Колькі ўсяго ветэранаў на Гомельшчыне сёння святкуюць Дзень Перамогі, дакладна невядома. Раней Мінпрацы выдаваў штоквартальныя статыстычныя дадзеныя аб колькасці ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, але пасля пачатку пандэміі падлік пачалі праводзіць усяго адзін раз на год. Мы ўважліва пачыталі сайт Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама, але яны афіцыйных лічбаў аб колькасці ветэранаў на Гомельшчыне напярэдадні свята таксама не назвалі.
Апошнім часам на гэтую тэму выказвалася толькі намесніца міністра працы і сацыяльнай бяспекі Марына Арцёменка. 4 траўня яна паведаміла БелТА, што ў Беларусі пражывае каля 1,5 тысяч ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і каля 8,5 тысяч грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны (у асноўным гэта былыя вязні канцлагераў). Вядома таксама, што большая частка ветэранаў пражывае ў Мінску і Мінскім рэгіёне.
Нагадаем, па беларускім законе, ветэранамі ВАВ з’яўляюцца тыя асобы, якія “прымалі ўдзел у баевых дзеяннях па абароне Айчыны або ў забеспячэнні ваенных частак дзеючай арміі ў раёнах баевых дзеянняў, а таксама асобы, узнагароджаныя ордэнамі або медалямі СССР за самааданую працу і бездакорную ваенную службу ў тыле ў гады ВАВ”.
“Штодзень” паспрабаваў падлічыць хаця б прыкладную колькасць жывых ветэранаў на Гомельшчыне. Паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, наймалодшаму ўдзельніку ВАВ у Беларусі сёння 96 гадоў. Найстарэйшаму на Гомельшчыне – 108 год. Гэта значыць сярэдні ўзрост жывых ветэранаў сёння-прыкладна 102 гады.
Мяркуючы па апошніх дадзеных, якія былі апублікаваныя ў верасні 2022 года, стогадовы рубеж у Гомельскай вобласці пераадолелі 43 чалавекі. З іх 40 жанчын і 3 мужчыны. Усяго ж колькасць доўгажыхароў, а імі лічацца тыя, хто перасягнуў 90-гадовую ўзроставую мяжу, у рэгіёне перавышае 6 тыс.чалавек.
Гэта значыць, што акрамя некалькіх дзясяткаў удзельнікаў вайны, на Гомельшчыне пражывае яшчэ некалькі тысяч чалавек, якія ў ваенныя гады былі дзецьмі і падлеткамі.
Акрамя выплат ад 860 да 2000 рублёў для пацярпелых ад наступстваў вайны і ветэранаў вайны адпаведна, Міністэрства працы і сацбяспекі падарыла ім да свята рэканструкцыю Азарыцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў.