разу), але яго збіла машына. У выніку спатрэбілася шматмесячнае лячэнне. Адну нагу Станіславу ўрачы аднялі. Але цяпер, дзякуючы валанцёрам, ён змог вярнуцца дадому ў Беларусь.

Усходняя суседка Беларусі – Расія – на сёння месца, дзе праца можа быць не толькі неаплачаная, але і смяротна небяспечнай. Пры гэтым, жыхарам нашага рэгіёну пры патрэбе даступныя магчымасці заробкаў у суседнім з Беларуссю Еўразвязе, дзе ўмовы працы прынцыпова адрозніваюцца ў лепшы бок.

Штодзень

Related posts

Шапачкі з фольгі, Гагарын і фотазона з «касманаўткай Васілеўскай»: ЗЛіН на турыстычным злёце пабудаваў паноптыкум

Да 4000 рублёў штрафу за знаходжанне ў памежнай зоне без пашпарту

Украінка з’ехала ў квітнеючую Беларусь, дзе яе цяпер судзяць за раскраданне і службовы падлог