Васільеўскі, Узвіжанскі і Троіцкі: кірмашы ў гісторыі Гомеля

Традыцыя кірмашоў на нашых землях надзвычай багатая. Кірмашы маглі цягнуцца нават да двух тыдняў, і ў нашых продкаў былі звычайна прымеркаваныя да рэлігійных святаў, ад якіх і атрымлівалі сваю назву.

ЯКІЯ КІРМАШЫ ПРАВОДЗІЛІ Ў ГОМЕЛІ?

Так, у гісторыі Гомеля ў канцы XVIII – першай палове ХІХ стагоддзяў вядомыя тры кірмашы. Найстарэйшы і самы багаты – гэта Троіцкі, які праходзіў у траўні і доўжыўся цэлы тыдзень, вядома пра яго яшчэ з пачатку 1840-х гадоў. З канца 19 стагоддзя праводзілі яшчэ два перыядычныя кірмашы: у пачатку студзеня Васільеўскі і ў сярэдзіне верасня – Узвіжанскі. Троіцкі кірмаш быў адным з самых вялікіх па абаротах. Так, у 1842 годзе на яго прыехалі каля 14 тысяч чалавек, а на Васільеўскі кірмаш – каля 8 тысяч.

У сярэдзіне XIX стагоддзя тры штогадовыя гомельскія кірмашы прадавалі тавараў на велізарныя па тых часах грошы — болей чым на мільён рублёў. Хоць трэба зазначыць, што самымі багатымі былі Ганненскія кірмашы (у гонар святой Ганны) у мястэчку Зэльва на Гарадзеншчыне, якія доўжыліся амаль месяц і, кажуць гісторыкі, саступалі толькі лейпцыгскім у Нямеччыне. У лепшыя часы на Ганненскі кірмаш прывозілі тавараў на 2-3 мільёны рублёў.

НЯМА Ў КРАМЕ – ЁСЦЬ НА КІРМАШЫ

Як піша Вячаслаў Швед у артыкуле на “Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны”, на Гомельскія кірмашы прыязджалі купцы з Масквы, Тулы, Пецярбурга, Рыгі, Кіева, Ніжняга Ноўгарада, Варшавы, Лодзі і іншых гарадоў. З Расіі прывозілі шарсцяныя, баваўняныя, ільняныя, шаўковыя тканіны, футра, збожжа, скуры, металы і металічныя вырабы, шкло, рыбу, мыла, цукар. З Захаду прывозілі перац, шафран, тытунь, карыцу, валоскі гарэх, а з Украіны — коней і іншую жывёлу. Гомельскія кірмашы ўваходзілі ў спіс 124 найбуйнейшых  кірмашоў Расійскай імперыі.

У ГОМЕЛІ ПРАДАВАЛІ КОНЕЙ І…  КРАЛІ КОНЕЙ

На некаторых кірмашах гандлявалі пераважна нейкім адным таварам. Да прыкладу, Мазыр славіўся продажам свойскай жывёлы, а Гомель – продажам коней. У 1842 годзе на ўсе тры Гомельскія кірмашы прыгналі коней на 45 тысяч рублёў. Але меў Гомель таксама разам з Зэльвай і Мірам і сумную славу цэнтру канакрадства. Хоць галоўнае гняздо конскіх злодзеяў было ў Міры.

Гандлёвыя рады на Базарнай плошчы

У той час Гомель мясціўся ў Бялыніцкім уездзе, дзе стаў галоўным перавалачным пунктам паміж Беларуссю і Украінай, буйным гандлёвым цэнтрам паўднёва-усходняй часткі Беларусі. У той час, як Гомель паступова станавіўся цэнтрам рэгіянальнага гандлю, адначасна зніжалася роля ўезнага горада Беліцы, а ў 1852 годзе Гомель сам стаў уезным горадам.

КІРМАШЫ БЫЛІ НЕ ТОЛЬКІ Ў ГОМЕЛІ

Пералічыць усе кірмашы, якія існавалі ў мястэчках і гарадах на тэрыторыі сучаснай Гомельшчыны, не так і проста. Назавём прынамсі некаторыя з іх. У Беліцкім уездзе ў мястэчку Ветка праводзілі два кірмашы: Сырны ў сакавіку і Спаскі ў жніўні. У  мястэчку Хальч таксама два: Пятроўскі ў ліпені і Міхайлаўскі ў лістападзе. У Рэчыцкім уездзе па два кірмашы праходзіла ў Брагіне і Хойніках, а ў мястэчках Рагачоўскага ўезду існавала ажно 13 кірмашоў!

А ЧЫМ ЯШЧЭ ЗАЙМАЛІСЯ НА КІРМАШАХ?

Кірмашы на пэўны час станавіліся цэнтрам жыцця горада або мястэчка. Тут сустракаліся, сварыліся, мірыліся, знаёміліся, бавілі час. Для габрэйскай супольнасці кірмаш быў яшчэ і месцам, дзе дамаўляліся наконт сватаўства, а таксама набіралі вучняў у Ешывы – вышэйшыя рэлігійныя навучальныя ўстановы.

ГАНДЛЁВЫЯ ШЭРАГІ НА МАПЕ ГОМЕЛЯ

Гандлёвым цэнтрам Гомеля ў тыя часы была Базарная плошча – гэта раён сучаснай плошчы Леніна і прылеглыя тэрыторыі. Там праходзілі і кірмашы, там знаходзіўся і Гасціны двор. Праўда, у ноч з 13 на 14 траўня 1865 года падчас Троіцкага кірмашу здарыўся вялікі пажар, у выніку чаго згарэў Гасціны двор, пабудаваны яшчэ пры Румянцавых, і гандлёвыя шэрагі. У выніку гандлёвы комплекс быў перабудаваны. Паглядзіце, як выглядаюць гандлёвыя шэрагі ў калажы гісторыка Юрыя Панкова.

Гандлёвыя шэрагі мясціліся на тым месцы, дзе сёння знаходзіцца сквер Кірылы Тураўскага і абласны драматычны тэатр. Яны былі зруйнаваныя падчас Другой Сусветнай вайны.

Мова Гомель адмыслова для Штодзень.

Фота: vk.com/stary_homel, nashkraj.info

Крыніцы: Соркіна Іна “Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст.”; nashkraj.info – краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны; адкрытыя крыніцы.

 

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі

У турму за музыку: год, як рагачоўскаму Tor Band прысудзілі вялізныя тэрміны за іх творчасць