Вядомыя хіты па-беларуску і пад гуслі. І крыху Гомеля

Фрэдзі Мерк’юры, Озі Озбарн, Віктар Цой і знакамітыя “Песняры”, а можа песня пра Гомель? Сусветныя і айчынныя хіты па-беларуску ды яшчэ пад гуслі прапануе майстар-гусляр Алесь Чумакоў.

Мова Гомель дазналася, як прыйшла ідэя спалучыць традыцыйны народны інструмент і сучасную музыку, і ці лёгка навучыцца граць на гуслях.

Алесь Чумакоў

 

Раскажыце, калі ласка, калі пачалася ваша прыгода з гуслямі?

– Прыгода з гуслямі пачалася ў знакавым будынку Рэвалюцыйная, 15 у Мінску. Мы прыйшлі на сустрэчу, каб пайграць у адным вядомым гурце. Там прафесійныя музыкі сабраліся, гітарыст, флейтыстка, барабаншчык, якія сказалі, што будзем на сваіх інструментах граць. А ў лідара гурта была велізарная калекцыя іншых інструментаў: мандаліна, колавая ліра, гуслі. Адпаведна ўсё гэта дасталася мне, а мне цікава было вучыцца на гэтым граць. Я – музыка-аматар, музычная адукацыя ў мяне не скончаная, я закінуў музычную школу па скрыпцы ў свой час. Напэўна таму ў мяне былі развязаныя рукі, я не быў прыкаваным да аднаго тыпу інструментаў, мне ўвогуле цікава засвойваць ўсё, што да мяне трапляе. У мяне зараз велізарная калекцыя інструментаў дома, яны развешаныя па сценах, няма нават вольнага кавалку. Банджо, дуды розных краін, струнныя інструменты. Але тады ўпершыню гуслі для мяне патрапілі. І гэта быў у добрым сэнсе шок: наколькі ў гэтым нібыта простым кавалку дрэва ўсё прадумана. У мяне інжынерная адукацыя і я проста звар’яцеў, як гэта ўсё разумна, як гэта гучыць “выкшталцона”, і як гэта проста. Гуслі спадабаліся і я падумаў, што хачу граць на гэтым інструменце.

Гэта быў 2002 год. Раней Алесь шмат паездзіў па розных фестывалях аўтарскай песні з гітарай. Кажа, што выцягнуў з гітары “усё, што мог”:

– Я ездзіў, і кожны раз спрабаваў прывезці на гэтыя фестывалі з гітарай штосьці іншае, нейкае іншае гучанне. І ўсё як не спрабуеш, усё роўна “блатны” гэты ля-мінор тырчыць. І б’е гітара, агрэсіўная вельмі ў яе атака, кіслотная. Хочацца штосьці такое мілагучнае, і гуслі былі адказам на гэтае пытанне: вось, я гэта шукаў.

 

 

З таго часу Алесь Чумакоў пачаў думаць, як навучыцца граць на гуслях, адпаведна быў патрэбны ўласны інструмент. А дзе яго ўзяць? Адказ просты: зрабіць самому. З 2002 года па 2013 ён зрабіў можа каля паўсотні гусляў, але ўсе прадаваў:

– Я быў малады спецыяліст, у жыцці не ўладкаваны, грошай не было, мне пасля канцэрту прапаноўваюць набыць, я кажу, ну забірайце. У 2013 годзе я ўжо “жалезна” адразу зрабіў некалькі гусляў пра запас і вырашыў, што ўсё, гэта мае інструменты, іх не прадам.

Струны былі на гуслях залатыя

ГУСЛІ, І ЦІ ЛЁГКА НА ІХ НАВУЧЫЦЦА ГРАЦЬ

На сёння Алесь Чумакоў працягвае займацца вырабам гусляў і прымае замовы. Кажа, што навучыцца граць на гуслях даволі лёгка, там 11 струн і 11 нот, браць заняткі можна таксама ў яго. Дарэчы, у мінулым годзе у Алеся быў пажар у доме пад Мінскам, у выніку згарэла ўся майстэрня. Таму цяпер выступы, у тым ліку канцэртны тур па гарадах Польшчы, гэта спосаб зарабіць на далейшы рамонт.

Набываюць жа гуслі музыкі, тыя, хто цікавіцца музычнымі інструментамі, тыя, хто цікавіцца старадаўняй музыкай, хто хоча дома памузыкаваць.

Гуслі маюць паўтары тысячы гадоў гісторыі!

