Карыстальніца ТыкТок натхнілася ролікамі пра высокатэхналагічны сквер у Гомелі і прыехала пабачыць яго на ўласныя вочы. Але на месцы яе чакала расчараванне.
Сквер ім. У. Белага ў Гомелі быў рэканструяваны ў 2019 годзе на падставе праекта, распрацаванага студэнтамі БелДУТа. Тут з’явіліся лавы, дзе можна зарадзіць гаджэты, арэлі, што свецяцца ноччу і іншыя цікавыя аб’екты.
Не дзіўна, што ўнікальная для Беларусі пляцоўка з інстаграмнымі арт-аб’ектамі хутка прыцягнула ўвагу аматараў сацсетак. Але прыгажосць і тэхналогіі не цешылі гомельцаў доўга. Алена, што прыехала ў Гомель, каб пабачыць цікавостку, з сумам адзначыла, што сонечныя панэлі на лавах не даюць магчымасці падключыць свой гаджэт, бо разеткі вырваныя. Ад арэляў з падсветкай засталіся толькі металічныя апоры. Алена папрасіла мясцовых жыхароў распавесці, што здарылася. Усе каментатары сышліся на тым, што ў гэтым вінныя вандалы, якія ўсё паламалі.
Відэа @елена.любит.путешествия
Праблема вандалаў – гэта агульна чалавечая праблема, што існуе ва ўсіх гарадах свету. Але падыход да вырашэння праблемы можа быць розным. Асноўных методык барацьбы з гэтай зявай дзве.
Па-першае, рэчы павінны быць антывандальнымі. Часам для гэтага дастаткова рабіць іх з якасных трывалых матэрыялаў, каб яны не ламаліся ад звычайнага выкарыстання. Не вядома, ці выдраў хто разеткі з гомельскіх лаў свядома, ці яны проста вываліся самі па сабе, бо імі актыўна карысталіся па прызначэнні. Ці арэлі мэтанакіравана былі пашкоджаны якімі хуліганамі, ці зламаліся ад звычайнага гушкання? Нельга зрабіць якасную рэч с чагосьці самага таннага. Трэба памятаць, што вулічныя аб’екты – гэта ў першую чаргу ўтылітарныя рэчы, якімі будуць карыстацца, а не толькі рабіць прыгожыя сэлфі.
Каб прадухіліць наўмысную шкоду, часам варта прадугледзець незвычайныя рашэнні. Напрыклад, у Германіі, дзе шмат аматараў піва, якім цяжка дайсці да прыбіральні, стварылі антывандальную фарбу для сцен. Калі на такую сцяну трапляе вадкасць, яна адскоквае назад, у тым кірунку, адкуль прыйшла.

Шыльда ў Гамбургу. Фота: www.wz.de
Другі шлях, якім можна скарыстацца, – гэта сучасныя тэхналогіі. Паменшыць колькасць вандалаў цяжка, але адсачыць іх дзеянні пры дапамозе відэаназірання і прымусіць кампенсаваць шкоду – цалкам рэальна. Колькасць відэакамер у Гомелі і Беларусі ў цэлым стала павялічваецца. Але паколькі выкарыстоўваюцца яны часта пераважна для таго, каб выкрываць грамадзян, нелаяльных уладзе, шмат фактаў псавання гарадской маёмасці ці пакідання рэкламы наркагандлю застаюцца без раскрыцця злачынства, на гэта сіл і часу не хапае.