– Ускосныя згадкі пра гуслі адносяцца да 6 стагоддзя, а першыя археалагічныя знаходкі – з канца 10 стагоддзя. Я смела кажу, што гэта адзін з першых прафесійных інструментаў на нашых землях, тое, на чым не сорамна было для князя пайграць. Струны былі на гуслях залатыя, і гэта не эпітэт, сапраўды са сплаву з вялікім працэнтам золата. Гэта археолагамі знойдзена, і даказана, што струны з золата гучаць таксама, а нават і лепей, за сённяшнія сталёвыя, з нержавеючай сталі. Рабілі  звычайна з клёну, вольхі, елкі, дуба, ліпы – гэта традыцыйныя гатункі дрэваў для гусляў. Таму калі ў фальклоры згадваецца нешта кляновае, яваровае, то гэта сто працэнтаў пра гуслі.

 

 

Што цікава, гуслі ўзніклі ў раннім сярэднявеччы, і было гэта звязана з росквітам “ювеліркі”. Гуслі рабілі там, дзе маглі выцягнуць металічныя струны. Розныя конскія валасы, кішкі, медныя струны з’яўляюцца пазней і звязаныя з заняпадам інструмента. Бліжэй да 20-га стагоддзя, калі з’явіўся доступ да сталёвых струн, гуслі ўжо не заспелі гэтага і занікаюць.

– У нас у Пінску, Тураве, Мазыры да спалення, Гомелі, Віцебску, Гродна, Полацку можна шукаць гуслі, яны там павінны быць, таксама ў Старым Мінску. Апошнія двое гусляў нашых – на іх медныя струны, музыканты на іх не паспелі паставіць сталёвыя. Калі б музыканты нашы вясковыя заспелі сталёвыя струны, то традыцыя не перарывалася б.

АЛЬБОМ “ЛЕТУЦЕННІК”

Толькі ў красавіку ў Мінску Алесь Чумакоў прадставіў свой новы альбом пад назвай “Летуценнік”, з якім цяпер выправіўся ў гастрольны тур. Гэта два дзясяткі песень у перакладах сяброў-паэтаў Сержука Сокалава-Воюша і Макса Шчура.

– Рэпертуар каля вогнішча беларускамоўны скончваўся на песні дзясятай, спяваць хацелася, а няма што. І калі Сяржук Сокалаў-Воюш зрабіў пераклад “Песняроў” першы, у мяне проста адлягло. Гэта ж сотні песень, якія я магу ўзяць і заспяваць па-беларуску, калі ёсць такія сябры-перакладчыкі. З’явіўся Сяржук, Макс, і панеслася. Яны зрабілі шмат-шмат цудоўных перакладаў. Я не паспяваю спяваць усё, што яны дасылаюць. Ужо можна асобную праграму па Цою зрабіць. Цалкам сабралася праграма песень пасляваенных, але яны чакаюць лепшых часоў, і гэтыя песні варта будзе паказаць. Творчых планаў багата. Булата Акуджавы, Уладзіміра Высоцкага шмат перакладаў, гэта таксама вырасце ў канцэртныя праграмы. У мяне цяпер ёсць час займацца запісамі. У год будзе па дзве, тры, чатыры выходзіць праграмы.

ЯК ПРАЗ УВЕСЬ СВЕТ НАСІЦЬ У СЭРЦЫ ГОМЕЛЬ

У альбоме “Летуценнік” знайшлося месца і для перакладу Сержука Сокалава-Воюша з польскай мовы песні “Мой любы Гомель”.

У 1927 годзе ў Парыжы падчас эміграцыі Ілля Эрэнбург піша кнігу “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванца”.  Незадоўга да ад’езду пісьменнік наведваў Гомель, вынікам чаго і стаў раман пра бурлівае жыццё Ройтшванеца, краўца з Гомеля, які ўвесь час трапляе ў абсурдныя сітуацыі і, знаходзячыся ў розных краінах, прызнаецца ў любові да свайго роднага горада. Дзякуючы Лазіку, Еўропа даведалася пра Гомель, а самога Лазіка часта называлі “яўрэйскім Швейкам”.

Алесь Чумакоў запрашае ўсіх, хто цікавіцца яго творчасцю, а таксама гуслямі, наведваць яго старонку на youtube – gusliby. Дарэчы, там з’яўляюцца і поўныя запісы з выступаў музыканта.

“Як толькі вы трошачкі паспрабуеце пайграць на гуслях, то ўжо пачнеце задумвацца пра сваю музычную кар’еру гусляра”, – абяцае Алесь.

Мова Гомель адмыслова для Штодзень

Related posts

Сем фактаў пра веткаўскага краязнаўцу Аляксандра Нікіціна, якога асудзілі да калоніі за пратэсты

“Гомель – гэта маленькі Парыж”. Песні пра Гомель, якія вы маглі не ведаць

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры